Рыгор Кастусёў: БНФ асуджае вандалізм у Курапатах і патрабуе расследвання

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ад імя партыі выступіў з заявай, у якой асуджаюцца шматлікія акты вандалізму ў Курапатах. БНФ патрабуе расследвання злачынстваў і пакарання вінаватых.

belaruspartisan.by

«Апошнім часам у месцы масавых растрэлаў ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў у Курапатах і вакол створанага намаганнямі патрыётаў Народнага мемарыялу пачасціліся блюзнерскія выхадкі: вандалы ламаюць хрысіцянскія крыжы, наносяць шкоду іншым мемарыяльным аб'ектам. Гэта адбываецца без належнага процідзеяння з боку праваахоўных органаў.

Але ў шэрагу блюзнерскіх і хуліганскіх учынкаў вандалаў беспрэцэдэнтным стаў новы акт апаганвання мемарыялу, а менавіта – нанясенне антысеміцкіх і нацысцкіх надпісаў на ўсталяваным у мінулым годзе дзяржаўным памятным знаку і на іншых помніках.

Такім чынам, патуранне вандалам і іх беспакаранасць вывяла злачынцаў на новую ступень злачыннай дзейнасці, якая ёсць не проста крымінальным замахам на беларускую гістарычную памяць пра ахвяраў і актамі гларыфікацыі катаў, а наўпрост скіраваная на адраджэнне тэрарыстычнай практыкі генацыду і нацызму.

Цяпер мы бачым у Курапатах адраджэнне таго вялікага зла, якому няма месца на беларускай зямлі. Выклік кінуты ўсяму беларускаму грамадству, незалежна ад ідэалогіяў і палітычных перакананняў.

З жалям мушу кансатаваць, што беспрэцэдэнтная выхадка экстрэмістаў сталася магчымай праз недарэчныя дзеянні ўладаў у дачыненні да размяшчэння паблізу месца спачыну ахвяраў рэпрэсіяў рэстарацыйна-забаўляльнага комплекса, якому там не месца.

Патуранне малому злу спараджае зло вялікае.

Злачынства (нанясенне антысэміцкіх і нацысціх надпісаў на дзяржаўным мэмарыяльным знаку ў Курапатах) не павіннае застацца беспакаранае. На дзеючых уладах палягае абвязак знайсці і пакараць ліхадзеяў. У адваротным выпадку, калі гэтага не будзе зроблена і вандалы пазбегнуць адказнасці праз патуранне дзяржавы – то на цяперашніх дзяржаўных службоўцах будзе ляжаць цяжар адказнасці за гэтыя злачынствы.

У гэтай справе ўлады мусяць паказаць, што іх заявы пра заканадаўчае ўзмацненне барацьбы з экстрэмізмам — не пусты гук. Цяпер у парламенце разглядаецца недапрацаваны і спрэчны закон «Аб змяненні законаў Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызма і экстрэмізма». Калі ўлады адначасова будуць паблажліва ставіцца да рэальнай неанацысцкай дзейнасці, то гэта будзе сведчаннем таго, што барацьба з экстрэмізмам для іх ёсць толькі зручнай формай для абмежавання свабоды слова і палітычных рэпрэсіяў. Мы заклікаем да аб'ектыўнага раследвання справы, і перасцерагаем ад выкарыстання следства як нагоды для ціску на пратэстоўцаў, якія цягам некалькіх месяцаў выступаюць супраць недарэчнай рэстарацыі блізу Курапатаў.

Партыя БНФ рашуча асуджае новыя злачынствы ў Курапатах і патрабуе ад уладаў неадкладных дзеянняў па расследванні справы апаганьвання мемарыялу і прыцягнення вінаватых да адказнасці з давядзеннем вынікаў расследвання да ведама грамадскасці».

Паводле прэс-рэлізу

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!