Расія стала правяраць пашпарты ў пасажыраў, якія прыбываюць з Беларусі на самалёце

Таксама ў сацыяльных сетках з'явіліся паведамленні аб тым, што на беларуска-расійскай мяжы з нашага боку заўважаны стацыянарныя кантрольныя пункты.
фота: pulkovo-aeroport.ru

фота: pulkovo-aeroport.ru

Турысты паведамляюць, што бачылі стацыянарныя кантрольныя пункты ў Мсціслаўскім раёне. Страхавы агент, які працуе на пункце пропуску «Каськово», пацвердзіў, што з'явіліся «вагончыкі» для памежнікаў, аднак пакуль ніякага кантролю там не ажыццяўляецца.

У Дзяржаўным памежным камітэце дадзены факт абвяргаюць.

«Не ведаю, пра якія вагончыкі ідзе гаворка, але органаў памежнай службы на расійскім напрамку не было і няма», — заявіў Naviny.by намеснік прэс-сакратара Антон Бычкоўскі.

Нагадаем, з лістапада 2016 года расійскім бокам стаў больш жорсткім наземны кантроль на мяжы. Замежнікам, па сутнасці, забаранілі транзітам ездзіць з Беларусі ў Расію. Яны могуць трапіць у РФ толькі праз міжнародныя пункты пропуску. На мяжы паміж Беларуссю і Расіяй такіх няма, таму замежным турыстам даводзіцца ехаць у аб'езд праз Латвію або праз пункт пропуску «Новыя Юркавічы» ў Бранскай вобласці. Ён мае статус міжнароднага, бо знаходзіцца на стыку межаў Беларусі, Украіны і Расіі.

А літаральна на днях расійскія памежнікі сталі правяраць пашпарты пасажыраў, якія прыбываюць з Беларусі ў Расію на самалёце, хоць дадзеныя рэйсы лічацца ўнутранымі, і раней такіх праверак не было. У выніку турысты вымушаныя больш часу праводзіць у аэрапорце.

Як патлумачылі БелаПАН у Пагранічнай службе ФСБ Расіі, дадзеная мера часовая і звязана з тым, што зафіксавана шмат парушэнняў пры перасячэнні мяжы з Беларусі.

Грамадзяне трэціх краін заўсёды павінны былі праходзіць пашпартны кантроль. Паколькі з натоўпу пасажыраў складана выявіць, у каго беларускі пашпарт, а ў каго — замежны, правяраюць зараз усіх, хто прыбыў з Беларусі ў Расію.

Расійскія памежнікі запэўніваюць, што дадзеная мера не звязаная з тым, што ў Беларусі ўводзіцца бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін, якія могуць знаходзіцца ў краіне тэрмінам да пяці дзён.

Ці стане пашпартны кантроль у расійскіх аэрапортах сталым, залежыць ад дамоўленасцей МЗС Расіі і Беларусі. Цяпер гэта пытанне разглядаецца знешнепалітычнымі ведамствамі, паведамілі ў Памежнай службе РФ. Аднак у беларускім МЗС дадзеную інфармацыю не камэнтуюць.

Тым часам у нацыянальным аэрапорце «Мінск» пашпартны кантроль грамадзян Беларусі і Расіі на ўнутраных рэйсах па-ранейшаму не ажыццяўляецца, заяўляюць у ДПК.

Паводле ej.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: