Рудкоўскі: Заявы пра датычнасць расійскіх спецслужб да падаўлення пратэстаў у Беларусі небеспадстаўныя

Палітолаг — пра тое, як Захад можа адрэагаваць на заявы пра сілавую падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Пётр Рудкоўскі

Пётр Рудкоўскі


Гісторыя праграміста з Беларусі, які апублікаваў запісы здзекаў з вязняў у Расіі — не адзіны «беларускі след» у гучным скандале.

 Яшчэ ў чэрвені гэтага года кіраўнік праваабарончага праекта «Гулагу.нет» Уладзімір Асечкін ў інтэрв'ю RFI распавёў пра магчымую ролю расійскіх сілавікоў у падаўленні пратэстаў у Беларусі:

— Нашы крыніцы ў ФСВП паведамілі, што ў момант самай гарачай фазы пратэстаў у Беларусі байцы расійскага спецназа былі накіраваныя да заходніх межаў. Адна з нашых крыніц паведаміла, што байцы аддзела спецпрызначэння розных тэрытарыяльных органаў ФСВП выязджалі ў Беларусь і аказвалі сілавую падтрымку МУС Беларусі ў падаўленні пратэстаў.

Сярод іх былі ў тым ліку супрацоўнікі з Краснаярска, Омска і Іркуцка, якія вядомыя сваёй асаблівай жорсткасцю. ( ... ) Спецназ ФСВП — самае жорсткае падраздзяленне. Мы прыходзім да высновы, што яны дзейнічалі і ў Беларусі.

Сёння, калі праваабаронцам удалося вывезці на захад відэаархіў з запісамі катаванняў і згвалтаванняў у расійскіх калоніях, інфармацыя пра ўдзел спецназа ФСВП у беларускіх падзеях можа атрымаць новы паварот.

Тым больш, што галасы заходніх палітыкаў, якія выступаюць за ўвядзенне санкцый не толькі ў дачыненні да Мінска, але і Масквы, якая падтрымала Аляксандра Лукашэнку, гучаць усё мацней.

Палітолаг, акадэмічны дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі пракаментаваў версію «Гулагу.нет» і не толькі.

— Не думаю, што Уладзімір Асечкін беспадстаўна заявіў пра датычнасць расійскіх спецслужб да падаўлення акцый пратэсту ў Беларусі. Гэтая інфармацыя прасачылася ў жніўні мінулага года, — адзначыў эксперт.

І прывёў у прыклад леташнюю гутарку з шараговым супрацоўнікам АМАПа, які ўпэўнена заяўляў, што да падаўлення датычныя расійскія спецслужбы і што яны былі асабліва жорсткімі.

— У той час я ставіўся да гэтых заяў асцярожна, але цяпер думаю, што гэты чалавек гаварыў праўду.

Гэтая інфармацыя таксама пераклікаецца з тым, што вядома з адкрытых крыніц, лічыць палітолаг:

— У канцы жніўня 2020 года Уладзімір Пуцін публічна абвясціў пра стварэнне рэзерву расійскіх сілавых структур, якія павінны прыйсці на дапамогу ў выпадку, калі «экстрэмісцкія элементы» пачнуць «разбойнічаць». Відавочна, гэта была публічная версія таго, што дэ-факта ўжо адбывалася ў прыватным парадку.

Рудкоўскі падкрэсліў, што гэта таксама ўкладваецца ў ланцуг далейшых узгодненых дзеянняў расійскіх і беларускіх служб: затрыманне групы Фядуты ў Расіі, зняцце Пратасевіча з самалёта і нядаўняе затрыманне журналіста «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Генадзя Мажэйкі.

Пётр Рудкоўскі сумняваецца, што звесткі пра магчымыя дзеянні расійскага ФСВП у Беларусі выклічуць нейкую асаблівую рэакцыю на Захадзе: «Гэта будзе чарговая інфармацыя, якую еўрачыноўнікі будуць паступова пераварваць».

Разам з тым, ён нагадаў пра рэзалюцыю Еўрапарламента, якую падтрымалі 506 еўрадэпутатаў:

— Яна пастулюе, сярод іншага, увядзенне санкцый супраць Масквы за падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Іншая справа, што гэты тып пастаноў носіць дэкларатыўны характар і паміж прыняццем і канкрэтнымі дзеяннямі —вялікая дыстанцыя.

Аднак сігнал дастаткова моцны, і рэзалюцыя паказвае кірунак мыслення заходніх палітыкаў. Змена ўрада ў Аўстрыі, які было адносна лаяльным да рэжыму, таксама дапаможа выпрацаваць больш рашучую палітыку ў дачыненні да групы Лукашэнкі.

Паводле «Салідарнасці».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: