Розніца паміж звесткамі камісій і назіральнікаў наконт яўкі — на большасці ўчасткаў

Розніца паміж звесткамі ўчастковых выбарчых камісій і назіральнікаў аб яўцы зафіксаваная на 50,7% выбарчых участках, на якіх ажыццяўлялася назіранне, гаворыцца ў справаздачы кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паводле вынікаў назірання за датэрміновым галасаваннем у трэці дзень.


Кампанію назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" праводзяць Беларускі Хельсінкскі камітэт і праваабарончы цэнтра "Вясна" (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі ў 2003 годзе). 372 кароткатэрміновыя назіральнікі кампаніі вядуць штодзённае назіранне за датэрміновым галасаваннем на 186 выбарчых участках па ўсёй тэрыторыі краіны.

Згодна са звесткамі назіральнікаў, колькасць тых, хто прагаласаваў за трэці дзень датэрміновага галасавання на 186 участках, склала 16 тыс. 612 чалавек, а паводле пратаколаў участковых камісій — 18 тыс. 685 чалавек. Розніца складае 2 тыс. 73 чалавекі, ці 11%. У 2012 годзе на парламенцкіх выбарах пры назіранні на 130 участках розніца ў трэці дзень датэрміновага галасавання склала 4,6%.

На 18% участкаў назіральнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" зафіксавалі прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, на 12,8% участкаў — умяшанне іншых асоб у працу камісій, на 1,3% — перашкоды працы назіральнікаў.

"Назіральнікі працягваюць паведамляць пра масавае арганізаванае галасаванне студэнтаў, вайскоўцаў, служачых МНС, як і падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Таксама ў шматлікіх навучальных установах для датэрміновага галасавання выкарыстоўваюцца сходы бацькоў навучэнцаў", — гаворыцца ў справаздачы.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: