Расія на 10% знізіла для Беларусі цану на газ

Беларуская Палата прадстаўнікоў ратыфікавала 23 лістапада пратакол аб зменах у пагадненьне з Расіяй аб парадку фармавання цэнаў на пастаўкі ў Беларусь прыроднага газу, паведамляе Радыё Свабода.
Пратакол быў падпісаны яшчэ 13 красавіка — па завяршэнні «нафтагазавых войнаў» з Расіяй. Беларускі бок тады пагасіў пратэрмінаваную запазычанасць перад «Газпромам» за пастаўкі расійскага газу ў 2016–2017 гадах у поўным аб’ёме, у суме 726,2 мільёна даляраў. Але спрэчкі каштавалі Беларусі паловы экспарту нафтапрадуктаў.

Згодна пратаколу, цэны на газ для Беларусі складуць да 31 снежня 2017 году 143,54 даляра за тысячу м³; цягам 2018 году — 129 даляраў, цягам 2019-га — 127 даляраў. Эканамічны эфэкт ад такой зніжкі ацэньваецца ў 700 млн даляраў за 2018–19 гады.

Для параўнання, тысяча м³ расійскага газу каштуе для балтыйскіх краін каля 190 даляраў (так, для Літвы каштавала 180 даляраў у першым паўгоддзі 2017 году).

Таксама да 1 студзеня 2018 году, згодна пратаколу, неабходна выпрацаваць прапановы па праграме фармавання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюзу (ён мусіць быць сфармаваны да 2025 году), а да 1 ліпеня 2019 году ўнесьці папраўкі ў пагадненьні пра цэны на газ для Беларусі пасля 2020 году.

Каментаваць