Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Правіла Караткевіча, або Сучасная палітычная міфатворчасць

«Разуменне — гэта таксама дзеянне, прычым больш істотнае, чым удзел у тых ці іншых прамых грамадзянскіх акцыях».

Пачну з цытаты, запазычанай у экс-кіраўніка Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча: «У нас цудоўная краіна, ёсць чым ганарыцца. І вось далей працуе правіла Караткевіча: краіна — выдатная, а начальства — паганае».

Такі погляд на крыніцу беларускіх праблем не можа не радаваць. Па-першае, таму што ў чорна-белай карціне свету, прадстаўленай зубрам беларускай палітыкі, большасць чытачоў НЧ наўрад ці суаднясе сябе з «паганым начальствам». Іншая справа — пачуццё прыналежнасці да «цудоўнай краіны»! Колькі тут можна адшукаць падстаў для пазітыўных эмоцый! Па-другое, максімальна спрошчаная карціна свету дапамагае знайсці адзіна правільнае выйсце з сітуацыі, якая склалася. І выйсце гэта палягае ў замене «паганых» начальнікаў на «непаганых».

Аднак рэалізацыя простых рашэнняў часам сутыкаецца з нечаканымі перашкодамі. Як тут ні прыгадаць гісторыю пра мышэй, ката і званочак. У тэорыі ўсё проста: праблема бяспекі мышэй можа быць вырашана шляхам замацавання званочка на шыі драпежніка. Аднак рэалізаваць гэту тэорыю на практыцы яшчэ ніводнай мышы не ўдалося.

На жаль, як справядліва заўважыў Ліс з «Маленькага Прынца»: «Няма ў свеце дасканаласці», і таму радасць з нагоды «правіла Караткевіча» азмрочвае банальная ісціна, паводле якой кожны народ варты свайго кіраўніка.

«Супервырашала»

На сайце republic.ru я прачытаў выдатны артыкул расійскага эксперта Уладзіміра Кароўкіна «Адрамантуйце нам эканоміку». Прыводжу ключавую цытату: «У сямейных псіхатэрапеўтаў ёсць жаргонны выраз «адрамантуйце нам дзіця». Ён азначае папулярны запыт ад кліентаў: было добрае дзіця — і раптам «зламалася», пачало атрымліваць двойкі, грубіяніць, хлусіць, красці, паліць. Зрабіце яго зноў добрым, адрамантуйце. Дасведчаныя псіхатэрапеўты ненавідзяць такую просьбу. Таму што дзеці самі па сабе не могуць «зламацца». Істотнае змяненне паводзін дзіцяці — прыкмета глыбокіх праблем у сям'і, тут можа дапамагчы выключна сістэмнае лячэнне».

У XXI стагоддзі колькасць «тлустых» гадоў у найноўшай гісторыі Беларусі прыкметна перавысіла колькасць «худых». Для таго, каб у гэтым пераканацца, дастаткова зірнуць на гарадскія двары, пад завязку забітыя аўтамабілямі. Але ўжо трэці год запар даходы насельніцтва падаюць, сігналізуючы аб тым, што ў беларускай мадэлі штосьці «зламалася». На аптымізме ўрада негатыўная дынаміка даходаў пакуль ніяк не адбілася, і ў сваіх прагнозах кіраўніцтва працягвае закладваць рост асноўных макраэканамічных паказчыкаў.

Аднак спусцімся з урадавага ўзроўню на ўзровень шараговага жыхара «цудоўнай краіны», на якім вось ужо каторы месяц кіпяць пратэстныя жарсці. «Дэкрэт «аб дармаедах» — хутчэй нагода, чым прычына пратэстаў, — сцвярджае журналіст Анджэй Пачобут. — Асноўныя прычыны — эканоміка і нявер’е значнай часткі грамадства ў здольнасць Лукашэнкі вырашыць іх праблемы, спыніць падзенне ўзроўню жыцця».

У сучасным палітычным навамоўі ўсё большай папулярнасцю карыстаецца слова «вырашала». Першапачаткова яно азначала чалавека з блізкага акружэння суддзі, здольнага за пэўнае ўзнагароджанне забяспечыць «правільны» зыход судовага працэсу.

Як вынікае з цытаты журналіста, многія беларусы ўспрымалі адзінага палітыка (АП) у якасці своеасаблівага «супервырашалы». Такога кшталту памылка масавай свядомасці ў персаналістычных аўтарытарных рэжымах — хутчэй правіла, чым выключэнне. Правілам з'яўляецца і расчараванне ў суперздольнасцях «супервырашалы». Рана ці позна (часцей позна) яно абавязкова надыходзіць.

Тым не менш рэсурс міфа аб тым, што перамога АП на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе дазволіла «адрамантаваць» беларускую эканоміку, яшчэ не вычарпаны. Але што прыйдзе на змену міфу, які адслужыў свой тэрмін? На змену міфу, як падказвае гісторыя, можа прыйсці толькі іншы міф. І гэта будзе міф пра новага «супервырашалу».

Хто ж супраць парадку?!

У расколатым беларускім грамадстве ў кожнай яго часткі — свае міфы. Куды ж без іх! Міфы, як тлумачаць культуролагі, дапамагаюць штодзённай свядомасці не толькі апісаць сусвет, але і патрэбныя для абароны ад яго.

Міфы працуюць на спрашчэнне. Інакш яны не могуць быць татальнымі. Таму падтрыманне чорна-белай карціны свету — цэнтральная задача дзяржаўнай прапаганды. Арсенал прапагандысцкіх клішэ, якім яна карыстаецца, традыцыйны для аўтарытарных рэжымаў: «пятая калона», ворагі па знешнім перыметры, неабходнасць адзінства і згуртаванасці вакол самі ведаеце каго.

У прадстаўнікоў «пятай калоны» — свой набор міфаў, і ён увесь час папаўняецца. Ахвочым азнаёміцца з апошнімі напрацоўкамі рэкамендую інтэрв'ю Мікалая Статкевіча ў НЧ. Ужо яго назва («Мы назіраем нараджэнне нацыі») прэтэндуе на сур'ёзны ўнёсак у апазіцыйную міфатворчасць.

На думку Статкевіча, «сённяшнія пратэсты сітуацыю ўжо мяняюць, таму што яны мяняюць само грамадства. Людзі раптоўна становяцца грамадзянамі (выдзелена. — С.Н.). Не проста атрымальнікамі дабротаў або непрыемнасцяў ад улады, а менавіта грамадзянамі, якія хочуць вырашаць свой лёс, лёс сваіх дзяцей, лёс сваёй краіны. У пэўнай ступені тое, што цяпер адбываецца, можна назваць рэвалюцыяй унутранай, духоўнай».

Як спецыяліст па азбукавых паліталагічных ісцінах, я павінен удакладніць, што ні аднаго выпадку масавага «раптоўнага» станаўлення грамадзян у гісторыі не зафіксавана. Тое, што ўвесь час прымаецца за рашучую трансфармацыю свядомасці, па факце аказваецца яе (свядомасці) пераходам са стану апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэння.

Гарбачоўская перабудова — толькі адзін з прыкладаў такога пераходу. Яна вывела на плошчы мільёны. Яна змяла камуністычны рэжым. Але што паўстала наўзамен? Калі пакінуць за дужкамі краіны Балтыі, дык на месцы непадкантрольнага грамадству Палітбюро ў большасці постсавецкіх рэспублік паўсталі непадкантрольныя прэзідэнты. Дык можа праблема не ў Палітбюро і прэзідэнтах, а ў грамадстве?

Узбуджэнне — з'ява часовая. На змену рэвалюцыям прыходзяць контррэвалюцыі з іх масавым патрабаваннем да ўлады навесці парадак. Працытую Міхаіла Жванецкага: «Так што народ зараз слушна патрабуе парадку. Гэта ў нас у крыві — абавязковасць, пунктуальнасць і гэта... сумленнасць, гэтыя... прыстойнасць і чысціня. Мы жылі сярод парадку ўсе 70 гадоў і не можам адвыкнуць».

Спадзяюся, іронія сатырыка зразумелая. Хто ж супраць парадку?! Але за парадак, на думку «большасці», павінна адказваць не грамадства, а дзяржава. Яна ж у асобе «супервырашалы» павінна несці аднаасобную адказнасць за «зламаную» эканоміку.

Міф пра Збаўцу

Цяперашнія праблемы са «зламанай» эканомікай у Беларусі (тут я зноў звяртаюся па дапамогу да расійскага эксперта) — прамы вынік дысбалансу ў разуменні грамадствам і дзяржавай узаемных правоў і абавязкаў. У 1994 годзе «большасць» з энтузіязмам абмяняла сваю лаяльнасць да кандыдата ў «супервырашалы» на яго манапольнае права забяспечваць стабільнасць і развіццё эканомікі. Статкевіч расцэньвае гэты абмен як памылку. Але ў чым памыліліся 80% выбаршчыкаў (56% з улікам яўкі) — у персоне або ў крытэрах, паводле якіх яны галасавалі «сэрцам», а не іншай часткай цела?

Гістарычны выбар не здзяйсняецца памылкова. Будучага АП у 1994 годзе падтрымалі тыя, хто ў рынкавых умовах быў не ў стане выжыць — а такіх была большасць.

Цяперашняе расчараванне ў здольнасці «супервырашалы» спыніць падзенне ўзроўню жыцця насельніцтва справакавала акцыі пратэсту, але яно не ў стане змяніць сацыякультурны тып чалавека. Таму вера ў міф пра Збаўцу невыкараняльная.

Нашым далёкім продкам ён з'яўляўся ў рэлігійным уборы. Але мода пераменлівая, і роўна сто гадоў таму чарговаму выратавальніку, перш чым ён залез на бранявік, давялося замяніць рэспектабельны кацялок на кепку (гл. фота «Ленін і група рускіх палітэмігрантаў у Стакгольме па шляху са Швейцарыі ў Расію. 1917 г., 31 сакавіка», на якім будучы правадыр сусветнага пралетарыяту выяўлены ў кацялку і з парасонам).

Выбаршчыкі шукаюць палітыка, які абяцае вынік на наступны дзень пасля прыходу да ўлады. Кандыдаты ў апазіцыйныя палітыкі занятыя пошукам выбаршчыкаў, здольных «раптам становяцца грамадзянамі». Такая актыўнасць нагадвае лоўлю пакемонаў.

Удача, як ні дзіўна, здольная ўсміхнуцца не толькі выбаршчыкам, але і апазіцыйным палітыкам. Аднак апошнім не варта моцна цешыць сябе. Той, хто раптам стаў грамадзянінам, таксама імкліва можа перастаць ім быць. Пра гэта пераканаўча здолелі б расказаць першыя прэзідэнты Азербайджана і Грузіі — Абульфаз Эльчыбей і Звіяд Гамсахурдзія.

* * *

Фармат «Азбукі паліталогіі» патрабуе падвесці рысу, і дапаможа мне ў гэтым мой пастаянны «сааўтар», дырэктар Лявада-цэнтра Леў Гудкоў: «Разуменне — гэта таксама дзеянне, прычым больш істотнае, чым удзел у тых ці іншых прамых грамадзянскіх акцыях».

Менавіта ў разуменні больш за ўсё маюць патрэбу сёння палітычныя акторы (ад лац. actor — дзеяч). І не істотна, інтарэсы якой часткі расколатага беларускага грамадства яны ўвасабляюць.



Каментаваць