Сем мільёнаў аўтаматаў

Магчыма, Лукашэнка хоча з дапамогай народнага апалчэння адбіцца ад верагоднай расійскай агрэсіі. Бо ці можна давяраць войску, якое скалынаюць скандалы кшталту «справы Коржыча»?


«Калі ў нас будзе дастаткова стралковай зброі — аўтаматы, пісталеты, кулямёты і боепрыпасы да іх — не дай Бог вайна, мы раздадзім у кожную сям’ю. І мы будзем абараняць сваю тэрыторыю ўсімі... Ну, дзяцей давайце выведзем. Старыя і нават жанчыны, сем мільёнаў чалавек — сем мільёнаў атрымаюць зброю, каб яны маглі абараняцца», — гэты пасаж Лукашэнкі выклікаў фурор у айчыннай грамадскасці.

На палігоне ў Івацэвіцкім раёне кіраўнік краіны выказаў яшчэ шмат цікавых думак. Напрыклад, пра важнасць сіл спецыяльных аперацый, пра высокадакладныя ракеты, якія трапяць ворагу «ў фортку», і гэтак далей. Выснова ж гэтага спіча — прынамсі, для генералітэту — павінна быць даволі сумнай.

Калі Лукашэнка гатовы паставіць «пад ружжо» нават старых і жанчын, значыць, на беларускую армію ў плане абароназдольнасці ён не разлічвае. Сапраўды, ці можна давяраць войску, якое скаланаюць скандалы кшталту «справы Коржыча»? Прычым усім зразумела, што «справа Коржыча» — толькі вяршыня айсберга. Пасля яе на паверхню выплылі яшчэ некалькі падобных выпадкаў. А колькі яшчэ было схавана за мурамі вайсковых частак і ў тэчках ваеннай пракуратуры?

Не факт, што нашае войска ў выпадку агрэсіі будзе здольнае не тое што краіну абараніць. Шарагоўцы, атрымаўшы баявую зброю, могуць пачаць страляць не ў ворага, а ў тых, каго лічаць ворагамі яны, — у «дзядоў» і малодшых афіцэраў, якія доўгі час іх «кашмарылі». Гэта — лагічны працяг «дзедаўшчыны», і такія выпадкі былі нават у мірны час.

Але і заявы пра сем мільёнаў адзінак зброі — таксама даволі спрэчныя. Па-першае, варта было б правесці яе масавую інвентарызацыю. Яшчэ на слыху скандал (зноў на адрас арміі), калі афіцэр адной з вайсковых частак выносіў зброю проста ў торбах ды прадаваў, каб разлічыцца з пазыкамі. Колькі ў нас такіх афіцэраў? І колькі засталося зброі насамрэч?

Па-другое, мала «раздаць усім зброю». Трэба, каб гэтай зброяй людзі ўмелі карыстацца. Канешне, за савецкім часам кожнага хлопца вучылі збі­раць-разбіраць аўтамат Калашнікава, але сістэма адукацыі з таго часу яўна змянілася.

Па-трэцяе, і самае галоўнае, — ці будуць беларусы сыходзіць у партызаны, як гэта было ў мінулым?

Вайна змянілася. Раней ваявалі за рэсурсы, тэрыторыю і жыццёвую прастору. Калі з рэсурсамі і тэрыторыяй і зараз усё ў парадку, то жыццёвая прастора ўжо нікога не ціка­віць. Напрыклад, «адшчэпленыя» Расіяй Абхазія, Паўднёвая Асеція, Данбас і Крым варацца ва ўласных соках. Яны нецікавыя нават Расіі.

А таму ніхто не будзе масава знішчаць насельніцтва, паліць вёскі і дэпартаваць людзей, як гэта было ў часы Другой сусветнай вайны. Проста прыйдзе новая адміністрацыя і павесіць над дзяржаўным будынкам новы сцяг.

Да змены адміністрацый і сцягоў беларусы прызвычаіліся. А ва ўмовах адсутнасці яўных рэпрэсій з боку новай адміністрацыі ісці партызаніць — ніякай нагоды. Няма за што змагацца.

Даволі яскравай ілюстрацыяй гэтага ёсць праблема стварэння «войскаў тэрытарыяльнай абароны». Мы пра іх шмат чулі рознага — і нічога канкрэтнага. Ці створаныя яны? Як будуць дзейнічаць? Чым займацца? На якой стадыі падрыхтоўка? Адным з «найважнейшых дасягненняў» гэтых войскаў у 2017 годзе начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Сяргей Дудко назваў удзел гэтых войскаў у… парадзе на Дзень незалежнасці! Што за «пацешнае войска»?

Змагацца са зброяй у руках супраць захопнікаў будуць толькі актыўныя адзінкі. Але, да жалю кіраўніка краіны, гэтыя асобы знаходзяцца ад яго па іншы бок барыкад. Гэта, напрыклад, Мікалай Статкевіч, які зусім нядаўна абвясціў, што ён гатовы і да гвалтоўнага супраціву ў выпадку паглынання Беларусі Расіяй. Гэта хлопцы з «Белага легіёну», якіх прасавалі за патрыятызм. Не ведаю, ці возьмуцца за зброю фігуранты і фігуранткі «справы БелТА», але яны змагаюцца і зараз: я неаднаразова казаў і паўтаруся, што іх праца — важны складнік інфармацыйнай бяспекі.

Гэтым людзям дзейсны кіраўнік Беларусі раздасць зброю? Не думаю. А больш раздаць, падаецца, і няма каму…

Вынікае, што словы Лукашэнкі пра «зброю ў кожным доме» былі разлічаныя яўна не на беларусаў. Размова таксама не ідзе і пра пагрозу NATO. Менавіта ў расійскіх СМІ апошнім часам гучаць тэзы пра «паглынанне Беларусі», нават праз вайсковы сцэнар. І, як адзін з першых крокаў паглынання, эксперты разглядваюць стварэнне ў Беларусі паўнавартаснай расійскай вайсковай базы.

Магчыма, Лукашэнка хоча адбіцца менавіта ад гэтага — ад стварэння ў Беларусі расійскага вайсковага аб’екта. Маўляў, навошта нам ён, мы і самі ў стане абараніць сябе ад любой знешняй агрэсіі. І не трэба нам тут чужаземных салдат.

І ў гэтым плане абсалютна лагічнай з’яўляецца і другая яго фраза, сказаная на тым жа палігоне, і над якой ламаюць галовы аналітыкі: «Нават на Расію мы не можам на сто працэнтаў разлічваць». А калі не можам разлічваць — навошта тая база?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксандр
  • 2018-10-19 14:57:45
Думаю, што здраднікаў "русскомирских" ў нашым войску вельмі шмат-і яны нават не хаваюць сваіх перакананняў.

Каментаваць