Прыгоды рэйтынгу прэзідэнта, або Які працэнт у Лукашэнкі

Хвосткі мем пра надзвычай нізкі рэйтынг Лукашэнка набыў вялікую папулярнасць у беларускім грамадстве. Ён заснаваны на дадзеных анлайн-апытанняў, праведзеных у апошні час у шэрагу інтэрнэт-выданняў. Але які ён на самай справе, ці праўда, што ён і на самай справе настолькі нізкі?



Адразу ж прызнаюся чытачам, што Аляксандр Лукашэнка — не той кандыдат, якому асабіста я аддаю перавагу. Таму сумневы ў справядлівасці ўдалага ў паліттэхналгічным сэнсе мему — не ад сімпатый да гэтага палітыка.

Але сумневы, тым не менш, ёсць.

Падобныя галасаванні на розных інтэрнэт-рэсурсах праводзіліся і напярэдадні выбараў 2010 года. Тады ў гэтых анлайн-галасаваннях перавага апазіцыйных кандыдатаў была таксама вялікай.

На сайце rupoll.com за Андрэя Саннікава былі гатовыя галасаваць 47%, за Лукашэнку — малапераканаўчыя 7%. Апытанне на tut.by паказвала тады такі набор фаварытаў: Раманчук — 32%, Саннікаў — 22%, Лукашэнка — 13%.

Між тым рэпрэзентатыўныя апытанні НІСЭПД паказвалі істотна іншыя лічбы. Паводле гэтых апытанняў за Лукашэнку ў верасні 2010 года былі гатовыя галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах 39%, а ў ходзе апытання, праведзенага адразу пасля снежаньскіх выбараў, 53% рэспандэнтаў сказалі, што прагаласавалі за яго. 53% — гэта не завоблачныя лічбы, якія агучвала кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, але гэта цалкам пераканаўчая перамога. Хоць у інтэрнэт-апытаннях ён прайграваў сваім канкурэнтам.

Тлумачэнне гэтаму крыецца ў падвойным эфекце. Аўдыторыя СМІ, якія праводзяць інтэрнэт-апытанні — гэта не ўсё грамадства. Да таго ж у інтэрнэт-апытаннях удзельнічаюць тыя, хто хоча ў іх удзельнічаць. А гэта часцей людзі, якія хочуць зменаў, людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Аднак і яны, пры ўсёй да іх павазе, не ўсё грамадства.

Цяпер у Беларусі забароненыя несанкцыянаваныя апытанні грамадскай думкі, нядаўна забаранілі нават анлайн-апытанні на інтэрнэт-рэсурсах.

Тым не менш, падставы для нейкіх высноваў усё ж ёсць. Нядаўна «Наша ніва» апублікавала дадзеныя апытання, якое нібыта правёў інстытут сацыялогіі НАН у сакавіку-красавіку гэтага года. «Наша ніва» апублікавала толькі дадзеныя па Мінску, вынікі адказаў на пытанне пра давер прэзідэнту — 24%.

Інстытут сацыялогіі НАН гэтую інфармацыю не пацвердзіў, але і не абверг. Можна ёй верыць ці не верыць. Любыя альтэрнатыўныя анлайн-рэйтынгі не надта рэпрэзентатыўныя па дзвюх пазначаных вышэй прычынах: пляцоўка ў значнай ступені абумоўлівае меркаванні тых, хто на яе ходзіць, ініцыятыўна выказваюць свае меркаванні людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, а яны не складаюць большасці.

Амерыканскі палітык Эдлай Стывенсан прэтэндаваў на пасаду прэзыдэнта ЗША ў 50-х. На адной сустрэчы з выбаршчыкамі экспансіўная дама падбегла да яго са словамі: «Усе разумныя людзі Амэрыкі будуць галасаваць за Вас». «Дзякуй, мэм — адказаў Стывенсан, — але мне патрэбная большасць».

Мінулае не заўсёды можна экстрапаляваць на сучаснасць. Але яно карыснае для разумення маштабаў той ці іншай з’явы, сувязяў яе розных аспектаў і дынамікі.

Ніжэй прыводзіцца графік, які ілюструе дадзеныя апытанняў НІСЭПД у 2005−2016 гадах.

У 2016 годзе ўлады знішчылі апытальную сетку інстытуту, пасля чаго публічныя дадзеныя пра папулярнасць беларускіх палітыкаў, у тым ліку і Лукашэнкі, сталі недаступныя для шырокай публікі.

 

 

Графік 1. Давер да прэзыдэнта Беларусі і гатоўнасць галасаваць за Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах, у %

 

З Графіка 1 вынікаюць некалькі высноў. Узровень даверу заўсёды крыху вышэй, чым электаральны рэйтынг, чым гатоўнасць галасаваць за адпаведнага палітыка. Самым горшым для А. Лукашэнкі ў сэнсе даверу і грамадскай падтрымкі быў 2011 год — драматычная дэвальвацыя нацыянальнай валюты ў некалькі разоў. Аднак і тады ўзровень даверу да яго і яго электаральны рэйтынг былі ў раёне 20%. Гады выбараў 2006, 2 010, 2015 гадоў былі для А. Лукашэнкі не самымі горшымі часамі з пункту гледжання народнай падтрымкі. Паўтаруся, яна не была такой завоблачнай, як пра гэта паведамляла ведамства спадарыні Ярмошынай, але была і рэальна немаленькай, блізкай да 50%.

Наступны графік паказвае, якім было суадносінамі даверу да А. Лукашэнка ўсёй краіны і сталіцы. Наколькі пэўныя дадзеныя, паведамленыя «Нашай нівай», невядома, але вядома, як па дадзеных НІСЭПД суадносіліся ацэнкі Мінску і ўсёй Беларусі. 

 

Графік 2. Узровень даверу да беларускага кіраўніка ўсяго насельніцтва Беларусі і жыхароў Мінску,%

 

Як бачым, давер да беларускага кіраўніка ў сталіцы заўсёды быў ніжэй, чым у краіне ў цэлым. Але пры гэтым траекторыі ўзроўняў даверу ў краіне і ў сталіцы супадалі: калі давер падаў у краіне — ён падаў і ў сталіцы, і наадварот. На графіку відаць, што пасля 2011 года разрыў паміж сталіцай і астатняй краінай крыху павялічыўся. Аднак сітуацыя цяперашняга года ўяўляецца падобнай на сітуацыю лета 2016 года. Тады, згодна з Графікам 2, давер да беларускага кіраўніка выказвалі 23,5% мінчукоў (амаль столькі ж, колькі ў апытанні 2020 года інстытуту сацыялогіі НАН, калі верыць «Нашай ніве»). Пры гэтым у цэлым па краіне давер яму выказвалі тады 38,6%.

Калі звярнуцца да Графіку 1, то варта заўважыць, што галасаваць за А. Лукашэнку як за прэзідэнта тады былі гатовыя прыкладна 30%.

Усе параўнанні ўмоўныя, можна ставіць пад сумневы і ранейшыя даследаванні НІСЭПД, і паведамленне «Нашай нівы» наконт дадзеных апытання інстытуту сацыялогіі НАН, і прапорцыі, якія мелі месца ў апытаннях НІСЭПД 4 гады таму.

Але асабіста мне гэтыя вылічаныя 30% уяўляюцца больш рэальнымі, чым піярныя 3% перадвыбарчай прапаганды. Сіла дзеючай улады — не толькі ў падступных (асабістае меркаванне) крымінальнай справе супраць Сяргея Ціханоўскага і пагроме «Белгазпрамбанку». Але і ў гэтых добрых 30% рэальнай народнай падтрымкі. З каго яны складаюцца? У Беларусі больш за 20% сялян. А ім Лукашэнка бліжэй культурна, ментальна, а яны, між іншым, таксама людзі, беларусы, выбаршчыкі. У краіне да чвэрці пенсіянераў. Для іх тэхналагічныя прарывы наўрад ці вельмі актуальныя. Вядома, у іх ёсць дзеці, унукі, у якіх сваё жыццё. Але і яны яшчэ жывыя, і для іх Лукашэнка — маральнае апраўданне іх доўгага і цяжкога жыцця.

Ёсць і корпус чыноўнікаў. У 1994 годзе Лукашэнка быў своеасаблівым «Робін Гудам». Як нядаўна трапна адзначыў былы кіраўнік НІСЭПД Алег Манаеў, цяпер Лукашэнка стаў «натынгемскім шэрыфам», галоўным чыноўнікам краіны. А гэтага чыноўніцкага саслоўя ў краіне разам з раднёй — добры мільён чалавек. Праўда, і Бабарыка і Цапкала абяцаюць, што мааісцкага «агню па штабах» яны, калі стануць прэзідэнтам, ладзіць не будуць. Але хто ведае? Як казаў правадыр французскай рэвалюцыі Жорж Дантон, рэвалюцыя — гэта 100 тысяч вакансіяў. Многія беларускія «гасударавыя людзі» гэтую максіму разумеюць скурай і баяцца, што гэтыя вакансіі — гэта іх цяперашнія месцы службы.

Так што мем пра надзвычай нізкі рэйтынг — гэта пісьменны піяр. Але па-сутнасці гэта няпраўда. І саміх сябе не трэба цешыць ілюзіямі. Выбары 9 жніўня будуць цяжкой барацьбой. І не толькі таму, што цяперашняя Беларусь дыктатура, якая, як казаў паручнік Ржэўскі з анекдоту, можа «усё апошліць». Але і таму, што за захаванне цяперашніх парадкаў — вялікая, нават велізарная, частка беларускага грамадства, беларусаў. Па розных прычынах — не толькі з любові да Аляксандра Рыгоравіча.

З іншага боку, гэта выклік і Лукашэнку. Ён 26 гадоў пляваў на іншую Беларусь. Нават калі ён пераможа ў гэтым годзе (палітычна, а не толькі па дадзеных спадарыні Ярмошынай), ці зможа ён пляваць на іншую, новую Беларусь? 

tut.by

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: