Расія аднаўляе Заходнюю групоўку войск. Што гэта азначае?

«Да канца года ў Заходняй ваеннай акрузе будзе сфармавана каля 20 злучэнняў і воінскіх частак», — заявіў учора на пасяджэнні калегіі Мінабароны РФ міністр Сяргей Шайгу. Заходняя ваенная акруга — гэта тая, якая мяжуе з краінамі Балтыі, Беларуссю і паўднёвым усходам Украіны.


Гэта значыць, па сутнасці, на стратэгічным узроўні кіраўніцтвам РФ было сфармулявана тое, што саюзніцкі статус Беларусі не з’яўляецца канчатковым і беспаваротным, каментуе тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя».

Больш за тое, ёсць рызыка што гэты статус будзе перагледжаны ў самы бліжэйшы час. На гэта паказвае сціслы тэрмін разгортвання новых злучэнняў — да канца гэтага года. Цяпер на мяжы з Беларуссю стаіць толькі адна 144 мотастралковая дывізія. Што для 1239 кіламетраў мяжы, мякка кажучы, не густа.

Ці азначае гэта, што Расія не будзе спрабаваць уплываць на палітыку Беларусі? Вядома не, ніхто нікога «адпускаць» без бою у лапы падступнага NATO не будзе. Але, тым не менш, Расія фактычна аднаўляе мяжу ў поўным сэнсе, аднаўляе Заходнюю групоўку войск. З аднаго боку — яны гарантуюць сабе прыкрытую мяжу ў выпадку, калі ў Беларусі будуць палітычныя перамены, якія прывядуць да страты статусу саюзніка. З іншага боку, яны атрымліваюць інструмент гібрыднага ўплыву: бо войскі — гэта не толькі танкі, гарматы і салдаты. Гэта лагістыка, гэта выведка, гэта РЭБ. Гэта базы для патэнцыйных гібрыдных аперацый.

Гэта азначае, што да канца 2021 года змена геапалітычнай арыентацыі Беларусі (хаця б у бок нейтралітэту, які падтрымліваюць большасць грамадзян краіны) для Расіі з катэгарычна непрымальнай стане проста непрыемнай. Улічваючы дабудоўванне «Паўночнай плыні-2», кантроль краін-транзіцёраў перастане быць крытычна важным для Расіі з эканамічнага пункту гледжання. А з пункту гледжання бяспекі меры прымаюць ужо цяпер, не чакаючы сустрэчы Пуцін — Байдэн. Што прыкладна дазваляе здагадацца, з якімі папярэднімі дамоўленасцямі яны на гэтую сустрэчу выйдуць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: