Рэформа Канстытуцыі — падман? Прыём прапаноў па змене Канстытуцыі падоўжаны на няпэўны час

Прыём Палатай прадстаўнікоў прапаноў па змене Канстытуцыі падоўжаны на нявызначаны час. Ён павінен быў скончыцца 25 кастрычніка, але, як заявіла ў эфіры СТБ старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана Любецкая, дасылаць прапановы можна і цяпер.


«У цяперашні час гэтая праца будзе працягнутая. Можна накіроўваць прапановы і далей на вядомыя рэсурсы, house.gov.by — адрас Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама збіралі гэтыя прапановы ў акругах і цяпер над імі будуць актыўна працаваць», — цытуе яе Reform.by.

Любецкая не стала называць колькасць прапаноў, якія паступілі ад грамадзян, хаця раней яе калегі называлі гэтыя лічбы. Паводле яе слоў, сутнасць не ў колькасці, а ў тым, што прыходзяць, як індывідуальныя, так і калектыўныя звароты.

Дэпутат падзяляе іх на тры катэгорыі: палітычны лад, сацыяльна-эканамічныя шляхі развіцця і ідэалогія, каштоўнасці.

«Выказваюцца прапановы аб пераходзе ад мажарытарнай да змяшанай сістэмы, то бок прапарцыйнай сістэме (выбараў — НЧ). Датычацца пытанняў тэрмінаў працы органаў дзяржаўнай улады, прызначэння службовых асоб кіраўніком дзяржавы, і парадку ў тым ліку. Ёсць пытанні, якія тычацца адмены смяротнага пакарання, дастаткова сур’ёзная дыскусія на гэтую тэму. Увядзенне ўпаўнаважанага па правах чалавека — такі інстытут існуе ў сусветнай практыцы, і нашы грамадзяне разважаюць пра гэта», — сказала яна.

Сярод іншых прапаноў Любецкая згадала ўвядзенне англійскай у якасці трэцяй мовы, забарона на ўсынаўленне беларускіх дзяцей замежнікамі, датэрміновую пенсію для бацькоў трох дзяцей.

Як і іншыя дэпутаты раней, яна распавяла аб прапановах па рэгуляванні жыллёвага, сямейнага заканадаўства. Яны будуць перададзеныя профільным ведамствам.

Нагадаем, Лукашэнка неаднаразова казаў, што можа сысці пасля праведзенай канстытуцыйнай рэформы. Аднак «народныя прапановы» па зменах у Канстытуцыю можна збіраць бясконца доўга. Напрыклад, праца над Канстытуцыяй Беларусі ўзору 1994 года ад моманту стварэння Канстытуцыйнай камісіі і да моманту  прыняцця Асноўнага закона заняла без малага чатыры гады.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: