«Расія сёння дзікая. Хіба можна думаць пра аб’яднанне з такой краінай?» — Багданкевіч

На пытанне, ці ўдасца Расіі прымусіць Беларусь да аб’яднаньня нацыянальных валют і іншых інтэграцыйных крокаў, «Радыё Свабодзе» адказаў былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.



«Ёсць рэчы, якія не мусяць прадавацца ні за якія грошы, — гэта незалежнасць»



«І тады, у пачатку 2000-х не ўдалося, і цяпер наўрад ці ўдасца. Беларусь хоча захаваць суверэнітэт і незалежнасць. Аб’яднанне з Расіяй — гэта страта незалежнасці», — перакананы Багданкевіч.

Паводле яго, паколькі Расія вялікая і памерамі валавога нацыянальнага прадукту несупастаўная з Беларуссю, яна заўсёды будзе дамінаваць. Таму, каб не быць у падпарадкаванні, Беларусі трэба захаваць і незалежную валюту, і іншыя атрыбуты незалежнасці.

Адносна верагоднай грашовай выгады ад аб’яднання грашовых сістэм двух краінаў Станіслаў Баганкевіч сказаў, што ёсць рэчы, якія не мусяць прадавацца ні за якія грошы, — гэта незалежнасць.

«І чаму абавязкова трэба прадавацца з-за таго, што няма сваёй нафты і газу? Колькі краінаў ёсць, якія не маюць нафты і газу, але жывуць, развіваюцца эканамічна і палітычна», — сказаў былы старшыня Нацбанку Беларусі.

«Расія, якую мы сёння назіраем — гэта дзікая Расія»

Ён дадаў, што падзяляе думку Станіслава Шушкевіча, які нядаўна ў інтэрв’ю сказаў, што мы маглі б сябраваць з Расіяй, калі б яна была іншай — дэмакратычнай, прадказальнай у палітычным плане — але яна такой не з’яўляецца.

«Калі б яна была цывілізаванай еўрапейскай краінай, можна было б яшчэ пра гэта думаць, але Расія, якую мы сёння назіраем — гэта дзікая Расія. Якая гатовая парушаць міжнародныя дамовы, гатовая страляць у гэтак званых сваіх братоў. Хіба можна думаць пра аб’яднанне з такой краінай?» — лічыць Багданкевіч.

Багданкевіч назваў «дзікасцю» інцыдэнт у Керчанскай пратоцы, калі 25 лістапада расійскія вайскоўцы адкрылі агонь па караблях украінскіх ВМС, захапілі іх і арыштавалі ўкраінскіх маракоў, абвінаваціўшы іх у парушэнні дзяржаўнай мяжы.

«Аб’яднанне валют — апошні этап, толькі калі ўсе іншыя пытанні адзінства вырашаныя»

У пачатку 2000-х гадоў, калі Расія зноў прапанавала Беларусі аб’яднаць грошы, Станіслаў Багданкевіч ужо быў на пенсіі. Што вядома былому старшыні Нацбанку Беларусі пра захады Расіі ў аб’яднанні валют? Ці моцным тады быў ціск з яе боку на Беларусь?

«Ціск заўсёды быў, але калі краіна займае ясную пазіцыю, дык ніякі ціск ня дасць выніку. Тады і Лукашэнка цвёрда выказаўся за захаванне незалежнасці. Магчыма, найперш для захавання асабістай аўтарытарнай ўлады, на якую спакушаецца Расіі», — кажа Багданкевіч.

Паводле Багданкевіча, тады ўдалося не саступіць ня толькі дзякуючы Аляксандру Лукашэнку, які адхіліў прапанову аб’яднаць валюты, але і дзякуючы пазіцыі старшыні Нацбанку Паўла Калаўра.

«Іншыя высокія асобы ў дзяржаве таксама былі супраць. Як Павал Калаўр, які абараніў дысертацыю на тэму суверэнітэту нацыянальнай валюты. Ён пісаў у гэтай працы, што аб’яднанне валют — апошні этап аб’яднання, толькі калі ўсе іншыя пытанні адзінства вырашаныя, можна думаць пра адзіную валюту.

Мусіць быць адзіная сістэма фармавання коштаў, адзіная мытная сістэма — шмат чаго. А ў нас жа нічога гэта не вырашана. Нездарма ж нядаўна Лукашэнка палаяўся з Пуціным. Няма адзінай сістэмы», — падкрэслівае Багданкевіч.

«Мы еўрапейская краіна і ідэал для нас — дэмакратыя, а не аўтарытарызм»

На думку былога старшыні Нацбанку, з аднаго боку Расея больш рынкавая, з іншага — ня менш аўтарытарная. Таму ягоная пазіцыя застаецца нязменнай — сёння трэба захоўваць суверэнітэт, і ня толькі з эканамічных рэзонаў, але і палітычных.

«Мы ўсё ж еўрапейская краіна і ідэал для нас — гэта дэмакратыя, а не аўтарытарызм», — лічыць Багданкевіч.

«Колькі можна быць нахлебніцай? Адсюль і пагроза незалежнасці»

Ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву дамовіцца пра кампенсацыю стратаў ад падатковага манеўра ў Расеі? Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што шанцы застаюцца.

«Мяркую, Расія саступіць у чарговы раз, ёй важна захоўваць Беларусь як прыдатак сваёй імперыі, і таму яна пойдзе на некаторыя саступкі. Іншая рэч, што Беларусі трэба заканчваць з гэтым. Колькі можна быць нахлебніцай? Менавіта адсюль галоўная пагроза незалежнасці», — кажа Багданкевіч.

Паводле яго, Лукашэнка пакуль манеўруе, і гэта ў яго ўдаецца нядрэнна, але было б добра, каб яму яшчэ хапіла палітычнага духу перабудоўваць сістэму кіравання дзяржаўнымі кампаніямі і прадпрыемствамі.

«Велізарныя прыбыткі маем, прыкладам, ад калійных солей ці некаторых іншых тавараў, а куды іх трацім? Трацім на ўтрыманне стратнага „Гомсельмашу“ ды іншых стратных кампаній. Маглі б падняць заробак настаўнікам, іншым бюджэтнікам, а трацім упустую і гэтак шмат дзе. Такія ясныя рэчы, а Лукашэнка 20 гадоў не вырашае гэтую праблему і давёў да таго, што яму зноў ставяць ультыматум — аб’ядноўвай грошы», — кажа Багданкевіч.

www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!