Справай Галко створаны небяспечны прэцэдэнт

Што значыць прысуд незалежнаму журналісту і наколькі вялікі быў палітычны складнік у побытавым, на першы погляд, інцыдэнце?

Сёння суд Савецкага раёну прысудзіў Зміцеру Галко чатыры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу адкрытага тыпу. Прасцей кажучы — "хімію". Незадоўга да гэтага пракурор запрасіў даволі строгае пакаранне: за нібыта два ўдары кулаком у галаву міліцыянта — тры гады пазбаўлення волі.

Зміцер Галко — незалежны журналіст, які працаваў у Беларускім Партызане, Новым Часе і шэрагу іншых выданняў. Таму акалічнасці ягонай справы з самага пачатку вызывалі ў грамадства пытанні. Было ж іх, сумнеўных акалічнасцяў, занадта шмат, каб лічыць гэтую справу звычайнай п'янай бойкай.

Прысуды па палітычных справах у Беларусі — заўсёды маркер хістанняў палітычнага рэжыму ў той ці іншы бок, лакмусавая паперка настрою ўлады. Па тым, колькі год, чаго і каму далі, можна вызначыць, у які бок і як далёка хістаецца стрэлка «жэстачайшасці» ў дадзены момант. Нягледзячы на тое, што сітуацыя, якая прывяла Зміцера за краты, нагадвае побытавы канфлікт, сам журналіст лічыць, што справа была безумоўна палітычнай.

"Палітычны складнік тут быў ад самага пачатку. Калі б яго не было, ніякага прысуду б не было. Мяне б апраўдалі, альбо далі б нейкі арышт. Там няма доказаў, адны супярэчнасці. Я не бачыў у турме аніводнай такой справы, каб была такая крывая", — сказаў Зміцер сення ў каментары НЧ.



Ускосна гэты факт пацвярджаецца стаўленнем сукамернікаў і міліцыянтаў да вязня:

"Абсалютна ўсе [ставіліся] як да палітычнага. Прычым і міліцыянты, ад самага пачатку — ад Слоніму казалі: "гэта асаблівы чалавек". Хто казаў "бандэравец", хто "апазіцыя". Усюды, ад самамалейшага міліцыянта ведалі. Гэта, мабыць, недзе прапісана ці што. Зараз, калі мяне выпускалі, яны па тэлефоне размаўлялі: "Тут у нас апазіцыю выпускаюць" — і пералічваў, хто прыйшоў, якія СМІ, што Статкевіч быў".


Зрэшты, сам факт таго, што прысуд па такому "трыгернаму" для МУС артыкулу (арт. 364 — гвалт у дачыненні да міліцыянта) не быў звязаны з пазбаўленнем волі, таксама ўскосна сведчыць аб тым што меркаванні Галко маюць пад сабой падставу. У перыяды, калі няма народных пратэстаў, улада намагаецца не адпраўляць на нары актывістаў і журналістаў, абмяжоўваючыся ўмоўнымі тэрмінамі, адтэрміноўкамі, хіміямі і залікам утрымання пад вартай падчас следства.

Хтосьці скажа: але ж і Святаслава Барановіча за аналагічны ўчынак асудзілі на тры гады. Аднак параўноўваць нельга. Па-першае, гэта адбылося падчас масавых пратэстаў — літаральна ў баявой абстаноўцы, калі ўлада дзейнічае куды больш нервова і жорстка. Па-другое, Святаслаў Барановіч не быў журналістам. У аўтарытарнай дзяржаве, гэта, нажаль шмат значыць падчас палітычнага суду. Па-трэцяе, учынак Барановіча быў засняты на відэа і не вызываў сумневаў (зрэшты, ён і сам прызнаў віну), у той час як непасрэдных, несупярэчлівых відавочцаў збіцця міліцыянта Зміцерам Галко так і не знайшлося падчас усяго працэсу, а сам Галко віну адмаўляў:

"Уся справа складалася з супярэчнасцяў. Увесь час казалася аб нейкім алкаголі. Пьяныя-не пьяныя. Больш нічога ў судзе не гучала".


Зноў жа, як ўжо адзначалася, тактыка "мяккіх прысудаў", якой напоўніцу карыстаецца ўлада апошнія гады, цалкам дазваляе дасягнуць мэтаў: ізаляваць арыштанта ад актыўнай грамадзянскай (ці ў выпадку з Галко — журналісцкай) дзейнасці і запалохаць іншых. Бо свае некалькі месяцаў у СІЗА Галко ўсё ж адсядзеў, а "хімія", хоць і не лагер, але ўсё ж рэжымная ўстанова з парадкамі вельмі блізкімі да турэмных.

"...Яны ўсё даволі правільна вырашылі, што калі я паеду на "хімію", аб гэтай справе амаль адразу ўсе забудуцца. Таму што што такое хімія? Жыве чалавек амаль на волі, працуе. У гэтым сэнсе я нават незадаволены. Калі б я сядзеў у турме, аб гэтай справе бы памяталі. На "хіміі" аб ёй забудуць. Але я ўсё роўна буду сядзець. Мая сям'я ўсё роўна будзе за 1,5 тыс км., і я не ведаю як увогуле вырашыць гэтае пытанне з сям'ёй і з дзіцёнкам", — казаў Зміцер сёння пасля суду.

Умацавала гэтая справа і яшчэ адну, куды больш падступную практыку: караць людзей не па палітычных артыкулах, а старана ствараць сітуацыі для асуджэння па артыкулах побытавых. Так было з Андрэем Бандарэнкам (судзімы за "хуліганства"), з Міхаілам Жамчужным (судзімы па "хабарніцкіх" артыкулах), Эдуардам Пальчысам (распальванне міжнацыянальнай варожасці), Уладзімірам Кондрусем (масавыя беспарадкі), Алегам Жалновым (гвалт над міліцыянтам), са зняволенымі антыфашыстамі (таксама хуліганства)... Даволі часта спецслужбам, якія курыруюць гэтыя пасадкі, атрымоўваецца дабіцца, каб на міжнародным узроўні людзі не былі прызнаныя палітвязнямі, бо фармальна яны асуджаныя за ўчынкі, ніяк не звязаныя з палітыкай.

Канешне, прысуд Зміцеру Галко мог быць куды горшы. Хутчэй за ўсё, сітуацыю ізноў выратавала ўвага грамадскасці і відавочныя белыя плямы ў справе. Зрэшты, адна дэталь, расказаная Зміцерам, можа сведчыць аб тым, што рашэнне не даваць калонію магло быць прынятае ў самы апошні момант: "Міліцыянты, калі вязлі мяне на суд, пакінулі ў СІЗА мае рэчы і дакументы. Звычайна так не робіцца. То бок, яны былі ўпэўненыя, што я вярнуся ў СІЗА".

Акрамя іншага, варта адзначыць — са справай Галко створаны небяспечны прэцэдэнт: выкарыстанне наяўнасці непаўналетніх дзяцей як нагоды для ўварвання міліцыянтаў у кватэру і далейшага ўчынення ў ёй гвалту. Прытым, вядома, ні аб якім пакаранні міліцыянтаў за зламаныя ногі і храбты падлеткаў, што сягалі з балкона, і гаворкі не ідзе.

Увогуле ж, хуткасць з якой дзяржава адаптуецца да новых умоваў, стварае зусім новы кантэкст, калі пры наяўнасці ў КК палітычных артыкулаў, сядзець "палітычныя" будуць выключна за хуліганства, гвалт над міліцыянтамі, хабары і нясплату падаткаў. Ці гатовая грамадзянская супольнасць, праваабаронцы і палітычныя актывісты да гэтай новай рэчаіснасці? Пытанне застаецца адкрытым.


Фота: Арцём Лява, Мікалай Дзядок

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Какос Маракос
  • 2018-07-18 11:29:08
З аднаго боку, шкада Будзіміра. З іншага - ну, вінаваты ж, хутчэй за ўсё. І ніякай "палітыкі" я тут не бачу.

Каментаваць