Рух «За Свабоду» ўстрымліваецца ад вылучэння свайго кандыдата і падтрымкі іншых падчас прэзідэнцкай кампаніі — заява

Рада Руху «За Свабоду» са шкадаваннем канстатуе, што нават глыбокі эканамічны крызіс у Беларусі і пагроза для суверэнітэту краіны з боку Расіі не спрычыніліся да кансалідацыі дэмакратычных сілаў Беларусі ў імя незалежнасці, дэмакратыі, рынкавай эканомікі і еўрапейскага выбару.



На вялікі жаль, брак адказнасці і дамоваздольнасці да сённяшнага дня не дазволілі прыняць працэдуру вызначэння адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сілаў.

Лічым, што паход на выбары асобнымі калонамі дэзарыентуе прыхільнікаў пераменаў і паглыбіць апатыю ў грамадстве. Імітацыя ўдзелу ў выбарчым палітычным працэсе з загадзя прадказальным фіналам можа адштурхнуць людзей ад дэмакратычных сілаў.

Ад моманту стварэння Рух «За Свабоду» ставіў за мэту пашырэнне патрыятычных і праеўрапейскіх настрояў, фармаванне крытычнай масы грамадзянаў, якія ў стане рэальна адстаяць незалежнасць і дэмакратычны выбар Беларусі. Мы і надалей будзем дзейнічаць дзеля яе дасягнення, не абмяжоўваючыся рамкамі выбарчай кампаніі.

Рух «За Свабоду» заяўляе, што ўстрымліваецца ад вылучэння свайго кандыдата і падтрымкі іншых кандыдатаў падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 году. Арганізацыя сканцэнтруецца на распрацоўцы прапановаў эканамічных рэформаў у рамках «Народнай праграмы», ініцыятыве дзеля мірных пераменаў «Народны рэферэндум», а таксама на кампаніях па назіранні за хадой выбараў і за вызваленне палітычных вязняў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: