Рыбачкі і рыбакі

Скандал з вядомай сваімі сексуальнымі прыгодамі грамадзянкай Беларусі Насцяй Рыбкай (Вашукевіч), яе затрыманнем, потым вызваленнем у Маскве мог бы застацца сюжэтам свецкай хронікі, калі б не дзве акалічнасці.

Па-першае, расійскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны сцвярджае, што мільярдэр Алег Дзерыпаска асабіста замовіў арышт і пасадку Анастасіі Вашукевіч. Як помсту за тое, што яна запісала і зліла ў інтэрнэт размовы Дзерыпаскі пра тое, як ён і намеснік кіраўніка ўрада Расіі Сяргей Прыходзька абмяркоўвалі ўмяшанне Расіі ў амерыканскія выбары.

Па-другое, скандальным сюжэтам зацікавілася першая асоба дзяржавы Рэспублікі Беларусь — Лукашэнка. Яго ­прэс-сакратар Наталля Эйсмант заявіла, што кіраўнік дзяржавы «тэрмінова загадаў» заняцца вызваленнем затрыманай у Расіі Анастасіі Вашукевіч. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адклаўшы ўсе справы, кінуўся вызваляць Насцю Рыбку, і, урэшце, беларуская дыпламатыя атрымала выдатную перамогу. Кіраўнік МЗС распавёў, як спрытна і хутка ён выканаў даручэнне кіраўніка краіны, дамогшыся вызвалення скандальнай персоны.

Не буду маралізаваць. Жыццё Насці Вашукевіч — гэта яе жыццё. І яна вольная распараджацца ім паводле свайго меркавання. Хай спіць, з кім хоча і як хоча — гэта яе права. У мяне іншае пытанне. Няўжо ў кіраўніка краіны няма іншых турботаў, апроч вызвалення Насці Рыбкі?

Напрыклад, у 2018 годзе ВУП Беларусі вырас усяго на 3%. Упаў прырост вытворчасці прамысловай прадукцыі: да 5,7% з 6,1% па выніках адзінаццаці месяцаў. У валавым выражэнні ВУП за 2018 год склаў 121 568,3 мільёна рублёў, а аб’ём вытворчасці прамысловасці — 110 069,1 мільёна рублёў.

Запасы гатовай прадукцыі за год выраслі на 616,7 мільёна рублёў, гэта значыць на 16%, і дасягнулі 4467,2 мільёна рублёў. Такім чынам, істотную частку прыросту прамысловай вытворчасці абумовіла павелічэнне запасаў! То бок, не прададзенай прадукцыі, а працы «на склад»!

Аб’ём прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2018 годзе не вырас, а знізіўся ў параўнанні з 2017 годам на 3,4% і склаў 19 025,4 мільёна рублёў. У найбольшай ступені скарацілася вытворчасць збожжавых: на 33,3% — да 5 826 300 тон.

А вось хтосьці казаў пра «харчовую бяспеку», і экспарт сельгаспрадукцыі на ўзроўні 7 мільёнаў долараў. І сцвярджаў гэта неаднаразова, не толькі на словах, але і ў выглядзе велізарных датацый на сельскую гаспадарку.

У снежні беларускія будаўнікі здзейснілі «цуд» і рэзка павялічылі аб’ём уводу жылля ў эксплуатацыю. За адзін (!) месяц яны ўвялі 884,2 тысячы квадратных метраў жылля агульнай плошчы. Гэта амаль у 3 разы больш сярэднямесячнага ўзроўню за папярэднія 11 месяцаў.

А зараз пытанне: у якасць такога жытла хтосьці верыць? Месяц і аўральны парадак уводу ў эксплуатацыю? Зноў атрымаем прэтэнзіі і трэснутыя сцены дамоў пасля?

Па выніках першага квартала 2018 года рост ВУП складаў 5,1%, па выніках першага паўгоддзя паказчык знізіўся да 4,5%. Паводле прагнозаў Мінэканомікі, рост ВУП Беларусі па выніках 2018 года павінен быў скласці 3,9–4,1%. А згодна з падпісанымі Лукашэнкам у пачатку 2018 года задачамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на год — рост ВУП прагназаваўся на 3,5%.

Вынік — 3% ВУП. Але гэтыя 3% — «межы статыстычнай хібнасці», як мяне неаднаразова пераконвалі сацыёлагі.

Не, безумоўна, добра, што мы клапоцімся пра Насцю Рыбку і нашых грамадзян за мяжой. Але, можа, варта паклапаціцца яшчэ і пра нашых грамадзян у Беларусі?

Паводле звестак Белстата, у студзені-лістападзе мінулага года ў дзяржкіраванні рэальныя зарплаты, якія разлічваюцца з улікам інфляцыі, выраслі на 25,9% да аналагічнага перыяду 2017 года. Гэта лепшы паказчык з усіх сфер дзейнасці. Для параўнання: у дактароў рэальныя зарплаты за гэты перыяд павялічыліся на 11,3%, у настаўнікаў — на 12,2%, у работнікаў культуры — на 12,3%, у праграмістаў — на 5,7%.

Сярэдняя зарплата ў работнікаў дзяржкіравання ў сту­дзені-лістападзе мінулага года склала 1267 рублёў, у той час як сярэдняя па краіне за гэты перыяд — 944 рубля.

Гэта — афіцыйная статыстыка. Пры гэтым варта ўспомніць: лекары, настаўнікі, работнікі культуры і іншыя, якія атрымліваюць «сярэднюю зарплату па краіне», плацяць падаткі. За іх кошт забяспечваюцца «рэальныя зарплаты ў дзяржкіраванні». Якія, зноў успомнім, у пяць разоў вышэй за афіцыйную інфляцыю. Пытанне — за што мы ўсе плацім? Што нам карыснага зрабілі дзяржаўныя кіраўнікі? Можа, узгадае нехта?

Я гатовы плаціць. Але за вынік. Напрыклад, стваральнікам пяцітомніка пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, які стане асновай новага навучальнага курсу для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, загадчыку цэнтра Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціну Голубеву.

«Мы зыходзім з таго, што ў нашай гісторыі нічога дрэннага не было. Усё, што было, — гэта наша гісторыя. Мы б хацелі гэта ацаніць рэальна, любую вяху на шляху да Рэспублікі Беларусь паказаць аб’ектыўна. Мы хочам паказаць і спробы нашых беларускіх нацыяналістаў, якія будавалі БНР, і спробы беларускіх нацыянал-камуністаў, якія ў Петраградзе і Маскве ў гэты ж час там дамагаліся таго, каб зрабіць хоць нейкую нацыянальную дзяржаўную адукацыю», — кажа Голубеў.

На самай справе, гэта тое, што робіць «Новы Час». Гісторыя не можа быць «правільнай» або «няправільнай». Мы і гісторыю БНР асвятляем, і гісторыю БССР, і гісторыю рэпрэсій... мноства іншых гісторый. Мы не дзелім гісторыі на «свае» і «чужыя». Гісторыя не можа быць «дрэннай» або «добрай». Яна такая, якая ёсць.

Таму я дзвюма рукамі «за» канцэпцыю Голубева, і буду рады, калі сапраўды ёй нада­дуць «больш часу ў параўнанні з тым, што існуе сёння».

Але кіраўнік краіны чамусьці занепакоены не нашай гісторыяй, а Насцяй Рыбкай. І кідае на яе выратаванне ўвесь МЗС. Я не спрачаюся: Насця — жанчына прыгожая, сексуальная і прываблівая. І нам сапраўды трэба абараняць сваіх грамадзян, дзе б яны ні знаходзіліся і хто б яны ні былі.

Але, можа, варта, звяртаць увагу на надзённыя справы? А МЗС ужо само разбярэцца? Тым больш, што ў Макея пагадненне пра агульную знешнюю палітыку з Расіяй. А калі гэтае пагадненне не на карысць Насці — нашто нам яно?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: