Расійскі амбасадар не выключае, што Сафія Сапега можа быць памілаваная ў Беларусі

Магчымасць памілавання арыштаванай у Беларусі расіянкі Сафіі Сапега абмяркоўваецца, не выключае амбасадар Расіі ў Беларусі Яўген Лук'янаў.
Яўген Лук

Яўген Лук'янаў. Фота Global Look Press

Раней бацька дзяўчыны Андрэй Сапега ў відэазвароце папрасіў Аляксандра Лукашэнку памілаваць яго дачку, нагадвае РБК.

«Ён [бацька Сапега] звярнуўся. Значыць, [магчымасць памілавання] абмяркоўваецца», — сказаў Лук'янаў.

Паводле яго слоў, яму невядома пра адказ беларускага боку на зварот, дыпламат пераадрасаваў пытанне да беларускіх улад. «Я зыходжу з таго, што, калі ёсць зварот, значыць, павінен быць адказ. Якім ён будзе, гэта ўжо іншае пытанне», — дадаў пасол.

Сафія Сапега была затрыманая ў маі разам з журналістам Раманам Пратасевічам пасля вымушанай пасадкі самалёта «Ryanair» у Мінску. Затым абодва былі арыштаваныя.

Пасля затрымання на апублікаваным беларускімі сілавікамі відэа расіянка паведаміла, што адмініструе Telegram-канал «Чорная кніга Беларусі», дзе публікуюцца асабістыя звесткі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Аднак маці дзяўчыны Ганна Дудзіч сказала, што Сапега ў жніўні 2020 года з'ехала з Беларусі ў Літву і яе не было ў краіне падчас пратэстаў. Ёй прад'яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 130 КК Беларусі («Распальванне сацыяльнай варожасці і розні»). Па гэтым артыкуле ёй пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

У чэрвені бацька Сапега папрасіў Лукашэнку аб міласэрнасці. Паводле яго слоў, яго дачка «апынулася не ў тым месцы і не з тым чалавекам».

Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што следства па справе Сапега і Пратасевіча будзе праходзіць у Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: