Санкцыйная дыпламатыя: калі еўрапейскія санкцыі пачнуць працаваць па-сапраўднаму?

Санкцыі ў любой форме — гэта яшчэ і такая, калі заўгодна, дыпламатыя. Разлічаная не толькі і не столькі на галоўных асоб канкрэтнага рэжыму, але і на тых, хто забяспечвае гэтаму рэжыму рэальную ўладу. Гэта сістэма сігналаў, сродак папярэджання і інфармацыйнага ціску, піша аналітык Пётр Кузняцоў.
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Калі гаворка заходзіць пра санкцыі, гэтая тэма немінуча ўсплывае ва ўсіх магчымых СМІ, становіцца цэнтральнай у інфармацыйнай позве — гаворка не толькі пра Беларусь, так гэта працуе ўсюды. І вакол гэтага ўсяго пачынаюцца інфармацыйныя гульні і контргульні, асабліва ж (галоўным чынам) з боку, які пад санкцыі трапляе. З таго боку, які санкцыі ўводзіць, меседж адпраўляецца ўжо самім дзеяннем.

Пасля падзей 2014 года Расія сутыкнулася з заходнімі санкцыямі, аднак яны не былі і не маглі быць для яе крытычнымі. І слабыя меры прывялі да адчувальнага піяраўскага выйгрыша Пуціна — памятаеце пра «не сьмяшыце нашы "Іскандэры"»? Гэта публіцы прасунутай здаецца, што такі гумар — не смешны зусім, а дурны. А асноўная мэтавая аўдыторыя — чыноўнікі і сілавікі, звычайнае насельніцтва ў масе сваёй — падхапіла патрыятычныя лозунгі «на ўра». Захад, відавочна, і не ставіў сваёй мэтай нанесці Маскве непапраўныя страты, а вось Крэмль дзякуючы гэтаму разыграў спектакль пра ўсемагутнасць Расіі і пра тое, як ніхто ёй не можа нашкодзіць ці перашкодзіць у рэалізацыі яе планаў.

Да 2021 любыя санкцыі, якія ўводзілі супраць беларускага рэжыму, былі не проста сімвалічнымі — месцамі яны былі падкрэслена сімвалічнымі. У рамках «санкцыйнай дыпламатыі» гэта варта было чытаць як выразны сігнал аб тым, што паводзіны Мінска не вельмі падабаюцца, але, увогуле, канфрантацыі ніхто не хоча, са статус-кво можна мірыцца. На гэтым фоне беларускі бок заўсёды бадзёры, а топавыя персоны рэжыму пераканаўча даводзілі да сваіх слуг думку пра тое, што Еўропа нам нічога не зробіць, у еўрапейскіх палітыкаў «няма яек», Парыж так ці інакш усе ўбачаць, галоўнае — слухаць Бацьку і ўсё будзе вельмі і вельмі добра. Было лёгка і проста рабіць з сябе пераможцу ў «геапалітычным супрацьстаянні».

Перспектыва санкцый сур'ёзных, сектаральных (а да іх яшчэ не дайшло, сённяшні пакет — гэта, у прынцыпе, таксама для рэжыму не крытычна) стварае якасна новую сітуацыю. Калі (калі) наступствы ўдару стануць адчувальныя ў выглядзе рэальнай страты рэальных грошай, пагаршэння агульнай эканамічнай сітуацыі, знясілення рэсурсаў сістэмы, тады трэба будзе растлумачыць. Калі мы так крытычна залежым ад злога Захаду, то з чаго тады лезлі на ражон? Калі ў нас ёсць варыянты папаўнення страт — пакажыце іх. Ці сапраўды вы (вярхушка рэжыму) гатовыя і ў стане выйсці пераможцамі з такой сітуацыі?

Тыя, хто лічыць і гаворыць, што санкцыі, маўляў, не здольныя паўплываць на стан сістэмы, чыноўнікам, маўляў, хопіць, а на народ ім напляваць, маюць рацыю толькі часткова. Санкцыі — гэта канкрэтнае дзеянне ў пэўным кірунку, адпаведна, якое заўсёды мае нейкі ўплыў. Толькі яно далёка не заўсёды адмоўнае.

Калі меры сімвалічныя і слабыя — гэта прамое падгульванне, паколькі дае магчымасць топавым постацям паўстаць перад выканаўцамі і сярэднім звяном у якасці ўсёмагутнага і зацвердзіць сваё лідарства.

Калі ж яны спалучаныя з рэальнымі стратамі і паслабленнем устойлівасці (скарачэннем рэсурсаў), то ў такой сітуацыі яны ўжо ставяць пад сумнеў у вачах усё тых жа выканаўцаў і дзеячаў сярэдняга звяна лідарскія здольнасці вярхушкі і іх патэнцыял як пераможцаў. Гэта прыводзіць да няўпэўненасці, сумневаў, пошуку «запасных шляхоў» і, у сукупнасці, у дынаміцы і часавай перспектыве расхіствае нават самыя ўстойлівыя сістэмы, проста таму, што яе шрубкі губляюць веру. І губляюць яе тым хутчэй і мацней, чым мацнейшы ціск — як знешні, так і ўнутраны.

Так гэта працуе ва ўнутраных раскладах. У знешніх нават самыя дробныя санкцыі — гэта сігнал аб тым, што з аб'ектам нешта не так. Але на ўнутраны расклад яны ўплываюць менавіта так: або — або.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: