Расія сёлета пачне перамовы пра дзве свае вайсковыя базы ў Беларусі


У 2020 годзе Расія і Беларусь пачнуць перамовы наконт далейшага выкарыстання расіянамі двух вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі нашай краіны.
«Праца па вырашэнні пытанняў далейшага выкарыстання названых аб'ектаў, у тым ліку з правядзеннем кансультацый і перамоваў з расійскім бокам, запланаваная на 2020 год», — паведамілі інфармагенцтву ТАСС у Міністэрстве абароны Беларусі.

Гаворка ідзе пра радыёстанцыю ў Вілейцы і сістэму папярэджання аб ракетным нападзе на радыётэхнічным вузле пад Ганцавічамі. Дамова пра іх выкарыстанне была падпісаная 6 студзеня 1995 года, набыла моц 7 чэрвеня 1996 года. Дамовы былі падпісаныя на 25 гадоў, таму тэрмін іх дзеянны неўзабаве скончыцца.

«У выпадку нежадання аднаго з бакоў падоўжыць тэрмін іх дзеяння ён пісьмова паведамляе другі бок аб прынятым рашэнні за 12 месяцаў да заканчэння дзеяння пагадненняў — гэта значыць, не пазней за 6 чэрвеня 2020 года», — кажуць у Мінабароны.

Радыёлакацыйная станцыя «Волга» пад Ганцавічамі дапамагае выяўляць балістычныя ракеты, касмічныя аб'екты і ажыццяўляе кантроль над раёнамі патрулявання падлодак краін NATO ў Паўночнай Атлантыцы і Нарвежскім моры. Радыёстанцыя "Антэй" у Вілейцы забяспечвае сувязь на звышдоўгіх хвалях Галоўнага штаба ВМФ Расіі з атамнымі падлодкамі, якія нясуць баявое дзяжурства ў Атлантычным, Індыйскім і Ціхім акіянах. Таксама станцыя вядзе радыётэхнічную разведку і радыёэлектронную барацьбу.


euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: