Сістэма парадоксаў

Ведаеце, што мяне заўсёды здзіўляе ў людзях? Тое, як працуе іх памяць. Тое, што было 25 гадоў таму, згадваюць з настальгіяй: «Які харошы быў СССР!» А вось тое, што было гады таму два-тры — таямніца пад покрывам ночы.

Вось, напрыклад, злётаў Аляксандр Рыгоравіч у Індыю. Як звычайна, прывёз мемарандум. Мемарандум пра пастаўкі ў Індыю чатырох мільёнаў тон калійных угнаенняў у 2018–2023 гадах. Добрая, падаецца, справа — ледзьве не прарыў, праўда? Пра гэта з захапленнем разважала па БТ кіраўніца Беларускай калійнай кампаніі Алена Кудравец.

Але, па-першае, мемарандум — гэта не кантракт. Памятаеце, як усе забыліся на Будапешцкі мемарандум пасля ўварвання войскаў Расіі ва Украіну? Мемарандум з Індыяй не такі маштабны, і калі пра яго забудуцца, то пералякнецца хіба толькі пара-тройка спецыялістаў.

Што да аб’ёмаў, то 4 мільёны тон — гэта крута. Але гэтыя мільёны расцягнутыя на пяць гадоў, і ў сярэднім у год атрымліваецца 800 тысяч тон. Гэта таксама было б добра, калі б не было так сумна. Таму што ў лістападзе 2015 года інтэрнэт-часопіс «Ежедневник» пісаў, цытую: «У студзені-жніўні 2015 года нашай краінай пастаўлена ў Індыю 751,2 тысячы тон хлорыстага калію». То бок, аб’ём, які мы пастаўлялі два гады таму за шэсць месяцаў, зараз нам прапанавана пастаўляць за год. Ну і дзе тут прарыў? Ніякага прарыву, апроч высновы, што наш экспарт калійных угнаенняў у Індыю за два гады зваліўся роўненька ўдвая.

Але ёсць і аптымістычныя навіны, як ні дзіўна, са свету крыміналу. Двое небаракаў спрабавалі скрасці з прыватнага прадпрыемства ўнікальны беларускі рэцэпт вытворчасці фарбаў для дарожнага пакрыцця.

За рэцэпт жыхар Мінска быў гатовы заплаціць пяць тысяч долараў. Ён скантактаваўся з двума працоўнымі гэтага прадпрыемства, якія звярнуліся да начальніка цэха па вытворчасці фарбаў і прапанавалі «раскрыць таямніцу залатога ключыка», якая складае камерцыйную тайну. Той, бачна, не пагадзіўся, і зараз трое аматараў фарбы абвінавачваюцца па артыкуле «камерцыйны шпіянаж».

Па словах аператыўнікаў, затрыманы мог быць толькі пасярэднікам, пры гэтым «замовілі» тэхналагічную карту кампаніі з Расіі. Фарба, якую вырабляюць беларусы, сёння лідар на рынку дарожных работ па якасці і цане, таму і ідзе паляванне за рэцэптам.

Аптымістычная навіна таму, што ў нас, аказваецца, яшчэ ёсць што красці. Песімістычная навіна — не ўмеюць нашы людзі шпіёніць. Калі б «жыхар Мінску» без пасярэднікаў паставіў бы «начальніку цэха па вытворчасці фарбаў» пару пляшак і паразмаўляў бы па душах — я ўпэўнены, той бы і без аплаты ўсё распавёў. А за пяць тысяч долараў — яшчэ б і запісаў.

Таму што пяць тысяч на дарозе не валяюцца. У Пінску трое настаўнікаў за здачу іспытаў і залікаў бралі са студэнтаў прадуктамі — на агульную суму ўсяго ў 268 рублёў 11 капеек. Атрымалі па тры-чатыры гады — з адтэрміноўкай адбыцця пакарання, але з канфіскацыяй маёмасці. А тут — аж пяць тысяч, і не рублёў…

Сапраўды, навошта нам тая фарба? Усё роўна дарожны збор ідзе немаведама куды. На дарогі скардзяцца ўсе. Нават пад Мінскам, у напаўэлітным пасёлку Гатава некаторыя мясцовыя жыхары памянялі свае легкавікі на джыпы — бо інакш праехаць па тых «дарогах» немагчыма, асабліва пасля дажджу. Чыноўнікі, якія ператварылі Гатава з 2010 года ў аграгарадок, тлумачаць — на дарогу грошай не хапіла. І кажуць людзям, каб… будавалі дарогу за свае грошы!

А як жа двайны падатак? Як акцыз на бензін, што замяніў у свой час дарожны збор? І як узноўлены дарожны збор — і ў той жа час не адменены акцыз на бензін? Аўтааматары два разы плацяць за адны і тыя ж дарогі, а іх месцамі ўсё роўна няма.

І, канешне ж, дададуць у гэтыя спрэчкі паліва нашы любыя расійска-беларускія вучэнні «Захад–2017». Таму што вайсковая тэхніка будзе ездзіць па беларускіх дарогах, пераважна вясковых. Там і без таго дарогі не вельмі добрыя, а пасля праходу танкаў ды артылерыі іх не будзе ўвогуле. І зноў мы будзем чуць скаргі на дарогі, зноў будуць запыты: «Дзе наш дарожны збор?» А ў выніку — дарожны збор з’елі танкі.

Цікава, пры складанні каштарысу вучэнняў хто-небудзь улічваў гэтую графу выдаткаў — на аднаўленне дарог? Ці падлічваў нехта страчаную выгаду жыхароў бліжэйшых да палігонаў вёсак, якім забаранілі хадзіць у мясцовыя лясы па грыбы? А грыбы сёлета так і пруць!

Яшчэ з прыемнага. Па падліках Белстата, у жніўні 2017 года цэны ў Беларусі зменшыліся на 0,8%, у ліпені яны таксама падалі — на сімвалічныя 0,1%. Адзін эканамічны блогер у Фэйсбуку назваў гэта «гістарычнай падзеяй». «Справа ў тым, што дэфляцыі два месяцы запар у Беларусі не было. Ні разу. З 1991 года. Больш за тое, нават у двух асобных месяцах не было ні разу з 91 года. Аднак…» — напісаў Dim Iva.

Але ў стужцы навінаў побач з допісам гэтага блогера — безліч фотаздымкаў грыбоў, садавіны і бульбы, вырашчаных нашымі грамадзянамі на сваіх лецішчах. І нешта мне падказвае, што цэны ў Беларусі падаюць не таму, што ў нас эканоміка ўзрастае, а таму, што людзі прадукты папросту не набываюць. Па-першае, самі ўсё вырасцілі, і працягваюць збіраць ураджай, а па-другое, папросту няма за што іх набываць. Таму што заробак, нібыта, расце… А вось такі паказчык, як «рэальныя грашовыя даходы насельніцтва» — той жа заробак, але з вылікам падаткаў, збораў і з улікам інфляцыі — працягвае падаць…

І, нарэшце, цікавая навіна з-за бугра. Еўрапейскі саюз выдзеліць 120 мільёнаў еўра на стварэнне сеткі бясплатных кропак Wi-Fi на ўсёй тэрыторыі. Тэрміналы бесправаднога інтэрнэту павінны з’явіцца ў 6–8 тысячах еўрапейскіх населеных пунктах, у прыватнасці ў парках, бальніцах, музеях, школах, а таксама ў грамадскім транспарце. За прыняцце праграмы «wifi4eu» у аўторак, 12 верасня, прагаласаваў Еўрапарламент на пасяджэнні ў Страсбургу.

Мэта праграмы — ахапіць інтэрнэтам перш за ўсё маланаселеныя рэгіёны. Пры гэтым выкарыстанне бясплатнага інтэрнэту для грамадзян будзе максімальна простым. Дастаткова будзе толькі адзін раз зарэгістравацца — і затым карыстацца кропкамі «wifi4eu» па ўсім ЕС.

Па планах, тэрміналы бесправаднога інтэрнэту ў рамках праграмы пачнуць працаваць у 2018 годзе. І гэта тое, што кожны можа «памацаць рукамі». А не статыстыка заробку, і не інфляцыя.



Каментаваць