Рух Салідарнасці «Разам»: «Ніводнай беларускай капейкі пуцінскай хеўры!»

Рух Салідарнасці «Разам» выступіў з заявай, у якой заклікаў палітычныя сілы Беларусі яднацца для супраціву інтэграцыйным дамовам паміж урадамі Беларусі і Расіі.
Актывісты Руха Салідарнасці "Разам", фота facebook.com

Актывісты Руха Салідарнасці "Разам", фота facebook.com

Рух Салідарнасці «Разам» заклікае усе беларускія палітычныя сілы аб'яднацца і ладзіць супольныя масавыя акцыі супраць інтэграцыйных дамоваў Беларусі і Расіі, аб падрабязнасцях якіх стала вядома 29 лістапада са словаў амбасадара Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі. Адпаведная заява размешчана на афіцыйнай старонцы Руха Салідарнасці «Разам» у фэйсбуку.

У заяве гаворыцца:

«Мы катэгарычна пратэстуем супраць спробаў А. Лукашэнкі ўступіць у злачынны хаўрус з рэжымам У. Пуціна.

Мы заклікаем усё беларускія палітычныя партыі і рухі разам тэрмінова прызначыць час і месца вулічнай акцыі пратэсту ў Мінску супраць маскоўскай навалы.

Мы заклікаем да стварэння на гэтай акцыі агульнанацыянальнага страйкавага камітэту і пачатку агульнанацыянальнай кампаніі грамадскага непадпарадкавання з масавай невыплатай падаткаў і іншых збораў пад лозунгам: «Ніводнай беларускай капейкі пуцінскай хеўры!»

Мы будзем падтрымліваць усе акцыі беларусаў супраць «інтэграстаў», якія збяруцца 8 снежня падпісваць незаконныя і нелегітымныя пагадненні.

Мы заклікаем беларусаў да супраціву, а міжнародную грамадскасць — да салідарнасці з беларусамі.

Беларусь - перадусім!
Жыве Беларусь!»



Заява была прынятая актывістамі арганізацыі падчас ушанавання памяці герояў Слуцкага паўстання 1920 года (Слуцкі Збройны чын) ў мястэчку Грозаў. Гэта штогадовая традыцыя, межах якой грамадскія і палітычныя актывісты, культурныя дзеячы і неабыякавыя грамадзяне ўшаноўваюць змагароў за незалежнасць Беларусі, ускладаючы кветкі да памятных мясцінаў у Грозаве, Семежаве, Вызна, а таксама горадзе Слуцку.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: