Прэм'еры Беларусі і Расіі ўзгаднілі праграму па паглыбленні інтэграцыі

Да пачатку снежня 2019-га ўрады падрыхтуюць для падпісання кіраўнікам дзяржаваў пакет дакументаў па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі, адзначае «Еўрарадыё»

Фота з сайта newsbel.by


6 верасня ў Маскве прайшлі беларуска-расійскія перамовы на ўзроўні прэм'ер-міністраў. Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў узгаднілі праграму па паглыбленні інтэграцыі краін, а таксама пералік з 31 дарожнай карты, паведамляе БЕЛТА.

Па словах Румаса, такім чынам была падведзена рыса "пад першым этапам вялікай працы". Да пачатку снежня 2019-га ўрады падрыхтуюць для падпісання кіраўнікам дзяржаваў пакет дакументаў па паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі, а таксама шэраг міжурадавых пагадненняў. Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ад поспеху рэалізацыі праграмы па паглыбленні інтэграцыі залежыць будучыня беларускай і расійскай эканомік.

Раней Сяргей Румас заявіў, што ў згаданай праграме няма пытанняў палітычнага характару. Тэкст дагэтуль не апублікаваны. Беларускі прэм'ер анансаваў публікацыю пасля парафіравання дакумента прэм'ерамі, што сёння і адбылося. Міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін падкрэсліў, што гаворка ідзе пра аб'яднанне дзвюх эканомік на правах роўнага партнёрства, а не пра палітычнае аб'яднанне.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, на якой яны разгледзяць пакет дакументаў, можа прайсці 8 снежня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!