Распранацца не трэба, але рукавы закасайце

Шчыра прызнаюся, была ў мяне спакуса нічога не пісаць пра пасланне кіраўніка дзяржавы «народу і парламенту». Усё роўна нічога новага Лукашэнка не скажа. Аднак мінулагодняга «распранацца і працаваць» — не пераплюнеш.

Сёлетняя прамова перад дэпутатамі Аляксандра Лукашэнкі ўсё ж адметная. Адметная яна тым, што яскрава дэманструе, наколькі ўлада і народ жывуць у розных рэаліях. І паказальная ў тым, наколькі кіраўніку дзяржавы «ўплятаюць у вушы» несапраўдную (мякка кажучы) інфармацыю. Гэта раз-пораз, але праскоквала ў прамове.

Пачнём з важнага для нас — «справы патрыётаў». Лукашэнка закрануў яе напрыканцы прамовы. Ён сказаў, што ў Сінявокай затрыманыя «17 замежных баевікоў-тэрарыстаў» і заклікаў праваахоўныя органы дзейнічаць «рашуча».

Гэта ўсё, што трэба ведаць пра інфармаванасць кіраўніка дзяржавы адносна нацыянальнай бяспецы. Хто яму сказаў пра «замежных баевікоў»? Хто яму напісаў гэты тэкст? Сярод затрыманых па справе пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў няма ніводнага замежніка, ніводнага неграмадзяніна Беларусі.

Ягоная прамова наконт пагрозы тэрарызму была яскрава-эмацыйнай, ішла «ад душы». Відавочна, што яго калі не запужалі, то запужваюць «экспартам тэрарызму» у Беларусь з Еўропы і Украіны. Прычым, падаюць гэта так, што вось-вось — і ў нас будуць адбывацца выбухі і наезды на грамадзянаў. А таму, трэба дзейнічаць «рашуча» і «нягледзячы ні на якія працэсы».

У гэтым кантэксце ён выказаўся і пра разгон мірнай акцыі 25 сакавіка. Літаральна двума словамі Лукашэнка сказаў пра тое, што Захад папракае яго «беспадстаўным прымяненнем сілы». Але нічога іншага, як перавесці гэтую гаворку ў рэчышча «сам дурань» Аляксандр Рыгоравіч не здолеў, сказаўшы, што мы ж не труцілі тут народ газам. І зазначыў, што ў Еўропе, «б’юць, ламаюць, грузавікамі давяць», «кантынент палае», а мы гэтага не хочам, і таму будзем прымаць «жэстачайшыя захады». Карацей, адчапіцеся ад Сінявокай.

Відавочна, што па-першае, ён дакладна ведае, што адбылося 25 сакавіка. Можа быць, ён ведае «постфактум». Але гэта для яго ўсё ж такі непрыемна, найперш таму, што за гэта даводзіцца апраўдвацца. І апраўдваецца — як можа.

Народ хвалюе дэкрэт №3. І гэта Аляксандр Рыгоравіч вызнаў. Але апроч канстатацыі народнага абурэння — высноваў ніякіх. Наадварот, ён паспрабаваў перакласці адказнасць за яго на тых, хто за гэта менш за ўсё адказны — на дэпутатаў. Маўляў, так, «на месцах» спрацавалі кепска, але нельга валіць усё толькі «на месцы». І зараз прапановы па тым, як будзе працаваць дэкрэт, і як агулам агулам «дзейнічаць у гэтым накірунку» ён бы хацеў пачуць ад дэпутатаў.

Выбачайце, але дэкрэт — прэзідэнцкі. Выкананнем яго займалася «вертыкаль улады», да якой наш збольшага «бяззубы» парламент дачынення не мае. То бок, «я прыдумаў, а вы выкручвайцеся».

Прычым, пра адмену дэкрэту размова пакуль не ідзе. Хаця ў нечым Лукашэнка абнадзейвае. «Калі прапануеце іншую ініцыятыву — я адступлю», — зазначыў ён. Але тут жа ён сказаў, што досвед па барацьбе з дармаедствам ёсць, і гэта досвед савецкіх часоў: «Можа быць, метады былі не тыя, а можа тыя!»

Скрыншот nn.by

Падзенне ўзроўню жыцця, беспрацоўе, нізкія заробкі і даведзеная да ручкі вытворчасць — з гэтым зменаў ніякіх не будзе. Нават у марах. Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз пацвердзіў сваю прыхільнасць да камандна-адміністрацыйнага стылю кіравання.

Не дзіва, што шмат часу сваёй прамовы Лукашэнка аддаў не надзённым пытанням эканомікі, не людскім праблемам, а разважаў пра тое, як цяжка жывецца чыноўнікам, якая ў іх напружаная праца, і як «рэфармаваць» дзяржаўны апарат. Прычым, па яго меркаванні, рэформа — гэта скараціць чынавенства, падняць заробак тым, хто застанецца, і патрабаваць ад іх, патрабаваць і патрабаваць. Каб яны ў сваю чаргу патрабавалі, патрабавалі, патрабавалі ад сваіх падначаленых.

Калі прадпрыемства кепска працуе — накіруйце туды добрага дырэктара, які «ўсталюе працу» і дасць справаздачу.

Беспрацоўе? Кіраўнік дзяржавы ўжо не кажа пра стварэнне новых працоўных месцаў. Той жа «добры дырэктар» павінен да 1 мая ўсіх працаўладкаваць. Хаця б у працоўныя брыгады і на сезонныя працы.

Нізкі заробак? «Добры дырэктар» павінен забяспечыць 1000 рублёў. «Хто не можа падняць, таму трэба сыходзіць. 1000 рублёў павінен быць заробак, прафесійнае кіраўніцтва ў гэтым і заключаецца».

Заганы ў эканоміцы — урад дасць справаздачу, і без хлусні. А калі схлусяць — персанальна кіраўнік дзяржавы будзе назіраць за прадпрыемствамі.

Прычым, прыхільнасць да камандна-адміністрацыйнага стылю кіравання выяўляецца нават у працы з замежнікамі. Вось, узровень інвестыцый знізіўся. Трэба змяняць інвестыцыйнае заканадаўства, падыходы. Ствараць нармальны бізнес-клімат? Не, трэба «змяніць адносіны да інвестара». Нібыта кульнеш з ім чарку па-сяброўску, у лазню сходзіш — ён грошай і адваліць.

Гэта ў разуменні кіраўніка дзяржавы і ёсць — «працаваць, закатаўшы рукавы».

Але якіх вынікаў можна патрабаваць ад таго ж «добрага дырэктара», калі паўнамоцтваў па рэформе занядбанага прадпрыемства ў яго — нуль? Ён мог бы знайсці сродкі на вытворчасць, скараціўшы непатрэбных працоўных — Лукашэнка загадаў працоўная месцы не чапаць. Ён мог бы пазбавіцца якіх-небудзь «няпрофільных актываў» кшталту ўтрымання «сацыялкі» — Лукашэнка сказаў не чапаць сацыяльную сферу, якой мы ганарымся. Ён бы і рады пазбавіцца «перакрыжавананга субсідавання» ЖКГ, напрыклад — Лукашэнка тут жа кажа: яно ёсць і яно будзе. Дзе яму знайсці грошы на 1000 рублёў заробку, калі проста немагчыма пазбавіцца тых, хто толькі робіць выгляд, што працуе?

Мне могуць запярэчыць: «Лукашэнка слушна кажа, што трэба захоўваць працоўныя месцы!». І я гэта цалкам падтрымліваю. Прафесіяналаў, працоўныя месцы трэба захоўваць, калі тыя месцы — сапраўды працоўныя. Але што робяць на прадпрыемствах розныя ідэалагічныя аддзелы? Ці прафкамы ФПБ — хто-небудзь чуў апошнім часам, каб яны абаранялі правы працоўных?

Скрыншот nn.by

Амаль ніводнага слова пра разняволенне ініцыятывы, пра магчымасць прыняцця хай складаных, хай непапулярных, але патрэбных рашэнняў. Наадварот: «кропкі росту — пад кантроль дзяржавы». «Дзе ўлада слабая — чакай бяды». «Не слухайце нікога, хто вас будзе пераконваць у нейкай эканамічнай лібералізацыі. Лібералізацыя добрая толькі тым, хто нешта мае ў кішэні».

Мог бы, канешне, ратаваць эканоміку прыватны бізнес, але «бізнес — гэта таксама і адказнасць». І так, каб бізнес не браў на сябе і нейкія абавязкі — не будзе.

Ну, і апафеозам: «Жым (ціск) на ўсе галіны ўлады будзе толькі павялічвацца».

Карацей, сістэма заскарузла. І падобна на тое, што змяняць гэтую сістэму кіраўнік краіны не збіраецца. Не збіраецца нават хоць злёгку яе рэфармаваць, так бы мовіць, «змазаць колы». Таму можна толькі дачакацца, калі гэтая сістэма разваліцца.

І што сімптаматычна: сёлета Аляксандр Рыгоравіч пачаў прамову з канстатацыі знешніх пагрозаў — войнаў, тэрарызму і гэтак далей. І гэтымі ж пагрозамі — войнаў, тэрарызму, бежанцаў — і скончыў. Усё ж: хто яго так моцна палохае?



Каментаваць