Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура

Расійская амбасада ў Беларусі не толькі займаецца падтрымкай дыпламатычных і гандлёвых зносінаў, культурніцкім і гуманітарным абменам. Але і валодае значным патэнцыялам для здзяйснення знешняй выведкі спецслужбамі і ёсць адным з асноўных рэалізатараў расійскай стратэгіі «мяккай сілы» ў дачыненні да Беларусі.

Матэрыялы расследавання пададзеныя ў выглядзе справаздачы ў некалькіх частках. У першай — аналітычныя звесткі пра прадстаўнікоў сілавога блоку расійскай дыпламатычнай місіі ў Беларусі і аналіз біяграфіі амбасадара Расіі ў Беларусі Дзмітрыя Мезенцава.

Дыпламатычныя зносіны Беларусі з Расійскай Федэрацыяй былі ўсталяваныя ў чэрвені 1992 года. Ад самага пачатку дзейнасці амбасада РФ займела ўсе мажлівасці для арганізацыі легальнай рэзідэнтуры расійскіх спецслужб. Першым яе кіраўніком і практычна заснавальнікам стаў падазраваны Аўстралійскай службай бяспекі і выведкі (ASIO) у шпіянажы дыпламат Ігар Сапрыкін, які на той момант ужо меў 30-гадовы стаж дыпламатычнай службы і досвед працы ў Вялікабрытаніі, ЦАР, Аўстраліі і Бангладэш. Час службы Сапрыкіна прыпадае на абранне прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, правядзенне рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, пачатак русіфікацыі і інтэграцыі з Расіяй.

Вайскова-тэхнічны і палітычны шпіянаж, дыверсійную дзейнасць пад прыкрыццём расійскіх амбасадаў здзяйсняе сёння трыяда службаў знешняй выведкі Расійскай Федэрацыі — Галоўнае ўпраўленне (да 2010 года ГРУ, далей у тэксце выкарыстоўваецца гэтая абрэвіятура) Генштабу Узброеных сілаў (УС) РФ, Служба знешняй выведкі (СЗВ), у якую трансфармавалася ў 1992 годзе Першае галоўнае ўпраўленне КДБ СССР, і ФСБ. Як правіла, у складзе дыпламатычнай місіі супрацоўнікі гэтых спецслужб з’яўляюцца дарадцамі, сакратарамі альбо гандлёвымі прадстаўнікамі расійскіх і замежных кампаніяў і арганізацыяў, супрацоўнікамі вайсковага аташату. Іх галоўныя задачы — збор, апрацоўка, аналіз дадзеных, рэгулярныя справаздачы, вярбоўка агентуры і сувязь з агентурным сецівам. Мэтамі вярбоўкі аказваюцца перадусім прадстаўнікі вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы, рэгіянальнай наменклатуры, бізнес-асяроддзе і ўплывовыя персоны грамадзянскай супольнасці ў краіне прызначэння.

Кадравых супрацоўнікаў расійскага дыпкорпусу рыхтуюць Дыпламатычная акадэмія МЗС РФ, Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў (МДІМА, рус. — МГИМО), Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, Вышэйшая школа эканомікі, Вайскова-дыпламатычная акадэмія (так званая «кансерваторыя» ГРУ) і іншыя ВНУ.

Паводле дадзеных заходніх службаў бяспекі, колькасць кадравых супрацоўнікаў расійскай знешняй выведкі можа сягаць да 30 працэнтаў ад складу дыпкорпусу. СЗВ займаецца пераважна палітычнай выведкай і здзяйсняе ахову супрацоўнікаў амбасады. Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці ФСБ і ГРУ за мяжой, апроч вайсковай выведкі, ёсць вядзенне інфармацыйнай вайны, якая ўключае дэзінфармацыю, інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, інфармацыйныя атакі і іншыя дэструктыўныя дзеянні.

Адным з адыёзных кіраўнікоў дыпламатычнай місіі РФ у Беларусі быў шчыльна звязаны з ФСБ Міхаіл Бабіч, які за восем месяцаў сваёй дзейнасці паспеў заслужыць мянушку «беларускага генерал-губернатара». Пасля шэрагу скандалаў і адклікання яго з пасады новым Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам РФ у Беларусі 30 красавіка 2019 года прызначаны Дзмітрый Мезенцаў.

У траўні 2019 года МЗС Беларусі выдала агрэман на прызначэнне Мезенцава, які ў чэрвені распачаў дыпламатычную дзейнасць. Прадстаўнікі экспертнай супольнасці часта называюць яго «другім Сурыкавым» праз нібыта канфармісцкі і неканфліктны характар. Аднак яго постаць на сённяшнім этапе паўнавартаснага разгортвання так званага «Союзного государства» (далей — СГ) відавочна адыгрывае адну з ключавых роляў.

Дзмітры Мезенцаў. Фота kp.ru


Дзмітрый Фёдаравіч Мезенцаў нарадзіўся ў 1959 годзе ў Ленінградзе, у 1981-м скончыў Ленінградскі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. З 1984 па 1990 гады служыў у чыгуначных войсках, у органе армейскага друку. Падчас вайсковай службы стаў чальцом Саюза журналістаў СССР, а ў 1990-м яго абралі ў Ленінградскую гарадскую раду. Дэпутацкая кар’ера Мезенцава трывала да 1993 года.

Мезенцаў — прадстаўнік так званай «піцерскай» групы расійскай палітычнай эліты, шчыльна звязанай з Уладзімірам Пуціным. Вызначальны этап яго біяграфіі — перыяд з 1991 па 1996 гады, калі ён ачольваў Камітэт па друку і СМІ мэрыі Санкт-Пецярбургу, бо менавіта тады ён стаў паплечнікам і калегам Пуціна. У 1996 годзе Мезенцава перавялі ў Маскву, дзе ён працаваў намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па друку. Праз два гады ён абараніў дысертацыю на тэму «Псіхалогія ўплыву СМІ на фарміраванне палітычных установак асобы» і атрымаў навуковую ступень кандыдата псіхалагічных навук. У 1999-м стаў дактарантам МДІМА і прэзідэнтам Фонду «Центр стратегических разработок», які, паводле пэўнай  інфармацыі, ён і заснаваў. Менавіта гэты фонд рыхтаваў праграму першага прэзідэнцкага тэрміну Уладзіміра Пуціна.

Штаб Уладзіміра Пуціна на яго першых прэзідэнцкіх выбарах, 2000 год (Мезенцаў чацвёрты леваруч). Фота meduza.io

З 2002 года Мезенцаў стаў чальцом Савету Федэрацыі (СФ) у якасці прадстаўніка ад Іркуцкай вобласці. З 2004 па 2009 гады — намеснік старшыні СФ Сяргея Міронава, а з 2005 па 2009-ты ачольваў у СФ камісію па інфармацыйнай палітыцы. З 2006 года Мезенцаў спалучаў сенатарства з працай у Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС), у якой да 2013-га ачольваў кіраванне Дзелавога савету, а з 2013 па 2015-ты выконваў функцыі генеральнага сакратара гэтай арганізацыі. Апроч гэтага, у 2009 годзе Мезенцаў ачоліў кафедру палітычнай псіхалогіі Санкт-Пецябургскага дзяржаўнага ўніверсітэта і стаў губернатарам Іркуцкай вобласці.

Цалкам мажліва, спалучэнне шматлікіх паўнамоцтваў і абавязкаў спрычынілася да таго, што Мезенцава пачалі заслужана крытыкаваць, а ў падначаленай яму Іркуцкай вобласці ён займеў рэпутацыю вельмі слабага гаспадарніка. Значнае пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў рэгіёне непасрэдна адбілася на рэйтынгу галоўнай палітычнай прапрэзідэнцкай сілы, рэгіянальным лідарам якой і быў губернатар Мезенцаў. На парламенцкіх выбарах 2011-га партыя «Единая Россия» атрымала менш за 35% і згубіла свае пазіцыі ў шэрагу ключавых гарадоў Іркуцкай вобласці, з якіх быў сфарміраваны так званы «чырвоны пояс», што апынуўся пад кантролем КПРФ.

Правал «Единой России» на парламенцкіх выбарах у падначаленай Мезенцаву Іркуцкай вобласці быў фінальным акордам фарміравання яго негатыўнай палітычнай рэпутацыі. З адмоўнага боку Мезенцаў праявіў сябе і падчас прэзідэнцкай кампаніі 2012 года, калі было ўхвалена рашэнне зрабіць яго спарынг-партнёрам Пуціна. У выніку фіксацыі шматлікіх фальсіфікацый на этапе збору подпісаў і недахопу дастатковай колькасці сапраўдных подпісаў ЦВК была вымушана адмовіць Мезенцаву ў рэгістрацыі яго кандыдатуры. Пасля гэтага Мезенцаў падаў у адстаўку «па ўласным жаданні».

Цікава, што ў 2016 годзе ён вярнуўся ў Савет Федэрацыі ў якасці прадстаўніка ад ужо Сахалінскай вобласці. З 2017 года і да бягучага свайго прызначэння ачольваў камітэт СФ па эканамічнай палітыцы. Асабліва варта зазначыць, што напрыканцы 2018 года Мезенцава ўключылі ў склад супольнай расійска-беларускай групы па інтэграцыі. Менавіта гэта магло стаць ключавым чыннікам яго прызначэння амбасадарам у Беларусь.

Такім чынам, Дзмітрый Мезенцаў з’яўляецца адмыслоўцам у інфармацыйнай сферы, прафесійна займаецца палітычнай псіхалогіяй, а тэма яго дысертацыі непасрэдна закранае пытанні інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на насельніцтва з дапамогай СМІ. Эфектыўнасць Мезенцава ў гэтым можа перакрыць яго патэнцыйныя хібы падчас кіравання расійскай дыпмісіяй у Беларусі. Апроч таго, выведвальныя групы расійскіх спецслужбаў, якія могуць карыстацца паўнавартасным прыкрыццём амбасады РФ у Беларусі, відавочна не падначаленыя Мезенцаву, а таму застрахаваныя ад яго мажлівых правалаў у адміністрацыйнай дзейнасці.

Паказальна, што з моманту прызначэння Мезенцава амбасадарам супраць вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі, а таксама журналістаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці актывізавалася вядзенне інфармацыйных спецаперацый з боку расійскіх медыярэсурсаў, якія можна разглядаць як элементы паўнавартаснай інфармацыйнай вайны. Расіі неабходнае інфармацыйнае забеспячэнне разбудовы СГ, а расійскаму дыппрадстаўніцтву ў нашай краіне, цалкам мажліва, нададзеная роля асноўнага каардынатара і карэктавальніка інфармацыйна-псіхалагічных аперацый супраць Беларусі, колькасць якіх самым бліжэйшым часам будзе прагназавана павялічвацца.

За пяць месяцаў пасля пачатку працы Дзмітрыя Мезенцава ў дыпламатычны склад амбасады РФ у Беларусі былі ўведзеныя больш за 10 новых супрацоўнікаў. Частку з іх можна ўмоўна назваць чальцамі каманды Мезенцава. Сярод іх — першы сакратар Дзмітры Булгакаў, які быў памочнікам Мезенцава ў ШАС, а да гэтага працаваў трэцім сакратаром Амбасады РФ у КНР; трэці сакратар Мікалай Смятаннікаў, які быў першым намеснікам кіраўніка апарату губернатара Мезенцава, а з 2013 па 2019 гады  каардынаваў і здзяйсняў кантроль за выкананнем даручэнняў Мезенцава ў ШАС; старшы дарадца Пётр Фралоў, які ачольваў аддзел ШАС дэпартаменту азіяцкай і ціхаакіянскай супрацы МЗС РФ, і іншыя дыпламаты.

Трэці сакратар Мікалай Смятаннікаў і старшы дарадца Пётр Фралоў

Адным з ключавых напрамкаў дзейнасці ШАС з’яўляецца сфера бяспекі. У межах арганізацыі створаныя і функцыянуюць рэгіянальныя цэнтры антытэрарыстычнай структуры. Здзяйсняецца ўзаемадзеянне і супраца ў пытаннях памежнай бяспекі. Усё гэта — непасрэдны аб’ект дзейнасці спецслужб, якія, безумоўна, маюць сваіх прадстаўнікоў і ў Шанхайскай арганізацыі супрацы. Таму да ўсіх выхадцаў з гэтай арганізацыі павінна быць асаблівая ўвага.

Нягледзячы на правядзенне актыўнай замены дыпламатычнага складу, большая частка расійскай амбасады (а гэта не менш за 30 чалавек), дагэтуль прадстаўленая людзьмі з каманды колішняга амбасадара Аляксандра Сурыкава. Група Міхаіла Бабіча (прыкладна 15 чалавек) таксама з’яўляецца досыць магутнай і да гэтага часу, але паступова губляе ключавых прадстаўнікоў. Адным з такіх стаў Аляксей Сухаў, які, паводле атрыманай «Новым Часам» інфармацыі ад прэс-цэнтра расійскай амбасады, завяршыў сваю дыпламатычную камандзіроўку ў Беларусі і працуе зараз у Маскве.

Аляксей Сухаў. Фота 73online.ru

Афіцэр ГРУ Аляксей Сухаў, прызначаны дарадцам-пасланнікам, па-сутнасці, намеснікам амбасадара і другой асобай у амбасадзе, больш за год працаваў у Беларусі, якую ведае яшчэ з савецкіх часоў.

Аляксей Пятровіч Сухаў нарадзіўся ў 1962 годзе ў Чалябінску. У 1983-м, пасля заканчэння Чалябінскай вышэйшай танкавай каманднай вучэльні, быў накіраваны ў Беларускую вайсковую акругу, у якой з 1983 па 1987 гады служыў спачатку камандзірам танкавага ўзводу, а потым танкавай роты. Відавочна, Сухаў можа быць знаёмы з усімі асаблівасцямі Беларусі ў якасці патэнцыйнага тэатру ваенных дзеянняў для расійскай арміі. У 1991-м ён скончыў Вайскова-дыпламатычную акадэмію (ВДА), якая штогод выпускае прыблізна сотню элітных выведнікаў, сярод якіх нямала будучых шпіёнаў пад легендай дыпламатаў і вайсковых аташэ, а таксама супрацоўнікаў вайсковай выведкі, што працуюць на нелегальным становішчы. Пасля заканчэння ВДА і аднаго года практычнай дзейнасці ў ГРУ ў 1992 годзе, Аляксей Сухаў быў накіраваны ў амбасаду Расіі ў Кітаі — памочнікам вайсковага аташэ. Пад прыкрыццём гэтай пасады і дыпламатычных правоў афіцэры ГРУ маюць усе мажлівасці для здзяйснення вайсковай выведкі.

У 1995 годзе Сухава перавялі ў цэнтральны апарат ГРУ, дзе ён ачольваў групу Упраўлення. Праз два гады ён вярнуўся на працу ў расійскую дыпмісію ў Кітаі як старшы памочнік вайсковага аташэ. Пасля заканчэння ў 2002 годзе Вайсковай акадэміі Генштабу УС РФ Сухава прызначылі намеснікам начальніка накіравання ГРУ. З 2004 па 2008-мы яго наноў накіравалі ў Кітай ужо ў якасці аташэ па пытаннях абароны пры расійскай амбасадзе. Кіраўнікамі вайсковага аташату, як правіла, з’яўляюцца дасведчаныя выведнікі, галоўнай функцыяй якіх ёсць кіраванне ў краіне прызначэння вайсковай выведвальнай дзейнасцю.

З 2008 па 2009-ты Сухаў выконваў папярэднія функцыі намесніка начальніка кіравання ГРУ. Да 2010 года ён кіраваў упраўленнем і часова выконваў абавязкі начальніка Галоўнага ўпраўлення міжнароднай вайсковай супрацы Міністэрства абароны РФ. З 2010 па 2011 гады працаваў у якасці рэферэнта Дырэктара Федэральнай службы РФ па кантролі за абаротам наркотыкаў, якая таксама здзяйсняе выведку ў Афганістане і Цэнтральнай Азіі. Паводле ўказа Дзмітрыя Мядзведзева (на той час кіраўніка Расіі) яму было нададзенае адмысловае званне генерал-маёра паліцыі.

Аднак на сваёй пасадзе Сухаў знаходзіўся нядоўга, з сакавіка 2011 года яго прызначылі дырэктарам Дэпартамента міжнароднай супрацы Міністэрства энергетыкі Расіі, які ён ачольваў да 2012 года. Са студзеня 2012 года Сухаў — памочнік і намеснік паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта ў Прыволжскай Федэральнай акрузе (ПФА). Тую пасаду займаў Міхаіл Бабіч, які знаходзіўся на ёй усяго толькі месяц. У абавязкі Аляксея Сухава ўваходзіла куратарства ўнутранай палітыкі па лініі адміністрацыі прэзідэнта ў рэгіёнах ПФА і каардынацыя дзейнасці сілавых структур — паліцыі, следчых органаў і пракуратуры. Яго перавод у групу Бабіча ў Мінск быў цалкам заканамерным і лагічным.

На працягу дзейнасці на тэрыторыі Беларусі (больш за год) Аляксей Сухаў меў усе мажлівасці не толькі для пераводу выведвальна-агентурнай дзейнасці на новы ўзровень, але і для правядзення ўсіх неабходных актыўных мерапрыемстваў у межах забеспячэння рэактывізацыі разбудовы «Союзного Государства».

Паказальна, што Сухаў узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу», ордэнам «За ваенныя заслугі», якія, пэўна, сведчаць, што ён мае досвед удзелу ў баявых дзеяннях. На жаль, у гэтым пераліку можа з’явіцца чарговая ўзнагарода, аднак ужо па выніках яго дзейнасці ў нашай краіне.

Амаль цэлы год на тэрыторыі Беларусі ў складзе групы Бабіча пад прыкрыццём статусу першага сакратара амбасады РФ працаваў і Андрэй Клінцэвіч, сын вядомага расійскага сенатара Франца Клінцэвіча. Да пераводу ў Беларусь Клінцэвіч-малодшы ачольваў дэпартамент па рэалізацыі грамадскіх праектаў апарату паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ Бабіча ў ПФА. Ён таксама курыраваў вайскова-патрыятычныя праграмы «Молодой Гвардии Единой России» — моладзевай структуры найбуйнейшай прапрэзідэнцкай партыі суседняй краіны. У Беларусі ён не толькі займаўся дыпламатычнай дзейнасцю, але і (да нядаўняга часу) выконваў абавязкі кіраўніка Прадстаўніцтва фонду «Россотрудничество». Здзяйсняў куратарства беларускіх кадэцкіх вучэльняў і спрабаваў забяспечыць шчыльнае ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх кадэтаў.

Андрэй Клінцэвіч


Андрэй Францавіч Клінцэвіч нарадзіўся ў 1981 годзе ў горадзе Алітус (Літва). У 1998-м  скончыў Цвярскую сувораўскую вайсковую вучэльню, а ў 2003 годзе — Вайсковы ўніверсітэт Міністэрства абароны РФ. З 2003 па 2006-ты служыў у 45-м асобным палку СпН Вайскова-паветраных сілаў УС РФ (з 2014 года разгорнуты ў брыгаду). Цікава, што вайскоўцы гэтага палка, якія ўдзельнічалі ў ваеннай агрэсіі супраць Грузіі ў 2008 года, перадавалі свой досвед інструктарам мінскага прарасійскага парамілітарнага фарміравання «Казачий Спас», якія, у сваю чаргу, здзяйсняюць агульнафізічную, агнявую, шыхтавую, тапаграфічную і медычную падрыхтоўку патэнцыйных баевікоў ужо на тэрыторыі Беларусі.

Байцы парамілітарнага фарміравання «Казачий Спас» у Беларусі


Андрэй Клінцэвіч, як і яго бацька, удзельнічаў у аперацыі захопу Крыма ў 2014 годзе, за што абодва ўзнагароджаныя Ганаровай граматай прэзідэнта РФ, а ў спісе ўзнагароджаных знаходзяцца на трэцяй і першай пазіцыях адпаведна.

У жніўні 2017 года СБУ раскрыла інфармацыю пра падрыхтоўку Федэральнай службай бяспекі РФ спецаперацыі па інсцэніраванні тэрактаў у Маскве, Курчатаве, Тальяці і Курску на аб’ектах крытычнай інфраструктуры, у тым ліку ў атамнай энергетыкі. У выкананні гэтых тэрактаў ФСБ планавала абвінаваціць трох грамадзян Украіны, колішніх удзельнікаў АТА, якія выехалі ў Расію на заробкі. Паводле сведчанняў начальніка СБУ Васіля Грыцака, здзяйсненне тэрактаў павінна было дэстабілізаваць сітуацыю ў Расіі і стаць падставай для пачатку паўнавартаснай ваеннай кампаніі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй кіраўніка апарата начальніка СБУ Ігара Гуськова, куратарства гэтай аперацыі здзяйснялі кадравыя супрацоўнікі расійскіх спецслужб, у прыватнасці, блізкі сваяк чальца камітэту ў абароне і бяспецы Савета Федэрацыі РФ. Паводле інфармацыі ўкраінскага тэлеканалу «Прямий», гэтым куратарам, мажліва, з’яўляецца менавіта Андрэй Клінцэвіч, бацька якога Франц Клінцэвіч у 2017 годзе быў першым намеснікам камітэту па абароне і бяспецы СФ РФ.

Паказальна, што гэтай пасады Клінцэвіч-старэйшы быў пазбаўлены менш чым праз месяц пасля раскрыцця інфармацыі пра свайго сына. Андрэй Клінцэвіч, паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, можа з’яўляцца кадравым супрацоўнікам ГРУ з мянушкай «Гога», мог выконваць спецзаданні на часова акупаваных тэрыторыях Украіны. Ён мае значны патэнцыял і досвед, якім расійскія спецслужбы могуць скарыстацца і для ўчынення дыверсій і правакацый ужо ў Беларусі.

Цікава, што Андрэй Клінцэвіч, як і Аляксей Сухаў, працягваў сваю працу нават пасля адклікання Міхаіла Бабіча з пасады амбасадара. Дагэтуль у Беларусі працягваюць працаваць некалькі дыпламатаў, якія, паводле атрыманай інфармацыі, мажліва з’яўляюцца дзейнымі афіцэрамі ГРУ і з’яўляюцца прадстаўнікамі, умоўна, «групы Аляксандра Сурыкава».

З 2016 года сваю рэзідэнтуру ў амбасадзе РФ у Беларусі, меркавана, мае дарадца Марэсеў Уладзімір Уладзіміравіч, 1971 года нараджэння, выпускнік Свярдлоўскай сувораўскай вайсковай вучэльні 1989 года. Паводле  дадзеных украінскага Цэнтру «Міратворац» і звестак, атрыманых у выніку зліву інфармацыі, ён мажліва з’яўляецца дзейным кадравым супрацоўнікам ГРУ. Цікава, што разам з іншым кадравым «грушнікам» Канстанцінам Гусевым Марэсеў  быў афіцыйным назіральнікам ад амбасады Расіі ў так званай выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы РБ у 2018 годзе.

Канстанцін Віктаравіч Гусеў выконвае функцыі дарадцы з 2017 года. Вядома, што ён нарадзіўся ў 1968 годзе. Паводле дадзеных Цэнтру «Міратворац», мажліва з’яўляецца дзейным кадравым супрацоўнікам ГРУ Генштабу УС РФ. Яго імя фігуруе таксама ў спісе кадравых супрацоўнікаў ГРУ, якія працуюць пад прыкрыццём на разнастайных пасадах як у РФ, так і ў іншых краінах.

Масавы зліў інфармацыі з раскрыццём супрацоўнікаў ГРУ адбыўся ў ліпені 2014 года ў выніку ведамаснай вайны паміж спецслужбамі РФ.

Цікава, што Канстанцін Гусеў афіцыйна выконваў функцыі назіральніка ад РФ на выбарах прэзідэнта Украіны ў 2010 годзе, а таксама на так званых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў РБ у 2018 годзе. Ён быў першым сакратаром амбасады РФ ва Украіне яшчэ да пачатку расійскай ваеннай агрэсіі, працаваў, пераважна, па рэлігійных пытаннях. Потым быў пераведзены дарадцам у амбасаду ў Малдове.

Супрацоўнікі ГРУ пад прыкрыццём дыпламатычнага статусу маюць выдатную мажлівасць непасрэдна кантактаваць з вайскова-палітычным кіраўніцтвам Беларусі. З улікам высокай імавернасці наяўнасці патэнцыйных агентаў уплыву Расіі на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання Беларусі, вярбоўка новых дзяржаўных функцыянераў для іх відавочна не ёсць праблемай. Менавіта ўнутраная падрыхтоўка і актыўная агентурная дзейнасць расійскіх спецслужб у сістэме сілавых ведамстваў Аўтаномнай Рэспублікі Крым згулялі ключавую ролю ў ваеннай аперацыі па захопу ўкраінскай паўвыспы.

У наступнай частцы мы працягнем раскрыццё звестак пра прадстаўнікоў сілавога блоку расійскай амбасады ў Беларусі, а таксама непасрэдных рэалізатараў расійскай стратэгіі «мяккай сілы» ў нашай краіне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!