Рашэнні міжнародных арганізацый у Беларусі выконваць не абавязкова, — Палата прадстаўнікоў

Смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў звярнуўся ў Палату прадстаўнікоў, каб тыя паспрыялі выкананню рашэнняў і рэкамэндацый міжнародных арганізацый у галіне правоў чалавека.
Дзергачоў прасіў патлумачыць, калі ў Беларусі пачне дзейнічаць норма права, якая б гарантавала рэалізацыю рашэнняў міжнародных арганізацый наконт зваротаў грамадзянаў Беларусі.

Алесь Дзергачоў звярнуўся ў камісію правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў і заявіў, што ў Беларусі адсутнічае норма права, якая б гарантавала рэалізацыю пастаноў, рэкамэндацый ці рашэнняў міжнародных арганізацый наконт зваротаў грамадзян Беларусі.

«Я напісаў парламентарам сваё меркаванне, паводле якога артыкул 61 Канстытуцыі Беларусі фактычна гарантуе грамадзянам толькі паштовую паслугу — дастаўку зваротаў у міжнародныя арганізацыі, а не абарону іх правоў. Таму прасіў паведаміць, якія захады мае намер прыняць камісія, каб грамадзяне Беларусі рэальна маглі абараняць свае правы праз міжнародныя арганізацыі. Тым больш што Беларусь не выканала ніводнай рэкамэндацыі Камітэта ААН у правах чалавека, колькасць якіх вылічваецца ўжо дзясяткамі».

Адказ Дзергачоў атрымаў ад старшыні камісіі правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэя Навумовіча. У ім спадар Навумовіч падкрэслівае, што міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь, не агаворваецца абавязковасць выканання дзяржавай пастаноў, рэкамэндацый, рашэнняў міжнародных арганізацый.

«Я і пытаўся, якія захады мае намер прыняць камісія, каб грамадзяне Беларусі рэальна маглі абараняць свае правы праз міжнародныя арганізацыі. А мне, па сутнасці, адказалі, што грамадзяне Беларусі маюць права паскардзіцца».

Паводле Дзергачова, камісію задавальняе становішча, калі Рэспубліка Беларусь ігнаруе рэкамэндацыі пра канкрэтныя парушэнні, напрыклад, Камітэту ААН у пытаньнях правоў чалавека.

«Але ж са зместу артыкулу 61 Канстытуцыі вынікае, што, каб грамадзяне Беларусі рэальна маглі абараніць свае правы празь міжнародныя арганізацыі, трэба прымаць унутрыдзяржаўны закон аб абавязковасьці вердыктаў міжнародных арганізацый наконт скаргаў грамадзян. Такім чынам, артыкул 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніколі не дзейнічаў і пакуль не будзе дзейнічаць. Суб’екты заканадаўчай ініцыятывы ў існуючых умовах дзяржаўнага кіравання праяўляць ініцыятыву ў аднаўленні дзеяння гэтага артыкулу Канстытуцыі проста баяцца. З ініцыятывай мог бы выступіць кіраўнік краіны, але відавочна, што і гэты бок у такой пастаноўцы пытання не зацікаўлены».


Паводле svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: