Сілавыя выбары ці «аксамітны тэрор»

«Глыбокі недавер і незадаволенасць цяперашнім прэзідэнтам, што аформілася ў рэвалюцыйныя настроі, стала шокам для ўсёй сістэмы», — беларускі палітолаг і аналітык, доктар палітычных навук Павел Усаў разважае на «Белсаце» пра выбары.

Чарга, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

Палітычная сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю ўладаў, і Лукашэнка не чакаючы дня галасавання, вырашыў цалкам згарнуць выбарчую кампанію. Аб адмене выбараў гаворкі пакуль не ідзе, проста дзеючы кіраўнік дзяржавы проста перапрызначыць сябе з дапамогай папярэдніх рэпрэсій супраць сваіх апанентаў.

Нечакана для ўсіх, перш за ўсё для Лукашэнкі і ягонага атачэння, пратэст або «падпісная рэвалюцыя», адбыўся раней, чым самі выбары. У гісторыі Беларусі менавіта выбары станавіліся штуршком для масавых пратэстаў, а ў цяперашні момант атрымалася так, што выхад людзей на вуліцы мог бы стаць штуршком для правядзення больш-менш сапраўдных выбараў.

Шмат у чым тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, — гэта вынік нават не эканамічных цяжкасцяў, не агульных праблем з каронавірусам, а банальнае бытавое палітычнае хамства і непавага кіраўніка дзяржавы і яго атачэння да суграмадзян.

Непавага змешваецца з хлуснёй і паказушнасцю. Людзям нахабна хлусяць і хамяць, хамяць і хлусяць, а потым урачыста гоняць на суботнікі і парады. Лукашэнка з упартай метадычнасцю сам «забіваў» свой электарат на працягу апошніх месяцаў. І цяпер, замест таго, каб знізіць градус раздражнення ў грамадстве, улады з дапамогай «пулаў», СБ, БТ, рэдактараў, «экспертаў», правакатараў і правакацый працягваюць адкрыта дэманстраваць непавагу і хамства ў адносінах да простых грамадзян.

Разам з тым насельніцтва ўбачыла палітычную альтэрнатыву, за якую пачало галасаваць з дапамогай бяспечнага выхаду на вуліцы ў рамках збору подпісаў. Голас грамадзян, які ціха кралі на выбарчых участках, матэрыялізаваўся, і Лукашэнка зразумеў, што прайграў. Пры захаванні такога тэмпу выбарчага ўздыму, плошчы і сутыкненняў не пазбегнуць, а значыць і вялікая пагроза поўнай ізаляцыі і страты ўлады.

 

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum 

Таму гульня ў выбары, з захаваннем фасаднай дэмакратычнасці і галоснасці стала бессэнсоўнай і небяспечнай, пра што кіраўнік Беларусі наўпрост заявіў: «Запомніце вы і ўсе, хто мяне пачуе: краіну яны не атрымаюць».

Улады ўжо пачалі зачыстку палітычнай прасторы і стэрылізацыі выбараў. Вулічныя зборы подпісаў будуць дэманстратыўна разганяцца, актывісты арыштоўвацца (што ўжо мае месца). Таксама пачалася падрыхтоўка да таго, што з дыстанцыі будуць прыбраныя ўсе кандыдаты, перш за ўсё Святлана Ціханоўская, якія ў той ці іншай ступені могуць агрэгаваць незадаволенасць і захаваць вулічную актыўнасць, у тым ліку Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала. Не варта выключаць і рэпрэсій супраць іх, прынамсі, пагрозы ў іх адрас з боку Лукашэнкі ўжо прагучалі. У сваю чаргу, у ролі альтэрнатыўных, але абсалютна бяспечных кандыдатаў могуць выступіць: Наталля Кісель, Ганна Канапацкая, Сяргей Чарачэнь, Андрэй Дзмітрыеў.

Разам з тым відавочны перадвыбарчы правал Лукашэнкі паказаў, што паступова адбываецца разбурэнне сістэмы, дэлегітымізацыя рэжыму, адзінай апорай якога становіцца грубая сіла і рэпрэсіі.

Нават калі хваля падпіснога пратэсту пойдзе на спад, грамадства ўжо не вернецца ў рамкі татальнай палітычнай апатыі і падпарадкавання. Таму, Беларусь чакае перыяд «аксамітнага тэрору», які наўрад ці паслабне да канца кіравання Лукашэнкі і, верагодна, закране ўсе аспекты нашага жыцця. У чым сутнасць «аксамітнага тэрору».

1.      Краіна вернецца ў даінфармацыйную эпоху, г. зн. адбудзецца поўная зачыстка інфапрасторы ад альтэрнатыўных СМІ, блогераў, тэлеграмераў і іншых медыя-актывістаў; улады ўжо забаранілі праводзіць апытанні на старонках інтэрнэт-выданняў. Будуць уведзены штрафы (арышты) за пасты і рэпост, звязаныя з крытыкай улады;

2.      Канчатковае рашэнне апазіцыйнага пытання (нават да закрыцця партый) з мэтай ліквідацыі самой ідэі альтэрнатывы;

3.      Замарозка нацыянальнага культурнага жыцця, якое таксама генеруе і развівае ідэю альтэрнатывы. Узмоцненая рэсаветызацыя культурна-сімвалічнай прасторы;

4.      Маштабная палітызацыя школы і ВНУ;

5.      Пашырэнне дзяржаўнага кантролю ў эканоміцы і рэпрэсіі ў дачыненні да малога і сярэдняга бізнесу;

6.      Паказальныя рэпрэсіі ў дачыненні да чыноўнікаў, якія выказалі хоць найменшую нелаяльнасць у перыяд цяперашняй кампаніі.

 

Раман Галоўчанка. Фота БелТА 

Прызначэнне новага прэм’ера Рамана Галоўчанкі з’яўляецца таму прамым пацверджанне. Галоўчанку можна аднесці да сілавога, а не да наменклатурнага (эканамічнага) блоку. Ён блізкі як да Віктара Шэймана, так і Віктарі Лукашэнкі (апошні курыруе сілавыя структуры ў краіне). Відавочна, што галоўная задача новага ўрада і прэм’ера — палітычная, а не эканамічная. Урад ператворыцца ў рэпрэсіўны орган, які павінен будзе ўтрымаць эканамічную стабільнасць у краіне ў перыяд выбарчай кампаніі і пасля яе. Пачынаецца перыяд контррэформаў, замарозкі эканомікі, панавання дзяржсектара, адміністрацыйнага кіравання і кантролю эканамічнай сістэмы.

 

Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»



У бліжэйшыя тыдні краіна можа ператварыцца ў асаджаную крэпасць. Вядома, калі ва ўладаў не атрымаецца забяспечыць сілавое суправаджэнне выбарчага працэсу і сітуацыя ў краіне будзе абвастрацца, то Лукашэнка пойдзе на адмену выбараў. Але ў гэтых умовах наступіць поўны крах легітымнасці кіраўніка дзяржавы, а сістэма вельмі хутка выдаткуе свае рэсурсы, што прывядзе да яе разбурэння.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: