Прэзідэнт Літвы: некаторыя дыктатары, наглядзеўшыся баевікоў, захопліваюць пасажырскія самалёты

Гітанас Наўседа падчас штогадовага звароту да парламента краіны закрануў тэму суседства Літвы і Беларусі і раскрытыкаваў Аляксандра Лукашэнку.

— За межамі Літвы — нестабільная прастора, у якой парушаюцца фундаментальныя правы чалавека і правілы вольнага свету, у якой дыктатары, наглядзеўшыся баевікоў, ужываюцца ў ролю тэрарыстаў і захопліваюць пасажырскія самалёты, у якой бяспека межаў і ядзерная бяспека становяцца інструментам шантажу, — заявіў кіраўнік суседняй дзяржавы.

Пад гэтым, падкрэслівае delfi.lt, ён меў на ўвазе інцыдэнт з прымусовай пасадкай у Мінску беларускімі службамі самалёта «Ryanair», які ляцеў у Мінск, і арышт блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Сафіі Сапега, якія знаходзіліся на борце.

Пасля гэтай падзеі напружанне ў адносінах Літвы і Беларусі ўзмацнілася. Апошнім часам Літва адзначае значны рост патоку нелегальных мігрантаў з беларускага боку і падазрае, што службовыя асобы гэтай краіны самі таму спрыяюць.

Наўседа адзначыў, што Літва была б у большай бяспецы, калі б па суседстве было больш стабільных дэмакратычных краін. Паводле яго слоў, найважнейшай задачай сёння з'яўляецца неабходнасць разам з саюзнікамі спыніць экспансію Расіі і пазбегнуць яшчэ большай дэстабілізацыі ў рэгіёне.

— Мы павінны імкнуцца да таго, каб нашы суседзі атрымалі магчымасць рабіць свабодны і дэмакратычны выбар адносна ўласнага жыцця, — сказаў прэзідэнт. — Прытулак для жыхароў Беларусі, які прадастаўляецца намі, падтрымка грамадзянскай супольнасці, гучны голас Літвы, які нагадвае Еўропе аб тым, што адбываюцца ля яе межаў — гэта самае малое, што мы можам і абавязаныя зрабіць для нашых суседзяў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: