Рыгор Кастусёў: Следчых дзеянняў няма, хваробы прагрэсуюць

У дачыненні да старшыні Партыі БНФ па-ранейшаму не вядзецца ніякіх следчых дзеянняў, а сам ён на фоне падазрэння аб вяртанні анкалагічнай хваробы яшчэ падхапіў каронавірус.


Ліст ад зняволенага калегі атрымаў старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў. З яго вынікае, што не ўсе паведамленні даходзяць у два бакі, а толькі ў фармаце «мазаікі», з чаго цэласнасць падзей і інфармацыі губляецца, распавядае «Беларускі партызан».

«Піша, што па-ранейшаму сядзіць у камеры, ніякіх следчых дзеянняў з ім ніхто не праводзіць. Хадайнічаў аб змене рэжыму ўтрымання, але ўсё марна, нічога не атрымалася. Мае тэлевізар, таму збольшага ведае, што адбываецца цяпер у Беларусі» — пераказвае ліст Ігар Барысаў.

Сярод іншага Рыгор Кастусёў наракае на шэраг хвароб, якія не даюць яму спакою. Трывогу выклікае падазрэнне на анкалогію, моцна баляць ныркі. А ў дадатак яшчэ падхапіў каронавірус.

«Пастскрыптумам просіць даслаць вытрымкі з публікацый “СБ. Беларусь сегодня”, ёсць там такі дзіўны аўтар, які чамусьці любіць пра яго пісаць — у сярэднім раз-два ў месяц абавязкова згадвае яго прозвішча. Таксама актыўна цікавіцца, што адбываецца на палітычным полі Беларусі. Ну, і перадае ўсім паплечнікам вялікае прывітанне», — падсумоўвае Ігар Барысаў.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Адначасова былі затрыманыя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, а таксама юрыст з ЗША беларускага паходжання Юрый Зянковіч. Праз некалькі дзён Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў гэта са спецслужбамі ЗША.

Затрыманым былі прад’яўленыя абвінавачанні па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»). Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: