Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю па Беларусі

28 траўня Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі, у якой заклікае парламенты краін Еўрапейскага Саюза і Савета Еўропы актыўна і сумесна дзейнічаць на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці, паведамляе «Радыё Рацыя».

Фота: Канцылярыя Сейма / Рафал Замбжыцкі

«Сейм Рэспублікі Польшча рашуча асуджае акт дзяржаўнага тэрору, у выніку якога 23 траўня 2021 года ў Мінску быў вымушаны прызямліцца самалёт "Ryanair", што стварыла пагрозу для авіяцыйнай бяспекі, а таксама незаконнае затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега з боку ўлад Беларусі».

«Мы патрабуем іх неадкладнага вызвалення і гарантуем ім свабоду перамяшчэння»
, — гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай Сеймам.

У рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да парламентаў краін Еўрапейскага Саюза і Савета Еўропы актыўна і сумесна дзейнічаць на карысць беларускай грамадзянскай супольнасці і працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі, узмацніць сумесную пазіцыю ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі і падтрымаць намаганні па вызваленні палітычных зняволеных.

Дэпутаты таксама выказалі занепакоенасць эскалацыяй рэпрэсій у Беларусі, якая таксама закранула польскую нацыянальную меншасць і прывяла да арышту Анжалікі Борыс, Анджэя Пачобута, Ганны Панішэўскай, Марыі Цішкоўскай і Ірэны Бярнацкай.

«Маштабы і інтэнсіўнасць рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, якія ахапілі Беларусь пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 года, патрабуюць салідарнасці і рашучых дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці», — падкрэсліваецца ў прынятым дакуменце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: