Праваднікі «русского мира». Частка 3

Расія выкарыстоўвае прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя, сеціва медыяструктур для вядзення прапаганды, здзяйснення поўнамаштабнай інфармацыйнай вайны і аперацый уплыву ў суседніх з ёю краінах, і перадусім у Беларусі.

Першая частка, другая частка расследавання

Беларусь у прыцэле

Значная актывізацыя дзейнасці медыяклубу «Формат-А3» адбылася ў 2015 годзе, калі аб’ектам гэтага інструменту расійскага ўплыву стала Беларусь. Першае мерапрыемства клубу ў нашай краіне адбылося ў верасні 2015 года ў Мінску, а ўжо з наступнага, 2016-га, па колькасці мерапрыемстваў Беларусь ператварылася ў асноўны аб’ект уздзеяння.


Кадр з фільму Канстанціна Сёміна, у якім фігуруе баявік акупацыйных войскаў РФ

Толькі ў Беларусі дзейнасць «Формат-А3» набыла такі маштаб, што наўпрост стварыла пагрозы для нацыяльнальнай бяспекі. За пяць гадоў дзейнасці клуб правёў у нашай краіне амаль 90 мерапрыемстваў, якія наведалі тысячы чалавек. Шматлікія журналісты дзяржаўных выданняў непасрэдна заангажаваныя ў дзейнасць клубу, а таксама ў афіляваныя з ім супольнасць «Друзья-Сябры», школу журналістыкі «Мастерская BY-RU» і так званы «Клуб главных редактаров». У нашай краіне прапагандысцкая медыяструктура Расіі атрымала поўны доступ да студэнцкіх аўдыторый у Мінску і Гродна, заручылася лаяльнасцю дзяржаўнага ідэалагічнага апарату. Апроч гэтага, «Формат-А3» з’яўляецца адным з арганізатараў у Беларусі Фэсту дакументальнага кіно «Евразия.DOC» — яшчэ аднаго сродку з цэлага арсеналу аперацый уплыву расійскай імперыякратыі.

Калі ў краінах Балтыі аперацыі ўплыву з дапамогай сеціва медыяклубаў РФ былі скіраваныя на пашырэнне расійскіх наратываў пра нібыта прыхільнасць нацыянальных элітаў да нацызму, дыскрымінацыю рускамоўнага насельніцтва, а таксама навязванне меркавання пра failed state гэтых дзяржаў, то ў Беларусі магістральным кірункам ёсць кансервацыя краіны ў сацыяльнай, культурніцкай і гуманітарнай прасторы Расіі.

Прадстаўніком медыяклубу «Формат-А3» у Беларусі з’яўляецца журналістка Алена Елавік. Яна здзяйсняе своеасаблівае ментарства на большасці публічных мерапрыемстваў клубу.

Алена Мікалаеўна Елавік (Кукарэка) нарадзілася ў лістападзе 1966 года ў Мінску. У 1989 годзе скончыла журналісцкі факультэт БДУ. Кандыдатка філалагічных навук, дацэнтка.

Алена Елавік. Фота format-a3.ru

З 1995 года працуе ў штотыднёвіку «7 дней» інфармацыйнага агенцтва «БЕЛТА» (за савецкім часам — структура ТАСС), рэдактарка аддзелу творчых праектаў. Вядзе аўтарскую калонку на інфармацыйным рэсурсе гэтага агенцтва, дзе адзначылася гнеўным філіпікам на тэму «маршаў недармаедаў», у якім была размешчаная несапраўдная інфармацыя; агітацыяй за савецкую школу; маралізацыяй святкавання даты бальшавіцкага перавароту і панегірыкамі кіраўніку Беларусі. Сістэма дзяржпрапаганды высока шануе яе заслугі: Елавік атрымала ўзнагароды ад Міністэрства інфармацыі і нават ганаровую грамату ад Адміністрацыі прэзідэнта.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч уручае ганаровую грамату Алене Елавік, 10 студзеня 2020 года.


Елавік — адна з сонму дзяржаўных прапагандыстаў, якая выкарыстоўвае ў сваіх матэрыялах жаргонную, ледзьве не абсцэнную лексіку. Пры гэтым яна стала пераможцам конкурсу Мінінфармцыі «Залатая Літара» ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі».


Елавік таксама выкладала дысцыпліны «журналісцкае майстэрства» і «аўтарская журналістыка» ў Інстытуце журналістыкі БДУ. На інфармацыйным рэсурсе ўніверсітэта пададзеная інфармацыя, што яна была першым намеснікам галоўнага рэдактара РУП «Рэдакцыя газеты “Медыцынскі веснік”».

Прапагандыстка з’яўляецца сустаршынёй супольнасці журналістаў Расіі і Беларусі «Друзья-Сябры» (2016) — еўразійскага інтэграцыйнага праекту расійскай імперыякратыі. Гэты праект непасрэдна афіляваны з медыяклубам «Формат-А3». Паказальна, што назва сайту гэтай супольнасці зарэестравана з кірылічным даменам «.рф», а яго кантэнт мала чым розніцца ад зместу сеціва дэструктыўных (пра)расійскіх рэсурсаў, што дзейнічаюць у медыйнай прасторы Беларусі ў якасці сродкаў інфармацыйнай вайны Расіі.

Елавік таксама — адна з арганізатарак школы для маладых журналістаў «Мастерская BY-RU», якая функцыянуе з 2017 года пры супольнасці «Друзья-Сябры». Установа здзейсніла ўжо тры выпускі навучэнцаў з усёй Беларусі. Арганізаваная яна перадусім для студэнтаў першых курсаў журналісцкіх факультэтаў, якія ў межах навучальнага працэсу трапляюць пад моцны ўплыў ідэй еўразійства і інтэграцыі з Расіяй. Дзейнасць школы цалкам палягае ў рэчышчы паслядоўнай рэалізацыі ў Беларусі расійскай стратэгіі «soft power». Стратэгія рэалізуецца ў выніку шматгадовага размывання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацавання светапогляднай дактрыны «русского мира».

Алена Елавік у атачэнні адэптаў еўразійства і «русского мира» падчас расійскай акцыі «Бессмертный полк». Мінск, 9 траўня 2018 года.


Праз пашырэнне асветна-адукацыйнага ўплыву ў Беларусі расійская імперыякратыя гадуе патэнцыйных агентаў уплыву РФ непасрэдна на беларускай тэрыторыі, у тым ліку прадстаўнікоў журналісцкага асяроддзя. Гэтыя носьбіты «чацвёртай улады» становяцца самастойнымі рэалізатарамі аперацый расійскага ўплыву ў нашай краіне.

Мадэратарам шматлікіх мерапрыемстваў медыяклубу «Формат-А3» з’яўляецца Вадзім Гігін — колішні галоўны рэдактар часопісу «Беларуская думка» (за савецкім часам друкаваны орган ЦК КПБ, у 1995 годзе заснавальнікам выдання стала Адміністрацыя прэзідэнта Беларусі) і інфармацыйнага агенцтва «БЕЛТА». Пэўны час ён быў калумністам на інфармацыйным рэсурсе гэтага агенцтва.

Вадзім Гігін, мадэратар мерапрыемстваў «Формат-А3». Фота format-a3.ru


Да лютага 2016 года Гігін уваходзіў у санкцыйны спіс Еўрасаюза пад нумарам 36, яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС і правядзенне фінансавых аперацый.

З 2016 года ўзначальвае факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, мае мажлівасць забяспечваць студэнтамі наведвальнасць імпрэзаў клубу. З’яўляецца сакратаром праўладнага Беларускага саюза журналістаў (БСЖ).

