Раскрытая інфармацыя пра вайсковы патэнцыял адзінай наступальнай лініі РФ ля мяжы з Украінай і Беларуссю

У гэты момант паблізу мяжы з Украінай і Беларуссю ўжо створаныя тры міжвідавыя групоўкі, здатныя без абвяшчэння мабілізацыі і з мінімальнымі падрыхтоўчымі мерапрыемствамі праводзіць раптоўныя наступальныя дзеянні.
Фота: РІА “Новости”

Фота: РІА “Новости”

Паводле інфармацыйнай агенцыі «Укрінформ», украінскі бок надаў АБСЕ выведвальныя дадзеныя пра вайсковы патэнцыял адзінай наступальнай лініі Расійскай Федэрацыі ля мяжы з Украінай і Беларуссю.

Украінская ды амерыканская экспертная супольнасць, а таксама Галоўнае кіраванне выведкі Міністэрства абароны Украіны папярэджваюць, што пад прыкрыццём стратэгічных вучэнняў «Кавказ-2020» Расія можа здзейсніць шырокамаштабны наступ супраць Украіны (у гэтых вучэннях таксама ўдзельнічаюць і Узброеныя сілы Беларусі). Наконадні кіраўнік РФ падпісаў указ пра рэкрутаванне з запасу «на вайсковыя зборы» — без пазначэння канкрэтных тэрмінаў для гэтых збораў. Гэты ўказ толькі павялічыў верагоднасць наступу — ён можа сведчыць пра спробу расійскага кіраўніцтва здзейсніць схаваную масавую мабілізацыю для ваеннай агрэсіі.

На гэтым тле ўзнікае пытанне: якая колькасць расійскіх войскаў гатовыя да ўдзелу ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны? Колькі яны маюць адзінак узбраення і вайсковай тэхнікі? Збольшага адказ на гэтыя пытанні быў дадзены 1 ліпеня на Форуме АБСЕ што да супрацы ў сферы бяспекі.

Праз тое, што Украіна цяпер ачольвае гэты дырэктыўны орган АБСЕ, 1 ліпеня было ўзнятае пытанне аб выкананні ды мадэрнізацыі Венскага дакумента 2011 года пра захады ўмацавання даверу і бяспекі. Галоўным спікерам ад Украіны стаў начальнік Галоўнага кіравання міжнароднай супрацы і верыфікацыі Збройных сілаў Украіны генэрал-лейтэнант Леанід Галапацюк. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на ператварэнне акупаваных тэрыторыяў Данбасу на «шэрую зону», на якую не пашыраецца рэжым кантролю АБСЕ над узбраеннямі і захадамі ўмацавання даверу і бяспекі.

Яшчэ адным чыннікам ​​дэстабілізацыі ёсць мілітарызацыя акупаванага Крыму. Не спрыяе даверу і непразрысты характар ​​вайсковых вучэнняў ва УС РФ.

Акупацыйныя карпусы на Данбасе большыя за некаторыя еўрапейскія арміі

«Расійская Федэрацыя ў межах Глабальнага абмену вайсковай інфармацыяй мае надаць дадзеныя пра колькасць размешчаных на тэрыторыі Украіны вайскоўцаў, узбраення і вайсковай тэхнікі УС РФ», — заявіў Галапацюк. Ён падкрэсліў неабходнасць выпрацоўкі дзейсных механізмаў міжнароднага кантролю за вайсковай дзейнасцю расійскіх войскаў, якія дыслакуюцца на часова акупаваных тэрыторыях Усходу Украіны і АР Крым.

Украінскі генерал зазначыў, што сёння паблізу мяжы з Украінай Расія ўжо стварыла тры міжвідавыя групоўкі войскаў, «якія здольныя без абвяшчэння мабілізацыі ды з мінімальнымі падрыхтоўчымі мерапрыемствамі праводзіць раптоўныя наступальныя дзеянні на тэрыторыі Украіны з абмежаванымі мэтамі». І гэта без уліку ператворанай на «наземны авіяносец» паўвыспы Крым і акупаваных раёнаў Данбасу, дзе разгорнутыя Расіяй армейскія карпусы паводле сваёй вайсковай магутнасці і колькасці перавышаюць арміі шэрагу еўрапейскіх краінаў.

Стварэньне групоўкі расійскіх акупацыйных войскаў на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей у складзе 1-га (Данецк) і 2-га (Луганск) армейскіх карпусоў звязанае са з'яўленнем на Усходзе Украіны вялікай колькасці ўзбраення й вайсковай тэхнікі.

У баявы склад 1-га армейскага корпусу (АК) уваходзяць:

● 5 брыгадаў (1, 3, 5-я асобныя мотастралковыя брыгады, 100-я асобная мотастралковая брыгада так званай «Республиканской гвардии» і асобная артылерыйская брыгада);

● 3 асобныя палкі (11-ы асобны мотастралковы полк, 9-ы асобны штурмавы мотастралковы полк марской пяхоты і асобны каменданцкі полк);

● 10 асобных батальёнаў (дывізіёнаў).

Баявы склад 2-га армейскага корпуса (АК) ахоплівае:

● 4 брыгады (2, 4, 7-я асобныя мотастралковыя брыгады і асобная артылерыйская брыгада);

● 2 палкі (6-ы асобны мотастралковы полк і асобны каменданцкі полк);

● 6 асобных батальёнаў (дывізіёнаў).


Штатная колькасць 1-га і 2-га АК складае прыблізна 35 тысяч вайскоўцаў.

Ва ўзбраенні гэтых армейскіх карпусоў на непадкантрольнай тэрыторыі Данбасу маецца 481 асноўны баявы танк, 914 баявых браняваных машынаў, 720 артылерыйскіх сістэмаў і 202 адзінкі ракетных сістэмаў залпавага вагню (РСЗВ).

Пры гэтым камандныя, штабныя пасады, а таксама пасады дэфіцытных спецыяльнасцяў у 1-м і 2-м АК займаюць кадравыя вайскоўцы УС РФ з агульнай колькасцю ля 650 чалавек.

Апроч гэтага, на часова акупаванай тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей дыслакуюцца падраздзяленні аператыўнага/баявога і лагістычнага забеспячэння, вайсковыя дарадцы, інструктары УС РФ. Іх агульная колькасць сягае 2,1 тысячы чалавек.

Каб падтрымліваць сталае напружванне на лініі сутыкнення і забяспечваць жыццядзейнасць 1-га і 2-га АК з тэрыторыі РФ праз некантраляваныя дзялянкі дзяржаўнай мяжы Украіны пастаўляюць боепрыпасы і гаруча-змазачныя матэрыялы.

Крым як «наземны авіяносец»

З прычыны мілітарызацыі акупаванага Крыму паўвыспа ператварылася на суцэльны «наземны авіяносец».

Сёння на тэрыторыі часова акупаванай АРК створаная магутная міжвідававая групоўка войскаў (сілаў), якая складаецца з наземнага, паветранага і марскога кампанентаў і налічвае прыблізна 32,5 тысячы чалавек.

Апроч гэтага, створаныя сілы берагавой абароны і разгорнутыя групоўкі федэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі (да дзвюх брыгадаў) і памежнай службы ФСБ РФ.

Назіраецца актыўнае нарошчванне ўдарных мажлівасцяў расійскіх збройных сілаў, якія незаконна базуюцца на тэрыторыі паўвыспы, праз павялічэнне колькасці войскаў, забеьпячэння іх новымі адзінкамі ўзбраення і вайсковай тэхнікі.


Асновай наземнага кампаненту з'яўляецца 22-ы армейскі корпус, на базе якога запланаванае стварэнне агульнавайсковай арміі, і 810-я асобная брыгада марской пяхоты. Зараз гатовыя да выкарыстання шэсць батальённа-тактычных групаў.

Паветраны кампанент узмоцнены праз размяшчэнне на паўвыспе бамбавальнай, штурмавой, знішчальнай і вайсковай авіяцыі.

Для размяшчэння расійскіх самалётаў далёкасяжнай бамбавальнай авіяцыі рэканструяваныя аэрадромы Бэльбэк і Гвардзейскае. Рыхтуецца інфраструктура для захоўвання на тэрыторыі Крыму ядравай зброі.

Баявыя мажлівасці марскога кампаненту павялічаныя праз увядзенне ва ўзбраенне найноўшых ударных караблёў і падводных лодак — носьбітаў крылатых ракетаў марскога базавання кшталту «Калибр» (агулам да 70 баявых караблёў і катараў, 6 падводных лодак, сумарны залп — 84 ракеты).

Нават паводле афіцыйных дадзеных, якія Расія дае ў межах штогадовага абмену інфармацыяй (ШАІ) у адпаведнасці з Венскім дакументам 2011 года (ВД-2011), колькасць узбраення і вайсковай тэхнікі УС РФ у АР Крым цягам апошніх шасці гадоў павялічылася амаль утрая.

Гэтак, згодна з дадзенымі ШАІ ад РФ паводле ВД-2011, станам на 1 студзеня 2020 года на тэрыторыі АР Крым мелася 684 адзінкі ўзбраення і вайсковай тэхнікі, гэта на 453 адзінкі больш, чым 1 студзеня 2014 года. У прыватнасці, пасля акупацыі паўвыспы Расія перакінула сюды 31 баявы танк, каля 200 браняваваных баявых машынаў, амаль 100 артылерыйскіх сістэмаў, а таксама 63 баявыя самалёты і 34 баявыя верталёты.

Тры групоўкі здатныя на раптоўны наступ

Расійская Федэрацыя працягвае нарошчваць сілы ўздоўж дзяржаўнай мяжы Украіны і Беларусі. У прыватнасці, зьдзяйсняецца актыўнае фармаванне новых вайсковых частак і рэарганізацыя існых фармаванняў для нарошчвання іх баявога патэнцыялу. Сёння ўздоўж мяжы разгорнутыя 28 батальённа-тактычных групаў.

Сканчаецца фармаванне трох новых аб’яднанняў — дзвюх арміяў і армейскага корпусу, якія цягам 2020-2021 гадоў маюць набыць поўную аператыўную гатоўнасць.

У наземным кампаненце на Заходнім стратэгічным напрамку створаная 20-я агульнавайсковая армія ў складзе 3-й і 144-й мотастралковых дывізіяў. Пры гэтым ва ўзбраенні 448-й ракетнай брыгады 20-й арміі маюцца аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы (АТРК) «Іскандэр».
На Паўднёва-Заходнім стратэгічным напрамку створаная 8-я агульнавайсковая (ударная) армія ў складзе 150-й мотастралковай дывізіі, 20-й асобнай мотастралковай брыгады і аператыўна падначаленых 1-га і 2-га акупацыйных армейскіх карпусоў. У паўднёвай вайсковай акрузе і арміі прадугледжана стварэнне ракетных брыгадаў АТРК «Іскандэр».

Агулам колькасць наземнай групоўкі УС РФ уздоўж мяжы Украіны і Беларусі складае каля 87 тысячаў вайскоўцаў, да 1100 танкаў, да 2600 баявых браняваных машынаў, да 1100 артылерыйскіх сістэмаў, да 360 ракетных сістэмаў залпавага агню, 18 аператыўна-тактычных ракетных комплексаў.

Працягваецца пераўзбраенне на сучасныя і мадэрнізаваныя адзінкі авіяцыйнай тэхнікі (самалёты Су-30СМ, Су-35С, Су-34, Су-25СМ3, МіГ-31К з гіпергукавым комплексам «Кінжал» і верталёты розных мадыфікацыяў). Агулам на базавых аэрадромах паблізу мяжы базуецца каля 330 баявых лятакоў і 230 верталётаў.

Таксама працягваецца фармаванне цэнтраў забеспячэння мабілізацыйнага разгортвання, на базе якіх мажлівае фармаванне да чатырох агульнавайсковых дывізіяў (Багучар, Каменск-Шахцінскі, Новаазёрнае, часова акупаваная тэрыторыя АР Крым).

Такім чынам, у гэты момант паблізу мяжы з Украінай і Беларуссю ўжо створаныя тры міжвідавыя групоўкі, здатныя без абвяшчэння мабілізацыі і з мінімальнымі падрыхтоўчымі мерапрыемствамі праводзіць раптоўныя наступальныя дзеянні.

Паводле informnapalm.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: