Пуцін сказаў Лукашэнку, што Расія не можа пайсці на аб’яднанне з Беларуссю

Уладзімір Пуцін сказаў Аляксандру Лукашэнку, што Расія не можа пайсці на аб’яднанне з Беларуссю. Пра гэта заявіў беларускі кіраўнік на нарадзе ў Мінску, прысвечанай сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны ў 2019 годзе і «падыходам да далейшага развіцця інтэграцыйных накірункаў», паведамляе Еўрарадыё.
Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і ў Расі апошнім часам шмат «размоваў аб аб’яднанні дзвюх дзяржаваў». Таксама «шмат цяпер з’явілася пытанняў у сувязі з царквою ва Украіне аб аўтакефаліі нашай цаквы ў Беларусі». Кіраўнік дзяржавы назваў гэтыя пытанні «вельмі дурнымі, прыцягнутымі за вушы для абмеркавання ў нашым грамадстве».

«Мы з прэзідэнтам Расіі адназначна вызначылі, што сёння ў парадку дня такога пытання няма — аб аб’яднанні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. І для гэтага існуе шмат прычын, адзначыў ён.

«Няма такой магчымасці ў Расіі, улічваючы наступствы ўсяго, на гэта пайсці, — гаварыў на нарадзе Лукашэнка. — Таму трэба супакоіцца і спыніць гэтыя размовы, што хтосьці кагосьці нахіліў або нахіляе. Тут ніхто нікога не нахіліць».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!