Са школьных падручнікаў «зніклі» 3,5 млн беларусаў замежжа

У 2018 годзе на замову «Бацькаўшчыны» было праведзенае даследаванне наконт таго, як прадстаўлена дыяспара ў сучасным адукацыйным працэсе ў Беларусі на прыкладзе сярэдняй школы.


Вынікі даследавання засмучаюць: культурны і гістарычны ўнёсак беларусаў замежжа ў школьных падручніках амаль што цалкам праігнараваны. Больш за тое, некаторыя падручнікі гуманітарнага і гісторыка-грамадазнаўчага цыклу фармуюць негатыўнае стаўленне да беларускай дыяспары.

Да прыкладу, падручнік па грамадазнаўстве для 10 класа сцвярджае, што «...беларуская нацыя – гэта беларускі народ, які аб’ядноўвае ўсіх грамадзян нашай краіны...», гэтым самым выключаючы з нашага народу 3,5 млн чалавек, якія, жывучы за мяжой і маючы грамадзянства іншых краін, вызнаюць сябе беларусамі.

Не адпавядае рэчаіснасці і сцвярджэнне з падручніка па грамадазнаўстве для 9 класа, быццам бы «ў шматнацыянальных калектывах беларусы, як правіла, нясхільныя ўтвараць зямляцкія і нацыянальныя мікрагрупы, таму што цэняць у чалавеку перш за ўсё яго асабістыя якасці, а фактар этнічнай прыналежнасці для іх невырашальны».

І гэта на фоне таго, што ў дваццаці пяці краінах свету працуюць больш за сто арганізацый беларускай дыяспары. Негатыўная ацэнка міграцыі як з’явы – «...людзі, абыякавыя да лёсу Бацькаўшчыны, гатовыя ў любы момант змяніць яе на іншыя краі, ніяк не могуць лічыцца патрыётамі...» – не здольная патлумачыць, чаму беларусы замежжа пры гэтым працягваюць стваральную працу на карысць нашай краіны.

Такая сітуацыя ідзе ўразрэз не толькі з рэчаіснасцю, але і з Законам «Аб беларусах замежжа», прынятым у 2014 годзе праз актыўнае спрыянне ЗБС «Бацькаўшчына» і беларускіх асяродкаў у свеце (артыкул 17 Закона прадпісвае дзяржаўную палітыку ў дачыненнях з беларусамі замежжа накіроўваць на ўмацаванне сувязяў і выкарыстанне іх патэнцыялу для развіцця беларускай дзяржавы).

Згуртаванне перадало ў Нацыянальны інстытут адукацыі не толькі заўвагі, але і выкладзеныя экспертами прапановы. Днямі прыйшоў адказ: «Пры карэкціроўцы вучэбных праграм па вучэбных прадметах «Гісторыя Беларусі», «Грамадазнаўства» і «Беларуская літаратура» рабочым групам будзе прапанавана разгледзець пытанне аб магчымасці ўключэння інфармацыі пра дзейнасць прадстаўнікоў беларускай дыяспары, ролю і месца беларускай дыяспары ў развіцці грамадства, эканомікі і культуры».

Таксама ў лісце паведамляецца, што аўтарскім калектывам, якія рыхтавацьмуць новыя падручнікі па згаданых прадметах, будуць перададзеныя заўвагі наконт асвятлення пытання пра месца і ролю беларускай дыяспары.

Будзем спадзявацца, што вышэйзгаданыя рабочыя групы знойдуць магчымасць пазбавіць школьныя падручнікі прыкрасцяў і недарэчнасцяў, звязаных з тэмамі «эміграцыі» і «беларускага замежжа». І беларусы з дзяцнства будуць мець магчымасць карыстацца культурнай спадчынай беларускага замежжа, ганарыцца асобамі, якія ўзбагачалі сваім талентам беларускую і замежную культуру, навуку, былі заўважнымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі іншых краін і стваралі пазітыўны імідж Беларусі.

Адпаведныя лісты з просьбай спрыяння ў карэкціроўцы навучальнай праграмы паводле вынікаў згаданага даследавання Згуртаванне «Бацькаўшчына» накіравала таксама ў Міністэрства адукацыі, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта.

Паводле "Салідарнасці"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!