Сакратар Савета бяспекі дапусціў блакаванне інтэрнэту ў Беларусі

Калі ўлада палічыць, нібы з інтэрнэту "ідзе непасрэдная пагроза бяспецы краіны", не выключана, што адбудзецца блакаванне інтэрнэту ў Беларусі, паведамляе «Еўрарадыё».




Андрэй Дзмітрыеў​

На пазапланавым пасяджэнні ЦВК Беларусі 30 ліпеня кандыдатам у прэзідэнты і іх прадстаўнікам расказалі пра ўвядзенне дадатковых мер бяспекі на масавых мерапрыемствах і папярэдзілі пра магчымыя правакацыі. Перад імі выступіў дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў.

— Я спытаў у спадара Раўкова, ці разумее ён, што, незалежна ад сустрэчы з намі, дзявятага, дзясятага чысла людзі выйдуць. Няважна колькі — па-першае, гэта адбываецца заўсёды пасля прэзідэнцкіх выбараў, — распавёў Андрэй Дзмітрыеў. — ​Па-другое — я езджу і маю зносіны з людзьмі і я бачу, што многія бачаць гэта для сябе адным з выйсцяў, калі зразумеюць, што выбары несумленныя. Я спытаў, як будзе гарантавацца бяспека? Таму што калі мы мяркуем, што ў краіне 170 чалавек [баевікоў. — Рэд.], а іх можа быць больш, таму што мяжа з Расіяй не закрытая, іх можа стаць яшчэ больш.

Я таксама спытаў, ці магчымае абмежаванне інтэрнэту? Мне быў дадзены адказ, што ў выпадку, калі яны палічаць, што адтуль [з інтэрнэту. — Рэд.] ідзе непасрэдная пагроза бяспецы краіны, яны не выключаюць цалкам такога кроку.

Таксама Дзмітрыеў пацікавіўся ў Андрэя Раўкова, навошта ў Мінску столькі вайсковай тэхнікі. Напрыклад, БТРы, якія плаваюць.

— Ён [Андрэй Раўкоў. — Рэд.] сказаў, што гэта да другога жніўня. Паабяцаў, што пасля таго, як яны адсвяткуюць другога жніўня [Дзень дэсантніка. — Рэд.], іх не будзе. Я спадзяюся, што так і будзе. Мая пазіцыя — армія не з'яўляецца інструментам вырашэння ўнутраных пытанняў.

Раніцай 30 ліпеня кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачэнь і Святлана Ціханоўская былі выкліканыя ў ЦВК. Там ім расказалі, што супраць байцоў расійскай ПВК пачалі крымінальную справу за падрыхтоўку тэрарыстычнага акта, а пад Псковам і Невелем фармуюцца яшчэ дзве дыверсійныя групы для дзейнасці на тэрыторыі Беларусі.

euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: