Роздум пасля Маршу смелых: Хопіць бегаць як зайцы!

«Чаму кажуць, што ў нас са спортам праблемы? Глядзі як бегаюць! Мы ж за здаровы лад жыцця..» — гэта рэальная размова амапаўцаў на ўчорашнім Маршы смелых, пачутая адным з затрыманых. Яны рагочуць у сваіх бусах, гледзячы, як людзі разбягаюцца пры іх з’яўленні.


А яшчэ час ад часу ім па рацыі перадавалі: “Выхад на праезную частку, кінулі сметніцу. Адрас такі-та”. І бусы ехалі на гэты адрас. А людзі разбягаліся ў розныя бакі. Хто бегаў не так хутка, апынаўся сярод затрыманых.

Да чаго гэта я? Першае, што кідаецца ў вочы на апошніх маршах, гэта невядомыя, якія заўчасна пачынаюць клікаць людзей на праезную частку. ”На дарогу! На дарогу!” — пачынаюць яны крычаць, хаця відавочна, што людзей замала і яшчэ не падцягнулася асноўная частка. Людзі радасна выходзяць. А праз 5-10 хвілін з’яўляюцца сілавікі. Людзі разбягаюцца ў розныя бакі. Пачынаецца паляванне. Калона адсякаецца, разбіваецца, рассейваецца.

Тое, што заўчасна на дарогу клічуць перапранутыя сілавікі, не выклікае сумневу. Сама бачыла, колькі іх высыпае з бусаў. Іх шмат сярод пратэстоўцаў. І гэта яны робяць паспяховай працу іх асноўных сілаў. А мы гэта ім дазваляем. І ўжо чуюцца размовы, маўляў, маршы трэба спыняць, мяняць фармат.

Можна шмат разважаць пра фарматы, але тое, што штотыднёвыя маршы выматваюць улады — бясспрэчна, і спыняць маршы нельга ні ў якім разе. Спынім, дадзім  ім перадышку, час для перадыслакацыі і ўжо не вернем сабе ініцыятыву.

Відавочна аднак і тое, што трэба нешта мяняць. Што? Найперш раз і назаўсёды вырашыць для сябе — навошта мы выходзім. Пабегаць навыперадкі з сілавікамі? Ці выказаць свой пратэст? 

Хопіць бегаць як зайцы. Хопіць як бараны выбягаць на дарогу, калі нас мала і людзі ўсё яшчэ падцягваюцца. Хопіць ставіцца да маршаў, як для прагулянак. Мы не гуляем, мы выходзім выказаць свой пратэст, адстаяць сваю свабоду, адстаяць нашу Беларусь. Выходзім, як выйшаў Раман Бандарэнка. Ён не бегаў. Ён стаяў да канца.

Іначай яны і далей будуць рагатаць у сваіх бусах і звозіць нас пачкамі ў аўтазаках. А яшчэ забіваць нас па адным.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: