Беларусы, мы можам разлічваць толькі на сябе!

У той час, як Расія шчыруе дзеля захавання на пасадзе Лукашэнкі, дэмакратычная Еўропа, дый ЗША, паводзяць сябе ў дачыненні да Беларусі вельмі квола.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Канешне, беларусам выказваюць падтрымку, імі захапляюцца, і ўсё такое. Але складваецца ўражанне, што за словамі не стаіць нічога. Так, правялі некалькі абмеркаванняў у ААН, АБСЕ і структурах ЕС. Так, выказалі чарговую «сур’ёзную занепакоенасць». Аднак нават меркаваныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у фальсіфікацыі выбараў, не закранулі персанальна Лукашэнку. Не кажучы ўжо пра тых, хто вінаваты ў маштабным гвалце, які працягваецца на вуліцах нашай краіны.

Той самы вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах Жазэп Барэль, які выказваў захапленне беларускімі пратэстамі, нават заявіў, што, хаця Лукашэнка і не прызнаецца легітымным кіраўніком дзяржавы, але застаецца ім «фактычна», і таму з ім і яго структурамі будуць мець справу.

Чаму Еўропа так незразумела рэагуе на сітуацыю ў Беларусі?


Еўропа нам не дапаможа

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што «глыбокія занепакоенасці» Еўропа выказвала заўсёды. «Хіба калі-небудзь было па-іншаму? Іншых формаў абурэння ад так званага калектыўнага Захаду я не ведаю. Увесь час была «заклапочанасць». Высветлілася, што ў санкцыйны спіс, які, дарэчы, яшчэ і не прыняты, не ўвайшоў кіраўнік Беларусі. Спіс яшчэ не зацверджаны. Кажуць, што ніколі такой практыкі не было, каб кіраўнік краіны трапляў у санкцыйны спіс — за выключэннем Беларусі ў 2010 годзе», — адзначыў Якаўлеўскі.

Аднак, як ён некалькі разоў заўважыў, спіс яшчэ не прыняты.

Другая прычына, па яго меркаванні, у тым, што ў заходніх сталіцах лічаць, што ў іх сваіх праблемаў хапае, і ім не да Беларусі. «Глобус у працоўным кабінеце кіраўніка не азначае, што Беларусь — пуп зямлі. Да таго ж, краіна, што не валодае ядзернай зброяй і дзе яшчэ не запушчаная, дзякуй Богу, беларуская АЭС», — лічыць Якаўлеўскі.

Беларусь, канешне ж, выйшла ў сусветныя навіны дзякуючы народу, які выявіў сябе вельмі актыўна і культурна. Аднак гэтага наўрад ці дастаткова для рэакцыі ЕС.

«Нам унушылі, што ЕС — гэта адзінае цэлае, але, на жаль, гэта не так. Узяць хаця б чарговую заяву Барэля пра тое, што Беларусі патрабуецца агульнанацыянальны дыялог. Але пры цяперашніх паводзінах улады (менавіта ўлады) ён сёння не ўяўляецца магчымым. І паводзіны Еўрапейскага саюза моцнага аптымізму не выклікаюць. Ёсць дэкларацыі, што не заўсёды адпавядаюць рэаліям Беларусі. У большай ступені гэта тычыцца Еўрапарламента, але Еўрапарламент не мае той улады, якую мае Еўракамісія. Гэты бюракратычны лес, і мне не зусім зразумела, як Германія і Францыя прадэманстравалі, наколькі можна зразумець, «гіперпрагматызм», кажучы пра тое, што трэба размаўляць з рэальнай уладай. А пра «рэальную ўладу» сёння марыць існуючы рэжым», — адзначае аглядальнік.


Бюракратычны лес

Не варта, па меркаванні Якаўлеўскага, спадзявацца таксама на ААН і АБСЕ. Хаця б таму, што гэтыя арганізацыі самі знаходзяцца ў крызісе.

«У ААН, напрыклад, слуханні па Беларусі былі нефармальныя, гэта не Генеральная асамблея, гэта ні да чаго не абавязваючыя слуханні. Яны, канешне, важныя для таго, каб у свеце ведалі пра Беларусь, але не больш», — зазначае аглядальнік.

Ініцыятарам гэтых слуханняў быў непастаянны чалец Савета Бяспекі ААН — Эстонская Рэспубліка. Дарэчы, падкрэслівае Якаўлеўскі, Беларусь дамагалася атрымаць такі ж статус непастаяннага чальца, але, праз палітыку ўладаў, безвынікова.

Што тычыцца АБСЕ, таксама не варта было б мець ілюзій. «Гэтая структура таксама знаходзіцца ў крызісе, і там важнейшы прынцып пры прыняцці рашэнняў — кансэнсус. То-бок, з рашэннем павінны быць згодныя ўсе, але гэта немагчыма. Асабліва ўлічваючы, што і Беларусь, і Расія таксама з’яўляюцца паўнавартаснымі чальцамі АБСЕ», — зазначае адмыслоўца.

«Спадзявацца на гэтыя арганізацыі не тое што не варта — нельга», — мяркуе Якаўлеўскі.

Між іншым, ён згадаў развязанне палітычнага крызісу ў Малдове, у выніку чаго алігарх Плахатнюк, які фактычна кіраваў краінай, быў вымушаны яе пакінуць. Але тую сітуацыю ён называе ўнікальнай, бо тады наконт апальнага алігарха дамовіліся Масква, Брусель і Вашынгтон. Што ж тычыцца Беларусі, то такой унікальнасці Якаўлеўскі не чакае: «Масква кажа, што ніякіх знешніх актараў (маецца на ўвазе Захад) ва ўрэгуляванні беларускай сітуацыі быць не павінна».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Можна пагадзіцца з міністрам замежных спраў Літвы Лінкявічусам, які сказаў, што сваімі сённяшнімі паводзінамі ў дачыненні да беларускага крызісу Еўрасаюз губляе аўтарытэт», — зазначыў Якаўлеўскі.

Такім чынам, ад аб’яднанай Еўропы нам нічога, апроч словаў, чакаць не выпадае. А ад «раз’яднанай»?

Калі не разам, то паасобку

Краіны Еўрасаюза ў той жа час маюць права і паўнамоцтвы рэагаваць на беларускую сітуацыю, сыходзячы са сваіх нацыянальных інтарэсаў. Гэтую актыўнасць сёння выявілі краіны Балтыі, якія абвясцілі Лукашэнку персонай нон-грата. Блізкая да падобнага рашэння, па меркаванні Якаўлеўскага, Польшча. «А сёння я б не забываў яшчэ і Украіну. Цяпер зусім іншыя адносіны паміж Кіевам і Мінскам. Пасля доўгіх кансультацый у Мінск вярнуўся ўкраінскі пасол. Таму тое, што мы называем дапамогай, варта чакаць і з Поўдня. У чым гэтая дапамога будзе — час пакажа», — адзначае міжнародны аглядальнік.

Якаўлеўскі не выключае таксама, што нейкія захады ў дачыненні да Лукашэнкі і яго рэжыму прыме Германія, — з-за публікацыі так званай «праслушкі» пра атручванне Навальнага. «Гэтая рэч можа абудзіць у Берліна цікаўнасць да Беларусі, хаця ў Берліна сваіх клопатаў багата», — мяркуе ён.


ЗША — было б жаданне

Якаўлеўскі лічыць, што варта чакаць нейкіх эканамічных санкцый і ціску. Ён нагадвае, што ў ЗША ўжо не першы год дзейнічае «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі» — гэта спецыяльны закон, у якім закладзеныя магчымасці ўключэння санкцый. Яго кожны год працягвае прэзідэнт ЗША, і, як зазначае Якаўлеўскі, часткі гэтага закона могуць ужывацца ў залежнасці ад сітуацыі. «Я думаю, што сённяшнія паводзіны ўлады не дазволяць забыцца на актывізацыю гэтага закона», — лічыць ён.

Адной з самых сур’ёзных частак «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі» Якаўлеўскі называе магчымасць замарозкі замежных рахункаў замежных установаў Беларусі. «Умоўна кажучы: Беларусь і ЗША збіраліся абмяняцца пасламі. Пры ўжыванні гэтага пункта закона ў беларускай амбасады проста не будзе фінансавых рэсурсаў для ажыццяўлення сваёй дзейнасці».

Таксама Якаўлеўскі нагадвае, што гэты закон быў прыняты адзінагалосна абедзвюма палатамі амерыканскага Кангрэса. Гэты закон не трэба спецыяльна ініцыяваць, уводзіць у дзеянне, ён ляжыць і чакае свайго часу. І ў любы момант ён можа запрацаваць.


На парозе эканамічнага крызісу?

З іншага боку, тое, чаго «калектыўны Захад» не можа зрабіць у дыпламатычнай плыні, цалкам можа ажыццявіцца ў плыні фінансавай. Праўда, пакуль пра нейкія эканамічныя санкцыі з боку ЕС размова не ідзе, аднак яны могуць ажыццявіцца, так бы мовіць, «натуральным чынам». Прынамсі, ЕС ужо казаў пра згортванне «тэхнічнай дапамогі» рэжыму.

Эканаміст Барыс Жаліба кажа, што раней «тыя віды, якія мы мелі на крэдыты Міжнароднага валютнага фонду пры выкананні нейкіх умоў, напрыклад, перабудовы карпаратыўнага кіравання, прыватызацыі, захоўваліся». «Хоць не вельмі многа, але нас крэдытаваў і Еўрапейскі банк, і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, і розныя міжнародныя фінансавыя інстытуты. Цяпер яны, з вялікай доляй верагоднасці, крэдытаваць нас перастануць, так патрэбныя нам валютныя рэсурсы будуць недасяжныя», — кажа адмыслоўца.

У Беларусі застаюцца два варыянты атрымання грошай: Расія, якая ўжо заявіла пра крэдыт у мільярд долараў, і ў нейкай ступені Кітай, які адразу прызнаў вынікі беларускіх выбараў. Але праблема ў тым, што Расія, у асноўным, рэфінансуе нашыя ранейшыя пазыкі, то-бок грошы пераходзяць з аднаго рахунку ў Маскве на іншы маскоўскі рахунак. Пазіцыя ж Кітаю таксама вядомая: ён выдае, збольшага, так званыя «звязаныя» крэдыты на аплату паставак кітайскага абсталявання і працы кітайскіх рабочых. І атрымліваецца прыкладна, як з Масквой — грошы ўсё роўна сыходзяць у Кітай (пры тым, што Беларусь неяк прымудрылася вычапіць паўмільярда долараў у эквіваленце «гатоўкай» ад Кітайскага банку развіцця).

Паводле апошніх даных, за нестабільны жнівень Нацбанк страціў 1,4 мільярда долараў, прычым, толькі 380 мільёнаў пайшлі на сплату знешняга доўгу. Астатнія грошы — гэта інтэрвенцыі на рынак з мэтай стрымаць валютны курс. «Таму грашыма нам можа дапамагчы толькі Расія, але яна, як заўсёды, нешта за гэта запатрабуе», — кажа Жаліба.

Цяжка нам будзе і з інвестыцыямі, якія, па словах эканаміста, і без таго былі слабым месцам эканомікі. «У нас і так да 80% — гэта так званыя “рэінвестыцыі”, гэта не прыхо­дзяць новыя фірмы і кампаніі з грашыма, а ўжо існуючыя ўкладваюць грошы ў развіццё. Велізарны ўдар па эканоміцы нанясуць ІТ-фірмы, якія цяпер перавозяць сваіх супрацоўнікаў у іншыя краіны. Парк высокіх тэхналогій па заробленых грошах стаў выходзіць на трэцяе месца — пасля нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Адток ІТ-сектара краіны ўжо ідзе, і мы будзем губляць і ў гэтай пазіцыі», — зазначае Жаліба.

У такіх варунках эканаміст прагназуе «вельмі цяжкі год». «Перспектывы не вясёлкавыя: як для ўлады, так і для насельніцтва», — кажа адмыслоўца.

Канешне, эканоміка, па словах Жалібы, — сістэма жывучая. Яна працавала і ў вайну, і пад акупацыяй. Але пытанне ў тым, якая гэта будзе эканоміка. І вырашэнне гэтага крызісу, па яго словах, залежыць «агульнавядома ад каго».

І, канешне ж, ад беларускага народу: наколькі ў яго хопіць запалу змагацца за свабоду ў вельмі неспрыяльных умовах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: