Савет ЕС сёння разглядае праект візавага пагаднення з Беларуссю

Савет Еўрасаюза сёння павінен прыняць праект візавага пагаднення з Беларуссю. Гэта пытанне ўключана ў папярэдні парадак дня падрыхтоўчага органа — Камітэта пастаянных прадстаўнікоў, паведамляе tut.by.


Дакумент павінны ўхваліць Еўрапарламент і Еўрасавет, пасля чаго Савет ЕС павінен прыняць рашэнне кваліфікаванай большасцю галасоў. І ўжо пасля гэтага пагадненне будзе падпісана Мінскам і Бруселем. У сілу пагадненне ўступіць праз два месяцы пасля заключэння.

Праект дамовы «Аб прыняцці рашэння па заключэнні пагаднення паміж Еўрапейскім саюзам і Рэспублікай Беларусь аб палягчэнні выдачы візаў» быў падрыхтаваны яшчэ 30 жніўня, але з'явіўся ў базе нарматыўных актаў ЕС 18 верасня.

Пагадненне па спрашчэнні візавага рэжыму прадугледжвае зніжэнне кошту віз да 35 еўра і прыняцце рашэння аб выдачы візы ў тэрмін да 10 дзён (у выпадку дадатковай праверкі тэрмін выдачы можа павялічыцца да 30 дзён).

Цяпер усё залежыць ад таго, калі будзе падпісана пагадненне. Пасля падпісання ўсімі бакамі яно ўступіць у сілу першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Аднак ужо ў лютым 2020 года пачнуць дзейнічаць новыя правілы выдачы візаў Еўрасаюзам. Калі Беларусь і ЕС не паспеюць падпісаць пагадненне ў лістападзе, то беларусам за візу замест 60 еўра (менавіта столькі каштуе для нас «шэнген» цяпер) або замест 35 еўра (столькі візы будуць каштаваць пасля прыняцця пагаднення з ЕС) прыйдзецца заплаціць 80 еўра.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!