Расія вяртаецца ў ПАРЕ. Час на Беларусь?

Расіі вярнулі права голасу ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, хоць краіна была пазбаўленая яго пасля падзеяў 2014 года. Для Крамля гэта вялізны прарыў у плане згортвання санкцыяў, для Еўропы — чарговая спроба дыялогу з краінай, якую яшчэ нядаўна нібыта лічылі агрэсарам…
Для неабазнанай у нюансах міжнароднай палітыкі публікі, ПАРЕ, як і сама Рада Еўропы (РЕ) — усяго толькі абрэвіятуры еўрапейскіх структураў з туманным наборам функцыяў. Калі коратка, то Рада была створаная ў 1949-м годзе як міжнародная структура, пакліканая займацца пытаннямі дэмакратыі і абароны правоў чалавека. У Парламенцкую Асамблею пры ёй уваходзяць парламентарыі краінаў-удзельніц. Да 2014 года там была і Расія, але яе выключылі праз анэксію Крыма і спрыянне баявікам на ўсходзе Украіны.

Што ж змянілася за пяць год і чаму Расіі вяртаюць у ПАРЕ права голасу? Сімвалічна, дарэчы, што гэта адбываецца на тле нядаўняй публікацыі вынікаў расследвання пра збіты на Данбасе ў 2014-м «Боінг»: адказнымі былі прызнаныя грамадзяне РФ, сярод якіх і сумнавядомы Ігар Гіркін «Стралкоў»… Рамантычная версія, назавем яе так, зводзіцца да таго, што ўдзел у ПАРЕ патрэбны найперш грамадзянам Расіі, правы якіх парушае дзяржава. Маўляў, такім чынам яны змогуць звяртацца ў Суд па правах чалавека.

Прагматычная версія тычыцца грошай і спробы дыялогу. Па-першае, Расія як удзельніца раней плаціла штогод каля 30 мільёнаў долараў на патрэбы Рады (каля 10% агульнага бюджэту структуры). Па-другое, Еўропе патрэбен канал перамоваў і супрацы з мэтай палепшыць стасункі з Крамлём. Калі з грашыма і перамоўным каналам усё банальна і зразумела, то са зваротамі грамадзянаў і абаронай іхных правоў справа даволі заблытаная: паводле экспертаў, рашэнні Еўрапейскага суда ніякім чынам не ўплываюць на агульны прававы клімат у Расіі, як і ў Турцыі, дарэчы. Канстытуцыйны суд РФ усё адно можа перагледзець і скасаваць тыя рашэнні.

Паводле ўкраінскіх аналітыкаў, практычныя наступствы вяртання Расіі ў ПАРЕ невялікія. Ну, хай сабе дэпутат Жырыноўскі выступіць з еўрапейскай трыбуны і нагаворыць прапагандыскціх штампаў. Што гэта глабальна зменіць? А вось стратэгічныя наступствы — блізкія да катастрофы. Чаму? Бо Еўропа, як выявілася, пасля гісторыі з малазійскім «Боінгам», пасля «навічка» ў Солсберы, пасля Крыму і Данбасу, так нічому і не навучылася, але працягвае шукаць дыялогу з Крамлём. Цікава таксама, што супраць вяртання Расіі ў РЕ галасавалі ўкраінцы, палякі, шведы, прыбалты і брытанцы. Як бачым, гэта прадстаўнікі краінаў, якія адчуваюць «подых імперыі» зусім блізка ад сваіх межаў.

Усё гэта выглядае як канец «постялцінскай» Еўропы, якая пасля ІІ Сусветнай стваралася на каштоўнасным падмурку і намагалася больш ніколі не дапусціць рэваншу аўтарытарных рэжымаў. Атрымліваецца, што ўсе дэклараваныя каштоўнасці — усяго толькі прыгожая рамка, аздоба для прагматычных эканамічных ды палітычных інтарэсаў. Дык, можа, час, калі на тое пайшло, і Беларусі вяртацца ў Раду Еўропы?

Калі вы памятаеце, прадстаўнікоў нашай краіны ў ПАРЕ не чакаюць праз практыку смяротнага пакарання ў Беларусі (апошнія прысуды, дарэчы, былі выкананыя перад пачаткам Еўрапейскіх гульняў), а таксама праз сітуацыю з несвабоднымі выбарамі. Дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зараз запрашаюць у асобныя еўрапейскія краіны, але сам орган на Захадзе дагэтуль не лічыцца легітымным.

З аднаго боку кейс Беларусі выглядае вельмі падобным да расійскага. З іншага — не. Па-першае, застацца за бортам Рады Еўропы, у якую ужо нават Расію вярнулі, нават неяк сорамна. Быццам гэта ў нас «Боінгі» збіваюць ды дасылаюць разліваць «навічок» па ўсім свеце супрацоўнікаў спецслужбаў. Па-дургое, ёсць яшчэ і «метафізічны» фактар — мяжа Еўропы мае праходзіць акурат недзе паміж Оршай і Смаленскам, а не губляцца на бязмежных прасторах Еўразіі. Калі ж Расія вяртаецца ў ПАРЕ, а Беларусь не, мы зноўку выяўляемся нейкай «чорнай дзірою» на мапе Еўропы… Крыўдна.

Кажуць, зрэшты, што для афіцыйнага Мінска верагодная саступка з боку Еўропы была б фактарам, які канчаткова легалізуе айчынны аўтарытарызм. І смяротнае пакаранне застанецца, і выбары па традыцыйным сцэнары, і «творчыя эксперыменты» сілавікоў… Рэжым і сістэма кіравання наўпрост канчаткова закансервуюцца ў сваім сённяшнім выглядзе, а які-небудзь чарговы сенатар зможа агучваць свае рэфлексіі пра «асаблівы шлях» ды «попыт на дыктатуру» ўжо з еўрапейскай трыбуны.

Можа яно і так. Можа Беларусь яшчэ і не гатовая ў плане правоў чалавека, выбараў, стандартаў судовай і пенітэцыярнай сістэмы. Але мы бачым на свае вочы, што ўсё гэта, па вялікім рахунку, не цікава і прадстаўнікам Еўропы. Калі б Беларусь была сур’ёзным гульцом у рэгіёне, нам бы даравалі і гэта, і звыш гэтага. Размова ж — пра грошы і ўплывы, а не пра прыгожыя філасофскія абстракцыі. А грошай і ўплываў мы пакуль акурат не маем, таму, мяркую, Расія зможа сабе дазволіць і чарговы «Боінг», і чарговых палонных украінскіх маракоў, і яшчэ шмат чаго. Беларусь жа пакуль, падабаецца нам ці не, наўпрост пачакае ў калідоры ля зачыненых дзвярэй.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!