Час сцяліць саломку?

Пагоня за светам, што імкліва змяняецца, патрабуе пастаяннай карэкціроўкі заканадаўства, у тым ліку і Асноўнага закона краіны — Канстытуцыі. Чаго варта чакаць беларусам?


Кожная краіна, нават тая, што прэтэндуе на ролю аднаго з полюсаў у сучасным свеце, — усяго толькі трэска ў бурных водах гісторыі. Адрозніваюцца краіны паміж сабой толькі ступенню разумення элітамі напрамку мэйнстрыму (англ. mainstream — «асноўная плынь»).

У краінах-лідарах эліты не спрабуюць веславаць супраць плыні, чаго не скажаш пра краіны-ізгоі. Кожная з іх, нібы няшчасныя сем’і ў рамане Льва Талстога «Ганна Карэніна», «нешчаслівая па-свойму» з-за таго, што спрабуе супрацьстаяць мэйнстрыму.

У 1975 годзе ў Беларусі колькасць гарадскога насельніцтва перавысіла колькасць сельскага — і тым самым завяршыўся фармальны пераход ад аграрнай эканомікі да індустрыяльнай. Наступны пераход ад эканомікі індустрыяльнай да постіндустрыяльнай у рэспубліцы-партызанцы быў завершаны ў 2008 годзе. Крытэрам гэтага пераходу з’яўляецца перавышэнне колькасці занятых у сферы паслуг над тымі, хто заняты ў сферы вытворчасці і прамысловасці.

Чарговы пераход кіраўнічы і інтэлектуальны сегменты беларускай эліты прымудрыліся не заўважыць. Як першы, так і другі ў сваім разуменні макрапрацэсаў працягвае «ісці ад жыцця». І варта прызнаць, што за чвэрць стагоддзя яны здолелі аддаліцца ад гэтага жыцця на салідную адлегласць.

У якасці ілюстрацыі прывяду фрагмент з артыкула старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, доктара эканамічных навук, прафесара, акадэміка Уладзіміра Гусакова «Беларускі шлях», апублікаванага ў «СБ. Беларусь сегодня» 17 кастрычніка 2019 года: «Менавіта буйнатаварны сектар у цяперашні час утрымлівае ў краіне эканоміку. Усё астатняе мае дапаможнае значэнне. Уключаючы не толькі малы і сярэдні бізнес у рэальным сектары, але і ў сферы паслуг» (вылучана. — Рэд.).

Галоўны акадэмік краіны, а па сумяшчальніцтве і галоўны эканаміст — чалавек заняты. Рэгулярна праглядаць афіцыйную статыстыку часу ў яго няма. Але прафесійнаму пенсіянеру, аўтару «Азбукі паліталогіі» нішто не перашкаджае звярнуцца да апошняга нумару «Статыстычнага штогодніка».

На 207-й старонцы размешчана табліца «Структура вытворчасці валавога ўнутранага прадукту», згодна з якой уклад у ВУП сферы вытворчасці склаў у 2018 годзе 37,9%, сферы паслуг — 47,7% і чыстых падаткаў на прадукты — 14,4%.

Безумоўна, уклад вытворчасці ў ВУП усё яшчэ істотны. Але чаму робяцца высновы, што беларуская вытворчасць сваёй долі ў ВУП абавязаная выключна буйнатаварнаму сектару? Перагортваем старонку штогодніка: будаўніцтва — 5,4%; сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 6,4% плюс іншыя дробязі. На долю ж апрацоўчай прамысловасці ў 2018 годзе прыйшлося толькі 21,5%!

Не ўпэўнены, што старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук чытае «Новы Час», але іншай магчымасці данесці да акадэміка-эканаміста гэтыя азбукавыя веды ў мяне няма.


Без карэкціроўкі не абысціся

Між іншым, артыкул акадэміка ў самай саліднай газеце краіны пачынаецца са сказу: «Свет імкліва змяняецца». З гэтым не паспрачаешся, пытанне толькі ў тым, якія змены заўважаюць насельнікі верхніх паверхаў уладнай «вертыкалі» — гэтага сучаснага аналагу «вежы са слановай косці»?

У Беларусі сланы не водзяцца, таму не варта здзіўляцца дэфіцыту слановай косці ў краіне. Але ў Беларусі не робяцца і легкавыя электрамабілі, што не перашкаджае асобным шчасліўчыкам атрымліваць іх у якасці падарункаў — прычым непасрэдна з рук вытворцы.

Пагоня за светам, што імкліва змяняецца, патрабуе пастаяннай карэкціроўкі заканадаўства, у тым ліку і Асноўнага закона краіны — Канстытуцыі. 5 снежня, звяртаючыся да дэпутатаў парламента, адзіны палітык (АП) чарговым разам нагадаў пра гэта: «Парламентарыям сёмага склікання трэба будзе падключыцца да працы над праектамі, якія знахо­дзяцца ў плоскасці глабальных палітычных рашэнняў. У нас ужо назапасіўся шэраг пытанняў, якія трэба разам вырашаць на ўзроўні Асноўнага закона. Таму, відаць, нам з вамі, новым складам парламента, трэба будзе арганізаваць і далучыцца да працы па ўдасканаленні нашай Канстытуцыі».

У тым, што праца будзе праведзеная якасна, сумнявацца не даводзіцца. У Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган. Тут я зноў спасылаюся на аўтарытэт АП. У сваю чаргу, новаабраная палата абавязаная сваёй будучай працаздольнасці «выбарам, якія прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе», што было пацверджана ростам колькасці прэтэндэнтаў на адзін дэпутацкі мандат у параўнанні з мінулай выбарчай кампаніяй.


Пра карысць «жалезнай заслоны»

Здагадак наконт канкрэтных зменаў Канстытуцыі хапае, аднак выказваюцца яны, як правіла, недзяржаўнымі аналітыкамі і журналістамі. Кошт такіх здагадак, што зыходзяць ад тых, хто жыве на замежныя гранты, невялікі. На жаль, калегі грантасмокаў, чый хлеб з маслам аплачваюць беларускія падаткаплацельшчыкі праз бюджэт, сваімі думкамі па гэтым пытанні суайчыннікам не дакучаюць.

Нешматслоўны і сам ініцыятар чарговага перагляду Асноўнага закона. Тым не менш, як ні заканапачвай шчыліны, а вада шлях знойдзе. 5 снежня на сустрэчы з парламентарыямі АП сказаў літаральна наступнае: «Маё прынцыповае патрабаванне: мэтай меркаваных змяненняў павінна быць удасканаленне сістэмы кіравання».

На першы погляд, нічога нечаканага ў такім прыярытэце няма. Без развагаў пра неабходнасць «істотна падняць якасны ўзровень кіраўнічага корпуса краіны» за апошнія гады не абыходзілася ні адно пасланне. Беларускай эканоміцы патрэбныя энергічныя і прафесійныя кіраўнікі. З гэтым ніхто і не спрачаецца. Вось толькі дзе іх узяць?

Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з Паслання–2018: «Час жорсткай планава-размеркавальнай эканомікі незваротна сышоў. І калі няма ўказанняў, што рабіць і як рабіць, калі ўсё трэба шукаць самім, а цяпер яшчэ і ўзмоцнена змагацца за рынкі збыту — разумныя сучасныя кіраўнікі сталі на вагу золата».

У гэтым сутнасць праблемы. У несучаснай дзяржаве з яе несучаснымі, часта выключна імітацыйнымі інстытутамі, сучасных кіраўнікоў не выгадаваць. Асобныя выключэнні толькі пацвярджаюць правіла.

Але як справядліва заўважыў галоўны акадэмік-эканаміст краіны: «Свет імкліва змяняецца». Таму ўсе знешнія выклікі, з якімі сёння сутыкаецца Беларусь, — гэта сучасныя выклікі! Неабходнасць змагацца за рынкі збыту — толькі адзін з прыкладаў, спароджаных сучаснасцю.

Савецкі Саюз спрабаваў адгарадзіцца ад знешніх выклікаў з дапамогай «жалезнай заслоны» і «глушылак». У нейкай ступені яму гэта ўдавалася, што дазваляла вырабляць не толькі больш за ўсіх у свеце чыгуну і сталі на сярэднестатыстычную душу, але і электронна-вылічальныя машыны ўласнай распрацоўкі на ўласнай элементнай базе. Але як толькі «заслона» звалілася — ад высокатэхналагічных галін засталіся толькі рожкі ды ножкі.


Прэцэдэнты маюцца

Несучасная эканоміка не здольная вырабляць сучасную канкурэнтаздольную прадукцыю. Але эканоміка — гэта толькі частка айсберга, створанага прадстаўнікамі віду Homo sapiens. Тым, хто хоча пераўзысці перадавыя краіны ў распрацоўцы і вытворчасці найноўшых электронных гаджэтаў, пачынаць варта з рэформы выбарчай сістэмы і суда. Гэта азбука.

Заклікамі адкручваць галовы і выварочваць рукі тым, хто перашкаджае адладжанай працы чальцоў участковых выбарчых камісій, сістэму кіравання да сучаснага ўзроўню не падцягнуць, а вось апусціць яе ў Сярэднявечча можна, што на практыцы і адбываецца.

Па традыцыі, якая склалася ў дзяржаве для народа, усе значныя рашэнні распрацоўваюцца ў таямніцы ад народа ў рэжыме спецаперацый. Карэкціроўка Асноўнага закона не стала выключэннем. Аднак складана сабе ўявіць, якім чынам з дапамогай перапісвання артыкулаў Канстытуцыі можна ўдаскана­ліць сістэму кіравання ў краіне.

Канстытуцыя ўзору 1996 года засяродзіла ўсю паўнату ўлады ў адных руках, але нават у часы Полацкага княства такая канцэнтрацыя ўлады да дабра не даводзіла. Таму не варта здзіўляцца таму, што эканамічны рост у краіне дыхае на ладан.

Нерэальна паверыць у атракцыён «Нечуваная шчодрасць» — у гатоўнасць АП падзяліцца часткай сваіх паўнамоцтваў, калі толькі ён не прыняў папярэдне несумяшчальную з жыццём дозу алкаголю. Застаецца выказаць здагадку, што гаворка ідзе пра механізм перадачы ўлады. Гады бяруць сваё, і саломку варта падаслаць загадзя, тым больш, што маецца прэцэдэнт — Казахстан.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: