Прэвентыўныя арышты вяртаюцца: заўтра ў Оршы будуць судзіць сябру БНФ

Заўтра, 12 кастрычніка ў 14.30 у судзе Аршанскага райна і горада Орша распачнецца разгляд адміністратыўнай справы сябры Партыі БНФ Віталя Паўлава. Адміністратыўны пераслед актывіста, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве, звязаны з падзеямі мінулых парламенцкіх выбараў.

Віталь Паўлаў

Віталь Паўлаў быў затрыманы 12 верасня, на наступны дзень пасля выбараў, калі ішоў на аршанскі чыгуначны вакзал, каб паехаць у Мінск на акцыю пратэсту. Двое міліцыянтаў Валянцін Межусь і Руслан Папко пад пагрозай сілы змусілі актывіста сесці ў міліцэйскую машыну і адвезлі ў пастарунак. Там яго двойчы абшукалі і змясцілі ў камэру часовага ўтрымання, а затым прапанавалі азнаёміцца з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэнні па артыкуле 17.1 КаАП "Дробнае хуліганства".

Паводле пратаколу, напярэдадні, у дзень галасавання 11 верасня, на ўчастку № 5, дзе Віталь Паўлаў прысутнічаў у якасці назіральніка, ён, нібыта, нецэнзурна лаяўся і абражаў старшыню камісіі Наталлю Вайцаховіч, за што быў выдалены з участка. Пры гэтым маёр міліцыі Андрэй Лапцінскі не дазволіў фронтаўцу азнаёміцца з заявай, на падставе якой быў складзены пратакол.

Але ж цягам выбараў у Оршы назіральнікаў неаднаразова выдалялі з участкаў і за меньшыя правіны. Віталь Паўлаў сцвярджае, што ніякага правапарушэння не ўчыняў, а адміністратыўны пераслед стаўся вынікам яго спробы трапіць у Менск на вулічную акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў», якая адбылася 12 верасня. Як паведаміў Віталь Паўлаў, ён рабіў заўвагі старшыні камісіі, якая перашкаджала назіраць за падлікам галасоў, аднак лаянкі і абразаў не выказваў, і з участка ніхто яго не выдаляў. Памяшканне для галасавання ён пакінуў пасля закрыцця ўчастка самастойна, разам з іншымі назіральнікамі. Тым не менш, пратакол быў накіраваны ў суд.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што лічыць справу супраць Віталя Паўлава праявай палітычнага пераследу:

"Мы бачым, што часовыя паслабленні, якія назіраліся ў часе выбарчай кампаніі, скончаныя. Шэраг адміністратыўных спраў супраць кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях у часе агітацыйнай кампаніі, а таксама шматлікія выпадкі пераследу назіральнікаў, з'яўленне новых палітычных вязняў — усё гэта сведчыць пра намер уладаў закруціць гайкі, якія былі часова аслабленыя падчас самой кампаніі. Выпадак у Оршы з'яўляецца асабліва абуральным яшчэ і з той прычыны, што з'яўляецца прыкладам аднаўлення бруднай практыкі гэтак званых "прэвентыўных арыштаў", калі актывістаў затрымліваюць напярэдадні масавых акцый. Мы безумоўна будзем інфармаваць пра аднаўленне гэтай практыкі нашых еўрапейскіх партнэраў, і ў першую чаргу паведамім пра гэта БДІПЧ АБСЭ, дзе зараз рыхтуюць канчатковую справаздачу па выніках назірання за выбарамі. Я ўпэўнены, што паслявыбарчыя рэпрэсіі знойдуць належную ацэнку ў высновах аўтарытэтных міжнародных інстанцый" — сказаў Аляксей Янукевіч.

Прэсавы сакратар ПБНФ 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: