Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Самае страшнае — народны бунт

Жыхары Слуцку сталага ўзросту добра памятаюць трагічныя падзеі 12 кастрычніка 1967 года. Тады раз’юшаны натоўп падпаліў будынак суда. У агні загінула і старшы суддзя Галіна Аляксеева.

Фота з архіву газеты "Кур'ер"

Кажуць, што Галіна Аляксеева збіралася звольніцца і пераехаць за мужам у Мінск, у будынку суда рыхтавала справы для перадачы і да апошняга спадзявалася, што будынак патушаць.

Труп у фантане

Пачыналася ўсё 9 красавіка 1967 года, калі ў фантане гарадскога парку Слуцка быў знойдзены труп муляра рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 4 Аляксандра Мікалаеўскага. У забойстве падазраваўся загадчык аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама 28-гадовы Генадзь Гапановіч. Па версіі следства, Гапановіч у сябе ў кватэры распіваў спіртныя напоі разам са сваім сваяком, 25-гадовым Леанідам Сыцько. Убачыўшы ў пад'ездзе Мікалаеўскага, Гапановіч і Сыцько паспрабавалі выгнаць яго на вуліцу, але той аказаў супраціў, і тады яны скінулі з лесвіцы і збілі яго. Падчас збіцця Мікалаеўскі атрымаў моцны ўдар у жывот, што выклікала адкрыццё язвы і паслужыла прычынай смерці. Мікалаеўскаму ўдалося дайсці да парку, дзе ён страціў прытомнасць, зваліўся ў фантан і неўзабаве памёр.

Справа выклікала вялікі грамадскі рэзананс, які падагравала і тое, што вінаватым у здзяйсненні злачынства апынуўся прадстаўнік улады. Справа абрасла ў народзе рознымі чуткамі. Так, напрыклад, гаварылася пра тое, што раней пры нявысветленых абставінах у Мінску загінуў старэйшы брат Мікалаеўскага, які выпаў з акна інтэрната, а таксама пра тое, што сем'і Гапановіч і Мікалаеўскага варагавалі яшчэ з часоў Вялікай Айчыннай вайны, бо бацька Гапановіча быў паліцаем, а бацька Мікалаеўскага — партызанам.

Гапановічу і Сыцько было прад'яўлена абвінавачванне ў хуліганстве, за што ім пагражала да 8 гадоў пазбаўлення волі. Жыхары Слуцка патрабавалі асудзіць забойцаў да вышэйшай меры пакарання. Восенню 1967 года справа была перададзеная ў суд. Справу разглядаў суддзя Аляксандр Крыскевіч.

Беспарадкі

Калі 10 кастрычніка 1967 года пачаўся суд, ля будынка, у якім праходзіла пасяджэнне і ў якім змясцілася каля 65–70 чалавек, сабралася яшчэ шмат людзей. Першы сакратар Слуцкага райкама КПСС Зелянкевіч заявіў суддзі, які прасіў перанесці пасяджэнне ў больш прасторнае памяшканне, што ў справе няма нічога незвычайнага і што жарсці ўлягуцца самі сабой. Адмовілі Крыскевічу і ў арганізацыі трансляцыі пасяджэнняў праз дынамікі.

Людзі збіраюцца каля суда. Фота з архіву газеты "Кур'ер"

Да 12 гадзін 11 кастрычніка на вуліцы сабралася больш за паўтары тысячы чалавек. Усе звесткі, якія паступалі з залы суда, у скажоным выглядзе перадаваліся ад чалавека да чалавека. Натоўп не дапусціў у судовую залу жонку Гапановіча, думаючы, што тая будзе даваць паказанні на карысць мужа. У натоўпе пачаліся выкрыкі: «Камуніст — забойца!» і «Выдайце нам душагуба!».

Актыўная фаза беспарадкаў пачалася 12 кастрычніка 1967 года. У той дзень Гапановіча прывезлі на суд не ў аўтазаку (у той дзень адзін з вязняў следчага ізалятара ўскрыў сабе вены, і аўтазак адвозіў яго ў Мінск), а на машыне «хуткай дапамогі». Больш за ўсё людзей абурыла тое, што злачынцу прывезлі на суд у касцюме, а не ва ўніформе зняволенага. На самай справе, Гапановіч быў апрануты ў касцюм толькі для таго, каб яго лягчэй было апазнаць непаўналетнім відавочцам збіцця Мікалаеўскага.

Да абеду ля будынка, дзе праходзіў суд, сабралася ўжо 3 тысячы чалавек. У 15 гадзін было вырашана датэрмінова скончыць пасяджэнне, але калі канваіры паспрабавалі вывесці Гапановіча і Сыцько з будынка, іх не выпусціў натоўп. Людзі разабралі на палкі навакольныя платы, а брук — на камяні. Пра сітуацыю было неадкладна паведамлена ў Мінск, а затым па ланцужку ў Маскву. Па трывозе быў падняты атрад унутраных войскаў МУС СССР колькасцю 350 чалавек.

Натоўп паспрабаваў прарваць ачапленне, у якім стаялі канваіры. Калі сітуацыя стала крытычнай, быў аддадзены загад прымяніць для разгону натоўпу слёзатачывы газ «чаромха». Падобныя дзеянні праводзіліся ўпершыню ў пасляваеннай гісторыі Беларускай ССР.

Фота з архіву газеты "Кур'ер"

Кіроўца аўтазаку Сіменчанка здолеў вывезці Гапановіча і Сыцько, аднак падчас гэтага атрымаў некалькі раненняў камянямі. Пазней на машыне налічылі дзясяткі увагнутасцяў, прабоін, а таксама былі разбітыя фары і шкло.

Калі ўдзельнікам беспарадкаў стала зразумела, што Гапановіча і Сыцько ў будынку няма, яны не разышліся. Натоўп прарваў ачапленне. Усе вайскоўцы ў ачапленні былі без зброі, у выніку чаго сем з іх атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні, а яшчэ 35 — лёгкія.

Найбольш актыўныя ўдзельнікі беспарадкаў у гэты час спрабавалі выбіць дзверы суда. Працоўны ДЗР-9 Мікалай Грынюк нацадзіў з машыны бутэльку бензіну, пасля чаго перадаў яе 17-гадоваму ўдзельніку беспарадкаў, які заскочыў у акно, разліў бензін і падпаліў яго. Яшчэ дзве бутэлькі напоўніў бензінам бацька траіх дзяцей, працоўны РСУ-4 Іван Папоў. Абматаўшы іх рыззём, ён падпаліў іх і кінуў на драўляную сцяну будынка.

Уварваўшыся ў памяшканне, удзельнікі беспарадкаў выкінулі з акна другога паверха старшага лейтэнанта міліцыі, начальніка мясцовай камеры папярэдняга зняволення, Станіслава Татура, які неўзабаве памёр па дарозе ў бальніцу. Згарэла ў агні і суддзя Галіна Аляксеева.

Натоўп не прапусціў да падпаленага будынка пажарныя машыны. Каля моста праз раку Случ быў збіты палкоўнік Скарадумаў, начальнік Слуцкага гарнізона, які спрабаваў угаварыць удзельнікаў беспарадкаў спыніцца.

Усяго па справе аб масавых беспарадках у Слуцку было прыцягнута ў якасці абвінавачаных каля 70 чалавек. 2 лютага 1968 года пачаўся судовы працэс над 17 найбольш актыўнымі ўдзельнікамі беспарадкаў. 26 лютага суд прысудзіў Мікалая Грынюка і Івана Папова да смяротнага пакарання праз расстрэл. Яшчэ два падсудных атрымалі па 15 гадоў пазбаўлення волі, пяцёра — па 10, адзін — 9, трое — па 7. Трое асуджаных былі непаўналетнімі.

Гапановіч быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне ён адбываў у Оршы, затым на вольным пасяленні. Пасля вызвалення ён жыў у Баранавічах, дзе і памёр у 2006 годзе. 

Сведкі

Гэтая падзея была занадта незвычайнай і выклікала настолькі моцныя эмоцыі, што назаўсёды захавалася ў памяці нават тых, хто не знаходзіўся непасрэдна сярод натоўпу каля будынка суда. Псіхалагічна гэтым людзям лягчэй успамінаць і распавядаць пра той дзень, паколькі яны не адчуваюць комплексу віны за тыя падзеі.

Фота з архіву газеты "Кур'ер"

Ганне Пятроўне Басовай ужо даўно мінула 80 гадоў, але той дзень 12 кастрычніка 1967 года ўрэзаўся ў яе памяць назаўсёды.

Я вярталася з работы па вуліцы Валадарскага. Было каля 17 гадзін, калі я праходзіла ля будынка народнага суда, мяне шакавала незлічоная колькасць народу. Людзі настолькі запаланілі ўсе месцы, што аўтамабілі таксама вымушаны былі спыняцца: не было як ехаць. Людзі былі вельмі ўзрушаныя. Чутны былі крыкі: «Дайце нам яго, мы самі яго пасудзім». Ведала, што судзяць начальніка аддзела культуры гарвыканкама Гапановіча як быццам за забойства. Па гораду яшчэ да суда гулялі чуткі, што яго не пакараюць, бо ён — «свой», працуе ў гарвыканкаме. Хадзілі чуткі і пра тое, што ён — сын паліцая, а забіты быў сынам партызана.

Суддзю Галіну Іванаўну я ведала вельмі добра. На працягу 7 гадоў мы жылі ў адным доме на вуліцы Леніна насупраць кірмашу. Так атрымалася, што пасля збудавання новага 5-павярховага дома на Капыльскай вуліцы атрымалі кватэры зноў у адным доме. Не былі сяброўкамі, але мой сын сябраваў з яе дзецьмі, і мы часта з ёю размаўлялі. Яна выглядала вельмі прыстойнай жанчынай, спакойнай, ураўнаважанай. Многія паважалі яе як суддзю за справядлівасць.

Градус узбуджанасці натоўпу ўсё ўзрастаў, напужаная такімі незвычайнымі абставінамі, я крыху пастаяла непадалёку на мосце, а затым пабегла дамоў.

Калі ішла на работу раніцай, ужо ведала шокавыя навіны пра спаленне суда і смерць суддзі. На месцы будынка суда ляжалі адны галавешкі.

Ніна Канстанціўна Сучок у той час працавала старшынёй прафкама тэкстыльнай фабрыкі. Усіх камуністаў папрасілі пасля працы далучыцца да натоўпу, каб крыху паменшыць жарсці і супакоіць насельніцтва.

Ніна Канстанцінаўна пакінула маленькае дзіця-немаўля і прыбегла да будынка суда ўжо падчас пажару:

Мы нічога не маглі зрабіць з раз’юшаным натоўпам. Там былі ўжо тысячы людзей. Я толькі моўчкі пазірала на тое, што адбывалася. Бачыла, як раз’юшаныя людзі закідвалі камянямі пажарныя машыны і не пускалі іх да палаючага будынка. Яшчэ бачыла, як спускалі, мусіць, ужо нежывога міліцыянта Татура тварам на зямлю. Хтосьці з людзей прабраўся ў будынак падчас пажару, і яны, магчыма, пераблыталі Татура з Гапановічам. Доўга я там не прабыла. Там маглі нават затаптаць. Зразумела, што нічым нікому не змагу дапамагчы, вярнулася да свайго маленькага дзіцяці.

Ніна Канстанцінаўна лічыць трагічнай памылкай уладаў, што для такога судовага працэсу не было выдзелена вялікага памяшкання. Мяркуе, што натоўп, стоячы на вуліцы, не атрымліваў дакладнай інфармацыі з зала суда і яшчэ больш раз’юшыўся.

Марыя Андрэеўна Бабкова да гэтага часу ўдзячна сваёй начальніцы — майстру, якая не дазволіла пакінуць працоўнае месца ў друкарні і далучыцца да натоўпу:

Было мне тады 29 гадоў, працавала ў друкарні, побач з якой знаходзіўся і будынак суда, — распавяла Марыя Андрэеўна. — Гэта былі невялікія драўляныя будынкі, пабудаваныя нямецкімі ваеннапалоннымі.

Мы наглядалі за падзеямі праз вакно. Усе мы добра ведалі, што судзяць Гапановіча. Народу прыйшло вельмі шмат. Людзі прыйшлі з самай раніцы, не трапілі ў залу суда і кружылі вакол будынка. Вялікі натоўп заўсёды прываблівае, колькасць людзей на вуліцы ўсё множылася. Калі прывезлі Гапановіча, то людзі сталі крычаць, маўляў, што яго прывезлі, як быццам з санаторыя на працу: у звычайным касцюме і на аўтамабілі «хуткай дапамогі». Фельдшарам на «хуткай дапамозе» працавала яго родная сястра. (Пасля з прэсы стала вядома, што ён нібыта быў так апрануты, каб яго лепей пазналі сведкі).

У другой палове дня чуліся крыкі, што хутка Гапановіча будуць вывозіць, людзі кінуліся да выхаду і хацелі ўсіх біць. У 17 гадзін мы скончылі працу ў друкарні і з цяжкасцю праціснуліся праз натоўп, каб трапіць дадому. Мой дом знаходзіўся непадалёку — на вуліцы Піянерскай. Забрала дзіця з садка і прыгатавала вячэру. Сцямнела. Раптам пацягнула дымам і праз вакно ўбачыла водбліскі полымя. Падумала, што стала холадна і людзі вырашылі пагрэцца, распалілі вогнішча. На вуліцы пачула крыкі: «Суд гарыць!» Спужалася, што загарыцца наша драўляная друкарня. Пабегла да яе, па дарозе ўбачыла яшчэ нашых супрацоўнікаў.

Побач знаходзіцца друкарня (справа)

Праціснуліся праз натоўп, падключылі насос у сутарэнні, палівалі сцены друкарні, якія былі вельмі гарачыя. Бачыла, што людзі не прапусцілі пажарных, пажарныя машыны засталіся стаяць на мосце. Калі агонь паменшыўся — пайшла дамоў. Натоўп усё яшчэ не расходзіўся. Калі раніцай прыйшла на працу, каля вогнішча было шмат людзей у цывільным адзенні, якія раскопвалі вогнішча і нешта шукалі. Ужо праз акенца пачула, што адкапалі касу суддзі (у суддзі была тоўстая доўгая светлавалосая каса, якая чамусьці не згарэла). Было жудасна.

Пятру Марчанку на той час было 17 гадоў. Ён працаваў ў начную змену прычэпшчыкам — разам з іншым трактарыстам аралі Лучнікоўскае поле (цяпер прыгарад Слуцка). Пасля таго, як сцямнела, трактарысты ўбачылі, як над цэнтрам Слуцка ўзвілося вялізнае полымя. Было відавочна, што гэта незвычайны пажар. Полымя было яркім і гарэла больш за гадзіну. Пётр запомніў, што яго напарнік вельмі дзівіўся, чаму пажарныя не тушаць вогнішча ў цэнтры горада. А раніцай іншыя трактарысты паведамілі шэптам пра спаленне суда і суддзі. 

***

З той трагедыі прайшло ўжо 50 гадоў, але дасюль пра яе памятаюць случчане і расказваюць маладзейшым. Нежаданне прыслухацца да людзей, адчуванне несправядлівасці з боку ўладаў прывялі да народнага бунту, страшнага і непрадказальнага…

 

 

Абмеркаванне:

  • Андрэй Міхалёў
  • 2017-10-16 00:04:45
За апошнія 25 гадоў я прачытаў многа артыкулаў на тэму "Гарэў у Слуцку суд", але ні адзін аўтар не сказаў аніводнага СВАЙГО слова -- перапісваюць напісанае Вячаславам ДУБІНКАМ і Валерам САНЬКО. Слава Дубінка быў, мабыць, ПЕРШЫМ, хто падрабязна распавёў, ШТО і ЯК было. Але і ён, вопытнейшы(!) і дапытлівы журналіст, чамусці не пайшоў шляхам ДАСЛЕДЧЫКА -- не зрабіў наступны крок, НЕ высвятліў ХТО ёсць ХТО галоўныя дзеючыя асобы: Генадзь ГАПАНОВІЧ, Леанід СЫЦЬКО і Аляксандар МІКАЛАЕЎСКІ. Я маю на ўвазе БІЯГРАФІІ хаця б гэтых траіх асоб. Хаця б! Тым болей важна, што Гапановіч і Сыцько -- радня. Далей: ХТО і ДЗЕ служыў у паліцыі пры die Neue Ordnung, а хто і дзе -- у партызанах? Ды па ЎСЁЙ радні -- падрабязна! Наступны крок: з КІМ служылі -- у паліцыі і ў партызанах? Падрабязна!.. Безумоўна, жыхары Слуцка і раёна ведалі многа і многіх... Такая ДЫВЕРСІЯ -- напярэдадні 50-годдзя Рэвалюцыі!!! -- справа тычыцца не толькі тых, хто служыў у паліцыі: ЗЛА ад партызан было не меньш... (Няма месца.)
  • Андрэй Міхалёў
  • 2017-10-16 09:37:12
Учора "нехапіла літар" -- працягваю.
У Лучніках -- помнік загінуўшым аднасельчанам. Большасць загінулі дома, а не на фронце. Чаму дыспрапорцыя? Прычыны дзве. Першая -- помста немцаў жыхарам за дапамогу партызанам. Падрабязнасці апускаю: яны вядомыя тым даследчыкам, хто мае сумленне, бо дзейнасць партызан была злачыннаю ў адносінах да НАРОДА. А яны за злачынства атрымлівалі ўзнагароды. Пасля вайны -- кіруючыя пасады... Другая прычына трагедыі ў Лучнікоў -- ад Чырвонай Арміі: Слуцк бамбілі авіяцыя і артылерысты "кавровым" метадам. Горад гарэў двое сутак. (Спытайце ў яшчэ жывых бацькоў.)
Вайна ў тылу была працягам Грамадзянскай, як раскулачванне, выкрыццё "ворагаў народа" і "шпіёнаў". Плюс сюды: бацька (дзядзька, старэйшы брат...) -- на фронце, а сын (племяннік, малодшы брат...) -- ў паліцыі. СВАІХ выручалі. Нават за кошт ЧУЖЫХ. І г. д. УСЁ ГЭТА ёсць у біяграфіях Гапановіча, Сыцько і Мікалаеўскага. Мікалаеўскі і яго брат ведалі ЗАНАДТА МНОГА... Дзякуй за ўвагу!

Каментаваць