Разбітая надзея

Рэжым Лукашэнкі праявіў сваю жахлівую, сапраўдную існасць. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што Плошчы не будзе. Плошча была, але нядоўга. Падкрэслена мірны характар вулічнай акцыі пратэсту катастрафічна дысаніруе з метадамі яе разгону. Так, шкляныя дзверы ў Дом урада былі разбітыя, але кандыдаты ў прэзідэнты, палітыкі заклікалі людзей не паддавацца на пракацыі, ні ў якім разе не ісці на штур адміністрацыйнга будынка.  



Фота Радыё Свабода

Але на заклікі да сілавых структур знайсці паразуменне, не ісці супраць сваіх суграмадзян атрымалі адказ у выглядзе брутальнага, нематывавана жорсткага разгону. Амапаўцы шыхтаваліся ў некалькі шэрагаў, натоўп не проста разбівалі на сегменты. Людзей сціскалі паміж двума сценкамі з амапаўцаў у шлемах, са шчытамі, з дубінкамі. Працягні руку ў адзн бок — дакранешся да амапаўца, працягні ў другі — тое ж. Натоўп шалеў ад страху, амапаўцы таксама пад адрэналінам былі далёкія ад адэкватнасці. Сітуацыя, якая склалася ў выніку падобных манеўраў, — гэта другая Няміга. Адрозненне ў тым, што над галовамі быў не дождж, а дубінкі.
 
Нейкага мужчыну збівалі нагамі каля дзясятка супрацоўнікаў сілавых структур, апранутых у цывільнае. Крымінальныя, дваровыя разборкі — вось узровень сілавікоў Беларусі. Карцінка, якую пакажуць тэлеканалы, — ганебная для Беларусі. Такая ў вас улада, спадарства, такую ўладу вы трываеце 16 гадоў. Відаць, усё мае пад сабой грунт.
 
Напад на ініцыятыўную групу Уладзіміра Някляева, збіццё самога кандыдата ў прэзідэнты — гэта папросту па-за каментарамі. Імаверны бліжэйшы супернік Лукашэнкі, які, верагодна, мог бы быць другім прэзідэнтам Беларусі, — у шпіталі з чэрапна-мазгавой траўмай. Арыштаваны і збіты каныдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў. Пабілі галаву Віталю Рымашэўскаму. Арыштаваны Мікола Статкевіч, Андрэй Саннікаў разам з жонкай Ірынай Халіп. Так, магчыма, апазіцыя "правісла" ў плане падрыхтоўкі, правядзення самой акцыі, кіраўніцтва натоўпам. Не зразумелая сутнасць перамоў у Доме ўраду, што ініцыявалі кандыдаты ў прэзідэнты, калі гэты самы Дом ураду зачынены і, па логіцы, там хіба што прыбіральшчыца знаходзілася (але падзеі паказалі, што знайшлося месца ў гэтым будынку і не адной сотні амапаўцаў). Але ўсё гэта не можа быць падставаю для бойні пад сценамі Дома ўраду, пасля якой застаўся чырвоны ад крыві снег.
 
Кроў, боль, сорам — вось вынік 19 снежня 2010 года.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: