Севярынец пра візіт дэлегацыі Сенату Польшчы: «Гэта здрада ідэалам дэмакратыі»

«На мой погляд, гэта найгоршае праяўленне real politic. Легітымізаваць такім чынам рэжым Лукашэнкі не ў інтарэсах еўрапейскіх парламентарыяў», — упэўнены Павал Севярынец.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі ў каментары “Радыё Свабода” адмоўна ацанілі планы спікера Сенату Польшчы Станіслава Карчэўскага сустрэцца са старшынёй Савету Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам падчас свайго візіту ў Мінск.

Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч лічыць, што наведванне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі — гэта надта вялікі аванс беларускім парламентарыям ад польскага боку.

 

Юрась Губарэвіч

«З боку Польшчы найбольш інтэнсіўныя стасункі — з афіцыйнай уладай, прычым не толькі выканаўчай, але тым, што можна называць беларускім парламентам. Падобныя кантакты пачаліся задоўга да правядзення апошніх парламенцкіх выбараў. Можна па-рознаму ацэньваць тое, чым кіруюцца польскія ўлады. Мая асабістая думка — прызнанне беларускай Палаты прадстаўнікоў і сустрэчы на такім узроўні не прывядуць да паскарэння дэмакратычных працэсаў у Беларусі, бо гэта занадта вялікі аванс для дэкаратыўнага органу дзяржаўнай улады Беларусі, які ня быў абраны на свабодных выбарах», — кажа ён.

Сустаршыня аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец лічыць, што візіт Станіслава Карчэўскага можна назваць «прарывам», але ў адмоўным сэнсе:

«Так званы беларускі парламент не абраны на свабодных і справядлівых выбарах. Выбараў няма, і гэта, безумоўна, праблема польскага боку, калі высокія парламенцкія кіраўнікі ставяць на адзін узровень з сабой прызначаных псеўдапарламентарыяў. На мой погляд, гэта найгоршае праяўленне real politic. Легітымізаваць такім чынам рэжым Лукашэнкі не ў інтарэсах еўрапейскіх парламентарыяў, не ў інтарэсах Польшчы. Мы адкрыта польскім парламентарыям кажам, што гэта не выбраныя, а прызначаныя людзі, і заўтра мы гэтую пазіцыю таксама данясём. Вядома, Польшча мае права выстройваць сваю палітыку так, як лічыць патрэбным, але, на наш погляд, гэта здрада ідэалам дэмакратыі», — упэўнены ён.

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі павінны сустрэцца з польскай дэлегацыяй заўтра, а 8-й раніцы.

www.svaboda.org

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: