РФ забароніць уезд для беларусаў, бо Беларусь недастаткова супрацьстаіць каранавірусу

Урад Расіі падрыхтаваў праект распараджэння аб увядзенні часовых абмежаванняў на ўезд у Расію грамадзян замежных дзяржаў, у тым ліку грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба расійскага кабінету, паведамляе «Свабода».

Паводле агенцтва Інтэрфакс, ва ўрадзе РФ падкрэсліваюць, што беларускі бок быў загадзя папярэджаны аб планаваных мерах падчас тэлефоннай размовы 15 сакавіка прэм'ера РФ Міхаіла Мішусціна і кіраўніка ўраду Беларусі Сяргея Румаса.

Беларусь не робіць дастатковых захадаў для змагання з пранікненнем каронавірусу з трэціх краін, гаворыцца ў заяве расійскага кабінету міністраў, якую цытуе агенцтва ТАСС.

Таму, паводле расійскага ўраду, абмежаванні на перасоўванне праз мяжу Рассіі і Беларусі было законным, і Масква разлічвае на больш канструктыўную пазіцыю Мінску. Расійскі кабінет міністраў лічыць, што заявы кіраўніцтва Беларусі не спрыяюць выпрацоўцы ўзгодненых захадаў па супрацьдзеянні каронавірусу.

Раней сёння Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў развіццё сітуацыі з каронавірусам падчас прызначэння кіраўнікоў мясцовых органаў улады, паведамляла БелТА.

На думку Лукашэнкі, акрамя Мінску і буйных гарадоў, сітуацыя з каронавірусам не такая праблемная для раёнаў і раённых цэнтраў.

«Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасць) — гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў кірунку каронавірусу вельмі рэзка адбіліся на эканоміцы. Дайшло да таго, што наша родная Расія — падкрэсліваю — закрыла мяжу з Беларуссю», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі адносна спакойнае становішча, а «Расія ўся палае ад каронавірусу».

«Дык хто ад каго павінен зачыняцца. Пытанне рытарычнае», — дадаў Лукашэнка.

У Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы, перакананы Лукашэнка, медыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сітуацыю.

«Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецвопратку ці нейкія лекі», — сказаў Лукашэнка.

16 сакавіка прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін абвясціў аб рашэнні закрыць мяжу з Беларуссю для перасоўвання людзей.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: