Рух «За свабоду» выстаўляе кандыдатаў на выбары

Рух «За свабоду» сабраўся выставіць 55 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Беларусі, піша Радыё Свабода.
Выбарчы кодэкс Беларусі дазваляе (артыкулы 62, 63 і 65) выстаўляць кандыдатаў ад партыяў, працоўных калектываў і праз збор подпісаў грамадзянаў.

Але рух не зарэгістраваны як палітычная партыя (толькі з чацьвёртага разу зарэгістравалі грамадзкім аб’яднаннем) і не ёсць працоўным калектывам.

«Мы грунтуемся на артыкуле 69 Канстытуцыі, які дае права вылучэння кандыдатам у дэпутаты грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам адпаведна закону, — тлумачыць Юрась Губарэвіч. — Гэты артыкул не дзеліць грамадзкія аб'яднанні на асобныя групы, якія могуць адрознівацца: фонды, партыі і гэтак далей. Ён дае права вылучэння ўсім грамадскім аб'яднанням».

Артыкул 69 Канстытуцыі РБ. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам адпаведна закону.

Акрамя таго, адзначыў Губарэвіч, артыкул 5 Канстытуцыі разам з партыямі згадвае «іншыя грамадзянскія аб’яднанні» — і тыя, і тыя «садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзянаў, удзельнічаюць у выбарах».

Таксама Губарэвіч згадвае артыкул 138 Канстытуцыі, які ў выпадку разыходжання між Канстытуцыяй і іншымі заканадаўчымі актамі ставіць Канстытуцыю вышэй. Ён дапускае, што ў выбаркамах кандыдатам руху будуць адмаўляць у рэгістрацыі, але кажа пра намер абскарджваць гэта ў вышэй стаячых камісіях і судах.

Адной з мэтаў гэткай акцыі ён называе «размарозку палітычнага жыцця ў краіне», дзе ад 2000 году «накладзены фактычны мараторый на рэгістрацыю новых палітычных партыяў».

Ды кандыдатаў ад руху будуць выстаўляць не толькі такім шляхам са спасылкай на Канстытуцыю: Губарэвіч кажа, «больш за палову» выставяць па спісах партнёрскіх партыяў (рух уваходзіць у правацэнтрысцкую кааліцыю) і праз збор подпісаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: