Рух Салідарнасці «Разам» заклікаў не адмаўляцца ад Дня Волі

З адпаведнай заявай выступіў Сойм Руху Салідарнасці «Разам».
18 студзеня адбылося пасяджэнне Сойма Руху Салідарнасці «Разам», на якім абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў краіне, рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў акцый за незалежнасць, а таксама бліжэйшыя важныя падзеі ў грамадска-палітычным жыцці. Сябры арганізацыі адзначылі, што на тле пагрозы паглыбленай інтэграцыі з Расіяй важным з'яўляецца адзначэнне Дня Волі ў Мінску.

«Рух Салідарнасці «Разам» лічыць дзень 25 сакавіка галоўным святам для ўсяго беларускага народа. Дзень Волі на вуліцах Менску праводзіцца ўжо больш 30-ці гадоў. Мы лічым вельмі небяспечным для незалежнасці і суверэнітэту нашай Айчыны спробы адмены традыцыйнага Дня Волі.

Мы заклікаем усё беларускія палітычныя партыі і рухі разам годна адсвяткаваць у Менску 102-ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі.

Лічым, што найбольш мэтазгодным месцам збору людзей застаецца Плошча Каліноўскага (Кастрычніцкая плошча)», — гаворыцца ў заяве.

Рух Салідарнасці «Разам» таксама асудзіў палітычны пераслед і судовыя пакаранні ўдзельнікам акцый за незалежнасць. Асобную заяву арганізацыя прыняла ў абарону Змітра Казлова, які быў пакараны агульным тэрмінам зняволення ў 60 сутак.

«
Рух Салідарнасці «Разам» абураны незаконнымі прысудамі ў выглядзе 4-х арыштаў па 15 сутак кожны аднаго з відэаблогераў Змітра Казлова, які ў жывым эфіры трансляваў мінскія акцыі супраць "глыбокай інтэграцыі". Гэта пры тым, што суды над Змітром былі закрытыя, ды і, згодна з заканадаўствам Беларусі, тэрмінаў у 60 сутак адміністрацыйнага арышту запар не можа быць. Таму незаконы арышт Змітра ёсць брутальным і амаральным нават на фоне агульных масавых палітычных рэпрэсій супраць удзельнікаў вулічных акцый у абарону Незалежнасці і Суверэнітэту нашай краіны. Да таго ж, вядомы відэаблогер знаходзіцца пад пагрозай яшчэ шэрагу судоў.


Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць прыкласці ўсе высілкі па неадкладнаму вызваленню Змітра Казлова з ІЧУ г. Орша! Заклікаем да салідарнасці са Змітром Казловым і да яго падтрымкі!»
 — гаворыцца ў заяве.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: