Расія забараніла ўвоз мясной прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў

А ўсяго тыдзень таму расійскі прэм’ер даручаў звузіць абмежаванні па малочных прадуктах, паведамляе Радыё Свабода.
Рассельгаснагляд часова забараніў ад 8 траўня пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў: Лунінецкага каўбаснага цэху камбінату «Палессе», Магілёўскага мясакамбінату, Пінскага кааппраму і кампаніі «Рывіерагруп» з Лідскага раёну.

Яшчэ пяць прадпрыемствы трапілі пад узмоцнены лабараторны кантроль: кампаніі «Аляксандраў», «Бетпак», Брэсцкі мясакамбінат, Слуцкі сыраробны камбінат і Камбінат кааператыўнай прамысловасці з Пружанскага раёну.

Абмежаванні тлумачаць паўторным выяўленнем розных парушэнняў санітарных патрабаванняў, у тым ліку ДНК свінні або курыцы ў ялавічыне і непажаданыя бактэрыі і лекі.

Рассельгаснагляд перыядычна забараняе пастаўкі зь Беларусі мясной і малочнай прадукцыі – гэта называюць адпаведна «мяснымі» і «малочнымі войнамі». Паводле расійскіх СМІ, Расія ня хоча прызнаваць беларускі ветэрынарны кантроль.

5 красавіка Расія забараніла ўвоз з Беларусі буйной рагатай жывёлы і ялавічыны на костцы. З 12 красавіка Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі яблыкаў і грушаў з Беларусі. Таксама Расія пагражае забараніць беларускія шампіньёны і трускалкі.

Прэм’ер-міністр Расіі Дзмітры Мядзведзеў 30 красавіка даручыў Рассельгаснагляду замест абмежавання цэлых сектараў паставак беларускай малочкі пакінуць абмежаванні толькі ў дачыненні да прадпрыемстваў, якія не змаглі пацвердзіць бяспеку сваёй прадукцыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!