Расійскі міністр беларускіх унутраных справаў

Беларуская паліталагічная загадка: чаму апошнія 20 гадоў міністрамі ўнутраных справаў становяцца выключна небеларусы па паходжанні? Адказ, напэўна, ёсць, але ведае яго толькі адзін чалавек — той самы, хто міністраў і прызначае.

Новапрызначаны кіраўнік МУС Юрый Караеў пахо­дзіць з Паўночнай Асеціі (уваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі), а ў Беларусь прыехаў яшчэ за савецкім часам. І хоць у новага міністра яшчэ не было часу засвяціцца ў нейкім скандале, як гэта любіў рабіць яго папярэднік Ігар Шуневіч, ужо ўсплылі некаторыя падрабязнасці, па якіх можна меркаваць, што вялікіх сентыментаў да беларушчыны Юрый Караеў не мае.

Так, вядомы чэмпіён свету па тайскім боксе беларус Віталь Гуркоў апублікаваў гісторыю, як Юрый Караеў, калі стаў старшынёй Федэрацыі муай-тай і кікбоксінга, вымусіў спартоўца сысці з беларускай каманды. З-за фотаздымка ў інтэрнэце, на якім баксёр пазіруе з капай з выявай «Пагоні», у федэрацыі спартоўца назвалі ворагам і абвінавацілі ледзь не ў экстрэмізме. У выніку Віталь Гуркоў звольніўся з каманды па сканчэнні кантракта. І хоць кожны другі, калі не кожны першы каментатар пад навінамі пра прызначэнне Караева звяртае ўвагу на ягонае расійскае паходжанне, гэта не адзінае, што засмучае ў асобе і ў працы новага міністра.

Прыцягвае ўвагу і ягоная, так скажам, спецыялізацыя — Караеў камандаваў навучальным батальёнам вайсковай часткі ўнутраных войскаў 3214 (спецназ), вайсковымі часткамі 5527 і 5522, палком мінскага спецназа, вайсковай часткай спецназа, а ў 2012 годзе ўзначаліў унутраныя войскі. Напрамак відавочны — сілавы, а там найбольш цэніцца дысцыпліна, падпарадкаванасць, адданасць начальніку. Адзін з лідараў партыі АГП, былы міліцыянт Мікалай Казлоў у інтэрв’ю журналістам ужо выказаў перасцярогу, што Беларусь можа ператварыцца ў адну вялікую зону, і што асабіста яго палохаюць людзі, якія выходзяць у міністры з унутраных войскаў — маўляў, гэта не праваахоўнікі, а карнікі.

Што ж, калі Караеў сапраўды пастаўлены, каб навесці парадак, беларускай грамадзянскай супольнасці прыйдзецца зусім не лёгка. Хаця, вядома ж, не ён у выніку прымае рашэнні.


Не такімі заўважанымі (хоць ад гэтага яны і не змяншаюцца ў сваёй значнасці) прайшлі ў СМІ дзве навіны з адукацыйнай сферы. Гісторыя першая: студэнты БДУ паскардзіліся журналістам на дэканат, які прымушае іх пераздаваць сесію пасля таго, як навучэнцы адмовіліся ад валанцёрства ў «Еўрапейскіх гульнях». Маўляў, дэканат, улічыўшы валанцёрства, паспрыяў выстаўленню ўдвая вышэйшых адзнак па прадметах, а студэнты, быццам бы, падводзяць універсітэт.

Гісторыя другая: у самай вядомай сталічнай беларускамоўнай гімназіі №23, якая сярод іншага славілася і тым, што там не прымушаюць уступаць у піянеры ды БРСМ, выпадкова выявілі падлог. Апынулася, што ў спісах БРСМ лічыліся школьнікі, якія ніколі туды не ўступалі, і нават стаялі «іх» подпісы ў ведамасцях за здадзеныя ўнёскі. Дырэкцыя школы ўсклала ўсю віну на аднаго педагога-арганізатара, але ў бацькоў з’явіліся вялікія сумневы, што ў гэтай аферы быў задзейнічаны толькі адзін педагог, і што гэта разавая памылка, а не сістэмная з’ява.

Навіны зусім розныя, але што іх яднае? Абедзве гісторыі — гэта цудоўныя характарыстыкі цяперашняй сістэмы адукацыі. Сістэмы хлуслівай, паказушнай, крывадушнай. І ад такіх навін не менш боязна, чым ад прызначэння Караева міністрам, бо гэтыя несумленныя людзі штодня працуюць з дзецьмі, вучаць іх, уплываюць на фарміраванне іх асобаў, урэшце дзеці бяруць з іх, як і з любых дарослых, прыклад. Які ж прыклад можна ўзяць з супрацоўніцы дэканата (не апошні чалавек ва ўніверсітэце!), што падгаворвае выкладчыка паставіць вышэйшы бал студэнтцы, якая будзе раздаваць сасіскі замежным гасцям у сталоўцы?

Ну і трохі аптымістычнага. Брэсцкі аблвыканкам нарэшце зразумеў, што не можа другі год хавацца ў бульбу (ці ў клубніцы) і рабіць выгляд, што пратэстаў супраць запуску акумулятарнага заводу не існуе, і нарэшце пагадзіўся на сустрэчу з актывістамі. На сустрэчы чыноўнікі агучылі магчымасць спынення ўвядзення завода ТАА «Ай Паўэр» у эксплуатацыю. Відавочна, такой сустрэчы паспрыяла злітая ў сацсеткі запіска абласнога прыродаахоўнага камітэта ў аблвыканкам, у якой гаварылася пра значнае перавышэнне нормаў выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра. Брэсцкія ўлады ўзялі тыдзень, каб праверыць парушэнні, зафіксаваныя актывістамі, і абяцалі на наступным тыдні вынесці рашэнне пра далейшую працу завода.

Тым часам, праціўнікі будаўніцтва завода не расслабляюцца і працягваюць кругласуткавае дзяжурства, а ў нядзелю збіраюць людзей на традыцыйнае кармленне галубоў на цэнтральную плошчу Брэста. Мажліва, да іх далучыцца і кіраўніцтва завода, якое ўсхвалявалася з нагоды перспектывы закрыцця прадпрыемства? Дырэктар ТАА «Ай Паўэр» Сяргей Мельніковіч распавёў журналістам, што, паколькі прадстаўнікі завода маюць такія ж правы, як і пратэстоўцы, калі справа дойдзе да закрыцця завода, яны таксама выйдуць і будуць пратэставаць.

Цікава толькі, ці ў курсе Сяргей Мельніковіч, што праціўнікаў акумулятарнага заводу апошнія паўтара года бесперапынна штрафавалі, садзілі «на суткі», ціснулі на сваякоў і сяброў, — і ці згодны ён хоць на мінімальную ахвяру дзеля свайго сумнеўнага прадпрыемства?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!