Севярынец пра праймерыз: Адбылося махлярства

Сустрашыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, які спыніў свой удзел у праймерыз па выбары адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары 2020 года ад апазіцыі, патлумачыў, чаму выйшаў з кампаніі.
Пра гэта палітык напісаў у сваім Фэйсбуку.


«Праймерыз задумваліся як свабодныя і справядлівыя народныя выбары, дзе людзі выбіраюць альтэрнатыву рэжыму.

Выбары без маніпуляцыяў і фальсіфікацыяў.

Калі ў Драгічыне, Пінску, Століне дзясяткі арганізаваных райвыканкамамі лукашэнкаўскіх чыноўнікаў і службоўцаў па ўказцы пачалі рэгістравацца і ўкідваць бюлетэні за аднаго з кандыдатаў (няважна, якога) — адбылася менавіта фальсіфікацыя і арганізаванае махлярства.

Адбылося тое самае, чым яны займаюцца на "выбарах" Ярмошынай. Укідваюць столькі, каб забяспечыць перамогу аднаго з прэтэндэнтаў.

Няўжо гэта не зразумела?

У папярэдніх гарадах на Віцебшчыне 1-2 чыноўнікі прыходзілі "на разведку". Пасля Берасця, дзе поўная зала крычала "Лукашэнка, сыходзь!" так, што сцены трэсліся, яны ўключылі сваю машыну фальсіфікацыяў.

Мы маем прозвішчы і доказы, блогеры і незалежныя медыі публікуюць цэлыя гісторыі.

Гэта не свабоднае галасаванне. Дзяржаўным службоўцам загадваюць галасаваць так, а не інакш. Нават не таемнае галасаванне. У Століне начальства не таілася, пры людзях паказвалі падначаленым, за якога кандыдата галачку ставіць.

Гэта не волевыяўленне. Гэта — масавая фальсіфікацыя.

"Яны ж таксама народ". "Яны маюць права". "А якая розніца, за каго яны галасуюць"...

Людзі, вы што?!

Па форме правільна, па сутнасці — здзек, як казаў адзін класік.

На штабе кампаніі мяне агаломшыла адна рэч. Прадстаўнікі большасці апазіцыйных партыяў хорам даказвалі мне: "Няхай галасуюць! Мы ж дамовіліся, што падтрымаем любога з пяці. Выберуць жа яны з нас!"

Прыплылі.

Калі мы згаджаемся, каб Лукашэнка, а не народ, выбіраў з нашых шэрагаў зручнага для сябе спарынг-партнёра — гэта не народнае галасаванне. Гэта атрымліваецца конкурс прыгажосці апазіцыянераў, дзе журы ўзначальвае Лукашэнка.

Хачу верыць, што прамой змовы не было. Хачу верыць, што райвыканкамы не каардынавалі сваю яўку ні з кім з прэтэндэнтаў. Проста прыкідвалі патэнцыял апазіцыі ў тым ці іншым раёне і мабілізавалі 10, 20 ці 30 "сваіх".

Але тое, як дапамогу Лукашэнкі прынялі — мяне ўразіла.

Такая сабе змова па змаўчанні. Разам з уладай адбракаваць суперніка, канкурэнта, "нязручнага", "занадта радыкальнага". Народ "занадта радыкальнага" падтрымлівае, і ён набірае больш, чым астатнія, разам узятыя? Тым горш для народа.

Што можна было зрабіць у адказ?

Можна было абвесціць усеагульную мабілізацыю прыхільнікаў: Людзі! Нас жа больш, чым райвыканкамаўскіх ці БРСМа! Прыходзім і галасуем! Праймерыз ператвараюцца ў масавыя мірныя сходы і нават акцыі пратэсту.

Але на той момант, калі гэта стала ясна, пандэмія каронавіруса закрыла такі шлях. Сустрэчы адмяняюцца. Масавыя пратэсты пад пытаннем. Пандэміі мы не маглі прадугледзець.

Можна было б на штабе кампаніі распрацаваць фільтры для недапушчэння фальсіфікацыяў.

Якое там. "Хай галасуюць далей!"

У такіх варунках удзельнічаць у кампаніі далей ня мела сэнсу. Чакаць, пакуль райвыканкамы, БРСМ ды ідэолагі ўсыплюць патрэбную колькасць галасоў у скрыні ці праз інтэрнэт, а калегі папляскаюць у ладкі?

Пра БХД. Пакуль дзейнічае папярэдняе, студзеньскае рашэнне Нацыянальнай рады БХД пра ўдзел партыі — сябры партыі могуць самастойна вырашаць, удзельнічаць ім ці не ўдзельнічаць. Зразумела, што мая каманда (а гэта пераважная большасць хрысціянскіх дэмакратаў) удзельнічаць далей у праймерыз не будзе.

Адначасова я не лічу патрэбным абавязваць усіх партыйцаў выходзіць з усіх працэдураў (не хапала сварыцца яшчэ і на гэты конт).

Што далей?

Змаганне працягваецца. Каронавірус блытае планы не толькі нам, але і Лукашэнку, і Расіі».

Чытайце таксама: Канец праймерыз?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: