Rzeczpospolita: Расія рыхтуецца паглынуць Беларусь

У Маскве баяцца, што Мінск пойдзе па слядах Украіны і пачне развіваць уласную нацыянальную ідэнтычнасць. 

Масква патрабуе ад Мінска яшчэ больш цеснай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы ў абмен на фінансавую і энергетычную дапамогу, піша Rzeczpospolita.

«Мы на фронце. Калі не пратрымаемся ў бліжэйшыя гады, то развалімся. А гэта азначае, што трэба будзе ўваходзіць у склад іншай краіны, інакш аб нас будуць ногі выціраць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка праз некалькі дзён пасля размовы з Уладзімірам Пуціным. Палітыкі сустрэліся ў Мінску з нагоды гадавіны заснавання Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі (СГРБ). Неўзабаве па запрашэнні расійскага аўтакрата Лукашэнка паедзе ў Сочы, дзе, як сцвярджаюць расійскія крыніцы, яго чакае «цяжкая размова». У афіцыйных заявах Масквы гаворыцца, што Пуцін «хоча дэталёва абмеркаваць супрацоўніцтва Расіі і Беларусі». Усё паказвае на тое, што двухбаковыя адносіны паміж краінамі ў бліжэйшы час зведаюць сур'ёзных зменаў.

Аналітыкі, звязаныя з Крамлём, раскрылі дэталі мінскай сустрэчы, пра якія не паведамлялі СМІ. «Лукашэнка казаў пра эканамічныя праблемы. Папрасіў, каб Расія прафінансавала частку знешняга доўгу Беларусі. Пуцін адказаў, што ўсё можна ўладзіць, але толькі калі будуць праведзены канкрэтныя крокі для далейшай інтэграцыі ў рамках СГРБ і Беларусь падтрымае гэтыя крокі», — сказаў Rzeczpospolita прафесар Андрэй Суздальцаў з маскоўскай Вышэйшай школы эканомікі. Па словах эксперта, які ўваходзіць у спецыяльную групу пры Савеце Федэрацыі, у Сочы Пуцін хоча пачуць ад Лукашэнкі яго думкі аб далейшай інтэграцыі. «У адваротным выпадку, без эканамічнай дапамогі Расіі дзяржаўнасць Беларусі не мае шанцаў на існаванне», — сказаў Суздальцаў.

Той факт, што адносіны паміж Масквой і Мінскам будуць больш прагматычнымі, піша расійская «Незалежная газета». Выданне нагадвае, што ў апошнія гады Расія значна скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь, што аказала сур'ёзны ўплыў на мясцовую эканоміку. На працягу многіх гадоў апрацоўка таннай расійскай нафты і продаж паліва Захаду былі адным з асноўных даходаў краіны.

Саюзная дзяржава з'явілася на свет у Крамлі ў красавіку 1997 года, калі тагачасны прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі статут саюза. Расійскія і беларускія аналітыкі лічаць, што Лукашэнка паставіў свой подпіс на дакуменце, разлічваючы, што пасля сыходу ад спраў цяжка хворага расійскага лідара ён сам зойме яго месца. Тады беларускі прэзідэнт падпісаў заяву аб намеры ўвесці сумесныя з Расеяй дзяржаўныя сімвалы, агульную валюту, агульную юрыдычную сістэму, а таксама стварыць адзіны парламент і ўрад. Гэта азначала б поўнае ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі. Інтэграцыя стала тармазіць, калі ў Крэмль прыйшоў Пуцін.

«СГРБ будзе мець працяг. У Маскве пра гэта гучна не кажуць, але праца працягваецца. Праўда, ніякіх дэталяў распавесці не магу. З Лукашэнкам не проста весці размову, шмат рэчаў ён блакуе», — сказаў Rzeczpospolita старшыня пракрамлёўскага Цэнтра палітычнай інфармацыі Аляксей Мухін. «Калісьці ў Украіне ўсё пачыналася з праслаўлення Сцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча. Падобныя сімптомы гэтай хваробы назіраюцца і ў Беларусі. Яе дзяржаўная сістэма аслабла, і дзякуючы гэтаму нацыяналісты пачалі шукаць нацыянальнае самасвядомасць», — дадаў ён.

Выданне дадае, што сімвалічным з'яўляецца таксама заканчэнне работы пасла Расіі ў Мінску Аляксандра Сурыкава, які ў хуткім часе павінен вярнуцца дадому. Некалькі дзён таму ён прапанаваў упусціць у Беларусь расійскіх памежнікаў, каб яны працавалі на мяжы з краінамі ЕС. Паводле яго слоў, гэта павінна дапамагчы перакрыць паток «забароненых тавараў» у Расію, за што Масква ўжо некалькі гадоў абвінавачвае Мінск. Расійскі амбасадар таксама заявіў, што Беларусь павінна прадаць Расіі свае сістэмы газазабеспячэння. Так беларусы нібыта змаглі б набываць газ па той цане, якая ўсталяваная ўнутры РФ. Аднак, гэта таксама азначала б поўную манаполію «Газпрама» ў краіне, паколькі Лукашэнка ўжо прадаў расійскай кампаніі ўсе беларускія ГТС.

Замест Сурыкава ў Мінск павінен прыехаць звязаны з расійскімі спецслужбамі Міхаіл Бабіч, якога часта называюць «пасланнікам Пуціна па спецзаданнях». Па распараджэнні Крамля ў 2002-2003 гадах ён узначальваў урад Чачні. Пазней ён стаў членам Савета бяспекі РФ і актыўна падтрымліваў анэксію ўкраінскага Крыма. Масква хацела яго пасадзіць таксама ў крэсла амбасадара ў Кіеве, але Украіна адмовілася прымаць яго кандыдатуру. «У Мінску ён будзе дамагацца размяшчэння ў Беларусі пастаяннай расійскай вайсковай базы, ад чаго Лукашэнка адмовіўся ў 2015 годзе. Расія не змірылася з гэтым. Яна робіць усё, каб максімальна зрабіць Беларусь залежнай ад сябе, пазбавіць яе любой прасторы для манеўраў», — сказаў беларускі палітолаг Павел Усаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: