Схіленне да капітуляцыі

Супраць беларускіх уладаў разгортваецца самая натуральная інфавайна


Апошнім часам расійскія сродкі масавай прапаганды надалі Беларусі столькі ўвагі, колькі не надавалі за мінулы год. Пачалося, канешне, з інфармацыі «Незагыря» пра нібыта інсульт у Лукашэнкі. Але гэтая хваля ўсё не заціхае.

Услед за «інсультавымі» інсінуацыямі пачаліся (зноў жа — у расійскіх СМІ) разважанні: хто можа быць кіраўніком Беларусі ў выніку будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якім чынам магчымая ў нашай краіне «перадача ўлады» — карацей, тая ж варажба на кававай гушчы, якая ў нас здараецца штораз перад выбарамі. Толькі ў Расіі гэта адбываецца на больш высокім узроўні. Варта зазначыць, што некаторыя іх эксперты ўжо асцярожна выказваюцца — час Лукашэнку сысці на заслужаны адпачынак.

Асобнае месца ў гэтых развагах займае фігура імавернага будучага новага пасла Расіі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Аляксандр Сурыкаў сядзіць тут ужо 10 гадоў, дый яму 77 — час на пенсію, нават з улікам расійскага падвышэння пенсійнага ўзросту. Зразумела, Масква жадае змяніць яго на больш энергічную фігуру. Але Бабіч — выключны «сілавік», працаваў у КДБ, ФСБ, быў прэм’ерам Чачні ў час вайны, сябра расійскага Саўбезу (з-за чаго ад такога пасла адмовілася Украіна). А яшчэ прайшла чутка, што Бабіч можа быць спецыяльным прадстаўніком Пуціна ў Беларусі. З такімі «спецпрадстаўнікамі» вельмі шчыльна знаёмая Украіна — паслы Расіі Чарнамырдзін і Зурабаў ва Украіне ў свой час мелі менавіта такі статус. У выніку нашая паўднёвая суседка атрымала Данбас і «рускую вясну».

Складваецца ўражанне, што Масква ўжо не проста зандуе глебу наконт таго, што будзе з Мінскам пасля Аляксандра Лукашэнкі. А прапрацоўваюцца сцэнары па мажлівасці спакойнай перадачы ўлады каму-небудзь больш прадказальнаму і найбольш прарасійскаму.

«Вішанькай на торце» апынулася паведамленне Reuters пра тое, што Расія прыпыняе прадстаўленне Беларусі крэдытаў і мае намер абмежаваць бяспошлінныя пастаўкі нафтапрадуктаў і звадкаванага газу (СУГ) з чацвёртага квартала 2018 года. Пры гэтым інфармацыйны гігант спасылаўся на пратакол зменаў да двухбаковага міжурадавага пагаднення і тлумачальную запіску да яго нашага «Белнафтахіма».

Пазней гэтае паведамленне зняпраўдзіла расійскае Міністэрства фінансаў. Маўляў, усё ідзе згодна з планам: крэдыт на АЭС выдаецца, праца над далейшымі траншамі грашовых уліванняў ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця вядзецца, дакументы да новага крэдыту рыхтуюцца. Але Reuters — не тая кантора, якую проста так можна выкарыстоўваць для «зліву» інфармацыі. А, падаецца, менавіта гэта і адбылося — спроба паказаць беларускаму кіраўніцтву, як лёгка пусціць яго на дно.

І да ўсяго гэтага дадаюцца не вельмі зразумелыя паводзіны кіраўніка Беларусі. Мы ўжо даволі даўно звыклі, што Аляксандр Рыгоравіч «палюе» на Пуціна недзе ў Сочы, каб сустрэцца з ім сам-насам і павырашаць пытанні. Але зараз ролі змяніліся! Яшчэ 23 чэрвеня Пуцін запрасіў Лукашэнку на сустрэчу, а той… ужо амаль месяц адмаўляецца ехаць!

Раней Лукашэнка імкнуўся сустрэцца з кіраўніком Расіі нават тады, калі, нібыта, не было паміж краінамі праблемных пытанняў. Зараз такія пытанні відавочныя. У 2020-м заканчваецца тэрмін дзеяння дамовы па існуючых у Беларусі расійскіх вайсковых аб’ектах — станцыі сувязі ВМФ РФ пад Вілейкай і РЛС пад Ганцавічамі. Незразумелая пазіцыя Беларусі ў дачыненні да новага пасла. Расійскі «падатковы манеўр» наконт карысных выкапняў, у выніку чаго Беларусь можа страчваць да 2 мільярдаў долараў на год. І іншае, іншае, іншае. Падаецца, менавіта зараз кіраўнікам краін ёсць што абмеркаваць. Але, падобна на тое, што ўхіляецца ад сустрэчы менавіта беларускі правадыр.

Цікава, што «справа БелТА» ўзнікла менавіта ў час гэтай расійскай «інфармацыйнай артпадрыхтоўкі». Асноўныя яе фігуранты — tut.by і БелаПАН, з’яўляюцца не проста найбуйнейшымі недзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Менавіта яны са сваёй прабеларускай (не будзем забывацца, што менавіта гэтыя структуры былі галоўнымі інфармацыйнымі партнёрамі і спонсарамі святкавання 100-годдзя БНР) і прадзяржаўніцкай (не блытаць з праўладнай!) пазіцыяй маглі б стаць у першых шэрагах змагання з інфармацыйнымі атакамі. І яны б гэта, я ўпэўнены, зрабілі б. Але іх працу паспрабавалі спаралізаваць. Вой, не там Аляксандр Рыгоравіч у свой час шукаў «пятую калону»!

Відавочна, што Лукашэнку падчас асабістай сустрэчы з Пуціным прыйдзецца цяжка. Нейкіх магутных козыраў для гандлю ў Лукашэнкі зараз проста няма. Можа быць, беларускі кіраўнік вытрымлівае паўзу ў спадзяванні, што яны з’явяцца. Але гэтая паўза — гульня ў абодва бакі. Яна адначасова дае і новыя магчымасці для новых інфармацыйных атак.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Dux
  • 2018-08-23 09:50:18
З "23 чэрвеня" мiнулi роўна 2 месяцы, а не "ужо амаль месяц"!
  • Рэд.
  • 2018-08-23 10:07:51
У гэтым і перавага друкаванай газеты: многія матэрыялы з'яўляюцца там раней, чым на сайце. І гэты - у тым ліку. Але ж тэма сваёй актуальнасці не згубіла.