Гігіна называюць адным з галоўных прарасійскіх прапагандыстаў у Беларусі і крытыкуюць за скрайнюю прыхільнасць да «русского мира». Яго артыкулы публікаваліся нават на антыбеларускім сайце «Западная Русь». Паказальна, што на інфармацыйным рэсурсе БСЖ у адным са сваіх артыкулаў Гігін адкрыта пастулюе чарнасоценныя прынцыпы, заяўляе, што беларус — гэта «русский человек», які павінен быць праваслаўным і манархістам. У дачыненні да Украіны на тым жа афіцыйным рэсурсе БСЖ ён выкарыстоўвае ўвесь набор штампаў і наратываў расійскай інфармацыйнай вайны, шчыра вітае, маралізуе і апраўдвае дзеянні вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва Расіі па акупацыі і анексіі ўкраінскага Крыма.

Як і Алена Елавік, Вадзім Гігін з’яўляецца адным з ініцыятараў стварэння супольнасці «Друзья-Сябры» і школы журналістыкі «Мастерская BY-RU».


Пачатак інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння

«Формат-А3» пачаў сваю актыўную дзейнасць у Беларусі 22 верасня 2015 года. Паказальна, што месцам правядзення першага мерапрыемства клуба была абраная адна з расійскіх пляцовак, якая непасрэдна здзяйсняе аперацыі ўплыву Расіі ў Беларусі. Гэта Дом Масквы ў Мінску, які належыць Ураду расійскай сталіцы (Дэпартаменту дзяржаўнай і муніцыпальнай маёмасці Масквы). На імпрэзе асабіста прысутнічала кіраўніца «Формат-А3» Галіна Сапожнікава, пра якую мы распавядалі ў папярэдніх частках расследавання.

Спікерам мерапрыемства быў запрошаны адыёзны расійскі прапагандыст, вядоўца і палітычны аглядальнік тэлеканала «Россия 1» (медыяхолдынг «ВГТРК») Канстанцін Сёмін. «Формат-А3» пачаў з ім шчыльна супрацоўнічаць яшчэ са студзеня 2010 года. Да Беларусі сустрэчы з ім арганізоўваліся ў Малдове, Літве, ва ўкраінскім Крыме (незадоўга да пачатку Расіяй акупацыі паўвострава) і ў Латвіі.

Елавік, Сёмін, Сапожнікава, Гігін. Дом Масквы ў Мінску, верасень 2015 года. Фота format-a3.ru


Для мерапрыемства забяспечылі прысутнасць больш за 150 чалавек — студэнтаў БДЭУ, БДУІР, Інстытута журналістыкі БДУ і журналістаў пераважна дзяржаўных СМІ. Былі і прадстаўнікі (пра)расійскіх арганізацый.

Сустрэча з Сёміным, Дом Масквы ў Мінску, верасень 2015 года. Фота format-a3.ru


Досыць працяглы час Сёмін быў аўтарам скандальнай перадачы — «Агитация и пропаганда» на тэлеканале «Россия 24». З’яўляецца сталым чальцом расійскай чарнасоценнай арганізацыі «Изборский клуб» — партнёрскай арганізацыі для «Формат-А3». Паводле сваіх перакананняў, Сёмін — ідэйны камуніст.

Прадстаўнікі расійскай дэмакратычнай апазіцыі ўключылі Сёміна ў спіс дзяржаўных прапагандыстаў РФ, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў цкаванні Барыса Нямцова. Стваральнікі спісу спрабуюць дамагчыся ад ЗША і структур ЕС персанальных санкцый у дачыненні да яго фігурантаў.


У 2014 годзе Сёмін незаконна наведаў акупаваныя тэрыторыі Украіны ў межах інфармацыйнага забеспячэння мабілізацыі наймітаў для расійскага акупацыйнага кантынгенту на тэрыторыі Данбасу.

Сёмін на тэрыторыі, падкантрольнай тэрарыстычнаму ўтварэнню «ЛНР», 2014 год.


На тэрыторыі акупаванага Данбасу Сёмін зрабіў некалькі спецрэпартажаў — тыповых прадуктаў вайсковай прапаганды.

Кадр з фільму Канстанціна Сёміна, у якім фігуруе баявік акупацыйных войскаў РФ


Апроч гэтага Сёмін разам з пісьменнікам і па сумяшчальніцтве памагатым расійскіх тэрарыстаў Захарам Прылепіным здзяйсняў матэрыяльнае забеспячэнне баевікоў так званых «Інтэрбрыгадаў» НБП (Нацыянал-бальшавісцкай партыі) — незаконных збройных фарміраванняў у складзе расійскага акупацыйнага кантынгенту на Данбасе.

Момант перадачы Сёміным і Прылепіным дастаўленых грузаў баевікам незаконных збройных фарміраванняў


Праз год, у верасні 2016-га, «Формат-А3» зноў арганізаваў сустрэчу з памагатым расійскіх акупантаў Канстанцінам Сёміным у Беларусі. Гэтым разам месцам правядзення сустрэчы з назвай «Інфармацыя як зброя маніпуляцыі свядомасцю» быў абраны Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. З гэтага моманту мерапрыемствы «Формат-А3» пачынаюць праходзіць і ў Гродна — адным з ключавых гарадоў Беларусі для аперацый уплыву Расіі.

Для імпрэзы была забяспечана прысутнасць мясцовых выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама рэдактараў і журналістаў раённых выданняў, каля 150 чалавек. Падчас мерапрыемства быў прадэманстраваны антыўкраінскі прапагандысцкі фільм, які Сёмін зрабіў разам з Уладзімірам Мяньшовым яшчэ ў 2010 годзе.

ГрДУ імя Янкі Купалы, верасень 2016 года. Фота format-a3.ru


Хто ж паспрыяў правядзенню мерапрыемства з адыёзным расійскім прапагандыстам у горадзе над Нёманам? Падчас імпрэзы ў прэзідыуме праваруч Сёміна сядзеў галоўны рэдактар «Гродзенскай праўды» Павел Сухарукаў (цяпер ачольвае выдавецкі дом «Звязда»). Гэтая газета, сярод заснавальнікаў якой Гродзенскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, з’яўляецца асноўным дзяржаўным выданнем Гродзеншчыны. Былі там першы прарэктар ГрДУ Ірына Кітурка (цяпер рэктар), загадчыца кафедры журналістыкі ГрДУ Тамара Піваварчык (цяпер дэкан факультэту гісторыі, камунікацыі і турызму), а з вітальным словам выступіла Ірына Сцепаненка, да нядаўняга часу — намесніца начальніка Галоўнага кіравання ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкаму.

Мадэратарам быў Вадзім Гігін. Ад кіраўніцтва «Формат-А3» прысутнічала яго сузаснавальніца і выканаўчая дырэкатарка Марына Сафронава.

Злева направа: Кітурка, Сухарукаў, Сёмін, Гігін, Сафронава, ГрДУ, верасень 2016 года. Фота shliah.by


Арганізатарам клубу ўдалося заручыцца падтрымкай у кіраўніцтва галоўнай гродзенскай альма-матэр, асноўнай абласной дзяржаўнай газеты і нават прыхільнасцю ідэалагічнага апарату Гродзенскага аблвыканкаму.

Варта зазначыць, што падобныя мерапрыемствы, якія адбываюцца пад кантролем і ўдзелам кіраўнічага і выкладчыцкага складу ВНУ, спрыяюць максімальнаму эфекту інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на навучэнцаў — асабліва пачатковых курсаў. З дапамогай выкарыстання рэпутацыі і ўплыву рэктарату і выкладчыкаў ствараецца ілюзія пэўнай бесстароннасці гэтых мерапрыемстваў, што спрыяе ўхваленню пашыраных на іх меркаванняў і ідэй расійскай прапаганды.

Падчас сустрэчы з Сёміным, ГрДУ, верасень 2016 года.


У выніку адбываецца значны ўплыў на фарміраванне палітычных установак студэнтаў, перадусім будучых журналістаў, якія могуць цалкам адпавядаць рэалізацыі мэтаў і задач расійскіх аперацый уплыву на тэрыторыі Беларусі.

Канстанцін Сёмін прыязджаў у Беларусь таксама ў якасці лектара журналісцкай школы «Мастерская «BY-RU» у верасні 2018 года і ў сакавіку 2020 года перад увядзеннем у Расіі жорсткіх абмежавальных каранцінных захадаў.

Круглы стол з удзелам Сёміна ў Доме Прэсы ў Мінску, верасень 2018 года. Злева направа: Сёмін, Сафронава, Гігін, Сухарукаў. Фота format-a3.ru


Вялікадзяржаўны шавінізм

Вяртаемся ў 2015 год. У кастрычніку «Формат-А3» арганізаваў другое мерапрыемства ў Беларусі, спікерам якога стаў эканаміст і палітолаг, прыхільнік так званага камуністычнага лібералізму Міхаіл Дзялягін.

Фота format-a3.ru


Гэта яшчэ адзін сталы чалец «Изборского клуба» і адзін з актыўных і агрэсіўных прапагандыстаў пуцінскага рэжыму, уваходзіць у абойму асноўных ідэолагаў магутнай інфармацыйнай вайны, распачатай Расіяй у дачыненні да Украіны. Дзейнасць Дзялягіна на гэтым напрамку цалкам супадае з перыядамі падрыхтоўкі і правядзення спецаперацыі па акупацыі Крыму і пачатку ваеннай агрэсіі Расіі на Усходзе Украіны.

Міхаіл Дзялягін, Вадзім Гігін, Алена Елавік. Фота format-a3.ru


Як вялікадзяржаўны шавініст, Дзялягін выкарыстоўвае ў дачыненні да Украіны цынічную і жорсткую рыторыку, якая мяжуе з адкрыта вар’яцкімі ідэямі і меркаваннямі. Абсурдысцкія сентэнцыі і выказванні Дзялягіна пра незаконнае займанне Украінай сваёй тэрыторыі, «евронацистов» і «фашистский переворот» арганічна перамяжоўваюцца з трызненнямі пра «Новороссию» і акупацыю Кіева. Звычайны набор штампаў расійскай дзяржаўнай прапаганды.

Дзялягін мае цікавую біяграфію, якая шмат што тлумачыць, а таксама дае зразумець, навошта ён быў запрошаны ў Беларусь.

З 1999 года ён быў дарадцам і памочнікам сустаршыні выбарчага блоку «Отечество — Вся Россия» Яўгена Прымакова, колішняга расійскага прэм’ер-міністра, які да 1996 года кіраваў Службай знешняй выведкі Расіі.

У 2004–2006 гадах Дзялягін ачольваў ідэалагічную раду чарнасоценнай партыі «Родина», сузаснавальнікамі якой з’яўляюцца адыёзны расійскі палітык і кіраўнік дзяржаўнай карпарацыі «Роскомос» Дзмітрый Рагозін, а таксама дэміургі «Русской Весны» Сяргей Глазьеў і Сяргей Бабурын. Апошні займаецца беларускім стратэгічным напрамкам у межах спробаў кансалідацыі актыву прарасійскіх сіл у Беларусі пад прыкрыццём арганізацыі «Гражданская инициатива «Союз».


У 2011 годзе Дзялягін стаў галоўным рэдактарам часопіса «Свободная мысль» (да 1991 года — «Коммунист», друкаваны орган ЦК КПСС, аналаг выдання «Беларуская думка»). У 2016 го­дзе ўвайшоў у левацэнтрысцкую партыю «Справедливая Россия». З 2017 года — чалец самаабвешчанай Грамадскай палаты так званага «Союзного Государства». У тым жа годзе, паводле ўказу Пуціна, Дзялягін увайшоў у склад Навуковай рады пры Савеце Бяспекі Расіі. З’яўляецца аглядальнікам чарнасоценнага тэлеканалу «Царьград ТВ» расійскага праваслаўнага алігарха Канстанціна Малафеева.

Занесены ў базу даных Цэнтру «Міратворац» за шматлікія парушэнні дзяржаўнай мяжы Украіны і ўдзел у спробах легалізацыі анексіі Крыму Расіяй.

Паказальна, што сустрэча з Дзялягіным у Мінску адбывалася ў актавай залі Дома прэсы, які структурна падпарадкоўваецца Міністэрству інфармацыі Беларусі. На мерапрыемстве была забяспечаная неабходная прысутнасць студэнтаў і выкладчыкаў. На ёй быў зафіксаваны таксама зацяты адэпт «русского мира» і кіраўнік антыбеларускага імперскага праекту «Западная Русь» Ігар Зелянкоўскі, а таксама галоўны рэдактар газеты «Автозаводец» Юрый Дудзінаў (пра яго ніжэй).

Зелянкоўскі пазначаны стрэлкай, Дудзінаў — у першым шэрагу чацвёрты справа. Фота format-a3.ru


У той жа дзень у прэс-цэнтры Дома прэсы прайшоў круглы стол, прысвечаны ў тым ліку рэалізацыі праекту так званага «Союзного Государства» і еўразійству. У дыскусіі апроч Дзялягіна прымаў удзел Валерый Байнёў — грамадзянін Расіі, прыхільнік антыліберальных поглядаў, што ачольвае ў БДУ кафедру інавацыйнага менеджменту эканамічнага факультэта.

Валерый Байнёў. Фота sb.by


Ён з’яўляецца ўдзельнікам (пра)расійскіх дэзінфармацыйных рэсурсаў «Кольцо патриотических ресурсов Беларуси» і «Вся Беларусь», якія, меркавана, мадэруюцца агентамі ўплыву Расіі ў сілавым блоку нашай краіны. Цікава, што інтэрнэт-правайдэр, які надаваў паслугі хостынгу гэтым прапагандысцкім рэсурсам, быў закрыты з ініцыятывы Федэральнай гандлёвай камісіі ЗША ў межах барацьбы з кібер­злачынствам. Байнёў з’яўляецца таксама адным з аўтараў расійскага прапагандысцкага праекту «Сонар-2050», скіраванага на спрыянне інтэграцыі Беларусі ў склад так званага «Союзного Государства».

У мерапрыемстве прымаў удзел адыёзны праўладны публіцыст, кіраўнік кафедры міжнародных зносінаў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Сяргей Кізіма (нарадзіўся ў Прыазёрску, КазССР). Удзельнічалі таксама і праўладныя прыхільнікі расійскага геапалітычнага праекту «еўразійства» і зносінаў з еўрапейскімі неанацыстамі. Гэта Юрый Шаўцоў, які адкрыта называе Беларусь еўрапейскай часткай Расіі; Аляксандр Шпакоўскі і Аляксандр Сінкевіч. Усе яны з’яўляюцца аўтарамі (пра)расійскага чарнасоценнага рэсурсу IMHOClub.

У цэнтры — Дзялягін, праваруч яго — Шпакоўскі, верасень 2015 года. Фота format-a3.ru


Чамадан, вакзал, Расія!


На трэцяе мерапрыемства «Формат-А3» у Мінску, якое адбылося ў лістападзе 2015 года, быў запрошаны стваральнік і галоўны ідэолаг руху «Антимайдан» Мікалай Старыкаў. Гэта адзін з франтмэнаў «Изборского клуба» і адна з найбольш адыёзных постацяў «русского мира». Да сваёй імпрэзы ў Мінску ён паспеў паўдзельнічаць у якасці спікера ў сустрэчах «Формат-А3» у Малдове і Латвіі. За год да пачатку акупацыі Крыму Старыкаў быў спікерам сустрэчы гэтага клубу ва ўкраінскім Сімферопалі.

Стваральнік «Антимайдана» Мікалай Старыкаў (у цэнтры). Фота Интерпресс, PhotoXPress


Паводле Цэнтру «Міратворац», Мікалай Старыкаў датычны да распальвання міжнацыянальнай варожасці, займаецца маніпуляваннем грамадска-значнай інфармацыяй і яе фальсіфікацыяй. Інфармацыйна падтрымлівае тэрарыстычнае ўтварэнне «Л/ДНР». Незаконна наведваў акупаваныя тэрыторыі Украіны ў Крыме і ў Данбасе.

Характэрна, што большасць уласнікаў вялікіх залаў у Мінску пад ціскам грамадскасці адмовілася даваць свае памяшканні для правядзення сустрэчы са Старыкавым. Медыяклубу «Формат-А3» давялося абмежавацца правядзеннем мерапрыемства ў Доме Масквы ў Мінску.

Перад правядзеннем сустрэчы Старыкаў правакацыйна пашырыў на сваім сайце заяву, у якой адмовіў беларусам у праве на суб’ектнасць, называючы іх адзіным з расіянамі народам. У адказ на гэта група беларускіх патрыётаў з «Маладога Фронту» прыйшла на сустрэчу, каб выказаць пратэст і данесці да шчырага беларусафоба пазіцыю, што ён у Беларусі — непажаданая асоба.


У адказ на гэта баевікі парамілітарнай групоўкі «Казачий Спас», якія відавочна выконвалі функцыі аховы, і прадстаўнікі арганізацыі «Русь Молодая» (РуМол) справакавалі з маладафронтаўцамі тузаніну.

Весці гэтую сустрэчу павінен быў Вадзім Гігін, але, цалкам мажліва, праз заяву Старыкава вырашыў дыстанцыявацца ад імпрэзы. Яго замяніў Юрый Ду­дзінаў — галоўны рэдактар газеты МАЗа «Автозаводец», таксама досыць каларытная асоба. Вядома, што Дудзінаў нарадзіўся ў Курску, да сваёй цяперашняй пасады быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Белорусская нива», супрацоўнічаў з выданнямі «Советская Белоруссия», «Народная газета», у 1990-х працаваў на беларускім радыё і тэлебачанні.

Алена Елвік, Мікалай Старыкаў і Юрый Дудзінаў. Фота format-a3.ru


Чалавек з такімі ж ініцыяламі ачольваў напачатку 1990-х у Мінску арганізацыю «Союз «Белая Россия», у верасні 1990 года ўдзельнічаў ва Усерасійскай нарадзе праваслаўна-манархічных сілаў, на якой патрабаваў «сохранить три русских республики вместе, сохранить Россию», а таксама «отменить деление Отечества на республики». У студзені 1991 года ў Ленінградзе мінская арганізацыя Дудзінава разам з «РНЕ» Баркашова ўдзельнічала ва ўстаноўчым сходзе «Славянского Собора». З’яўленне гэтага дзеяча ў якасці мадэратара сустрэчы з расійскім чарнасоценцам цалкам заканамернае.

На ўсіх мерапрыемствах «Формат-А3» у Беларусі пашыраюцца наратывы расійскай прапаганды, здзяйсняецца максімальнае ўздзеянне на масавую і індывідуальную свядомасць. Аперацыі ўплыву маюць неабмежаваны характар і спрыяюць акцэптацыі прысутнымі расійскіх ідэалагемаў «единое Отечество», «единая историческая память», «один (разделенный) народ», якія абумоўліваюць для расійскай імперыякратыі правядзенне агрэсіўнай палітыкі і анексію новых тэрыторый.


Працяг будзе

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: