На чым стаіць аўтарытарызм?

Артыкул 85 Канстытуцыі пазбаўляе Закон вялікай літары і ператварае яго ў той самы дышаль, які можна паварочваць у любы бок, было б жаданне. Але не варта думаць, што правам адвольна абыходзіцца з законам надзелены толькі адзін чалавек у краіне, як не варта кідацца і ў процілеглую крайнасць, надзяляючы такім правам усіх пагалоўна.


«Няма ў свеце дасканаласці!» — уздыхнуў Ліс, калі даведаўся, што на планеце Маленькага прынца, дзе няма паляўнічых, няма і кураў. Такая рэальнасць. Такая праўда жыцця. «Рыба гніе з галавы, але чысцяць яе з хваста». «Гучней за ўсіх крычыць «трымайце злодзея» сам злодзей».

Спіс несправядлівасцяў, адлітых у граніце прыказак, можна лёгка працягнуць, але можна зрабіць прасцей — і пайсці ад жыцця: «Але я катэгарычна супраць, калі парушаецца закон. Там букет парушэнняў. Якія ж тут могуць быць паблажкі, калі вы парушаеце закон?» — сказаў той палітык, чые нарматыўныя акты 17 разоў былі прызнаныя Канстытуцыйным судом неканстытуцыйнымі цалкам або часткова.

Гэтую інфармацыю я ўзяў не са столі, а з паслання Канстытуцыйнага суда пра стан канстытуцыйнай законнасці ў краіне, падрыхтаванага ў лютым 1996-га — і столькі парушэнняў было зроблена ўсяго за паўтара года.

Над законам

Прынцып адноснасці руху быў сфармуляваны яшчэ Галілеа Галілеем. Адна з яго прыватных высноваў можа быць сфармуляваная наступным чынам: «Ніякімі досведамі немагчыма вызначыць, рухаецца палітык супраць плыні або плынь рухаецца супраць яго».

Многія эксперты мяркуюць, што ў «ліхія 90-я» праблема была не ў палітыцы, а ў плыні, якая ўзнікла на тэрыторыі самай савецкай рэспублікі пасля распаду СССР. З гэтым складана не пагадзіцца. Прынцып адноснасці руху справядлівы не толькі для асобных палітыкаў, але і для лакальных палітычных плыняў: яны могуць рухацца паралельна мэйнстрыму (краіны Балтыі, напрыклад), а могуць і пад любым вуглом да яго.

На думку большасці беларусаў, з «ліхасцю 90-х» трэба было змагацца з дапамогай моцнай прэзідэнцкай улады. Альтэрнатыўны варыянт — навядзенне парадку за кошт асабістай адказнасці кожнага — сур’ёзна не разглядаўся. Гэтым і тлумачыцца вынік першых і апошніх дэмакратычных выбараў у Беларусі ды нядоўгае жыццё прынятай у сакавіку 1994 года Канстытуцыі.

Сёння ў Беларусі па ініцыятыве таго, хто на працягу 26 гадоў дэманстраваў сваё грэбаванне базавымі прынцыпамі канстытуцыяналізму, стала модна разважаць пра неабходнасць канстытуцыйнай рэформы. На ініцыятыву адгукнуліся і палітычныя апаненты. Натуральна, яны пачалі казаць пра неабходнасць «вяртання да Канстытуцыі 1994 года» — гэта значыць, вяртання да той самай Канстытуцыя, якая, нібы картачны домік, разбурылася ад першага штуршку з боку «моцнага лідара».

Мае аднагодкі назіралі гэты штуршок 14 лістапада 1996 года ў прамым эфіры БТ, калі людзі ў цывільным выкінулі з памяшкання ЦВК яго старшыню Віктара Ганчара. Аналагічная доля спасцігла старшыню Вярхоўнага Савета Сямёна Шарэцкага з генеральным пракурорам Васілём Капітанам за кампанію, якія спрабавалі перашкодзіць самавольству «гаранта Канстытуцыі».

Такой была толькі адна кветка ў раскошным букеце парушэнняў. Далей ішлі суцэльныя паблажкі. Але рэферэндум 1996 года падвёў рысу пад самой магчымасцю кіраўніка дзяржавы парушаць закон, і зрабіў ён гэта метадам, звыклым для нашых «старэйшых братоў», — паставіў першую асобу дзяржавы над законам.

Дзякуй за шчырасць

Адкрываю артыкул 85 Канстытуцыі: «Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, прэзідэнт выдае дэкрэты, што маюць сілу законаў. Прэзідэнт непасрэдна або праз ствараемыя ім органы забяспечвае выкананне дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў».

Артыкул 85 — сучасная рэдакцыя парадоксу ўсёмагутнасці: «Ці можа Бог стварыць камень, які сам не здолее падняць?» На практыцы такога кшталту праблема ўзнікае кожны раз, калі палітычны інстытут, што атрымаў усю паўнату заканадаўчай улады, спрабуе рэгуляваць сябе.

Прыклад. 31 жніўня беларускія памежнікі не пусцілі ў краіну грамадзяніна РБ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Па словах самага галоўнага памежніка, зроблена гэта было на падставе інфармацыі «пра магчымасць (выдзелена. — С. Н.) наяўнасці ў Кандрусевіча не аднаго грамадзянства».

Дзякуй за шчырасць. Памежнікі дзейнічалі згодна з прынцыпам прапаршчыка з анекдота, што рашуча адмовіўся падумаць, перш чым зрабіць дзеянне. Але не варта людзей у пагонах рабіць крайнімі. Яны дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з 85-м артыкулам Канстытуцыі, які прадугледжвае абавязковую сілу ўсіх распараджэнняў самага галоўнага памежніка на тэрыторыі РБ.

Артыкул 85 пазбаўляе Закон вялікай літары і ператварае яго ў той самы дышаль, які можна паварочваць у любы бок, было б жаданне. Але не варта думаць, што правам адвольна абыходзіцца з законам надзелены толькі адзін чалавек у краіне, як не варта кідацца і ў процілеглую крайнасць, надзяляючы такім правам усіх пагалоўна.

Вытворным ад закона адноснасці руху з’яўляецца закон адноснасці дурня, згодна з якім кагнітыўныя здольнасці чалавека наўпрост залежаць ад яго месца ў іерархіі (я — начальнік, ты — дурань).

Сучаснік Аляксандра Пушкіна, яго цёзка шэф жандараў Аляксандр Бенкендорф у гутарцы з выдаўцом «Літаратурнай газеты» Антонам Дэльвігам адзначыў: «Законы ў нас пішуцца для падначаленых, а не для кіраўнікоў, і вы не маеце права ў тлумачэннях са мною імі апраўдвацца і на іх спасылацца».

Нягледзячы на тое, што Дэльвіг, па прызнанні Пушкіна, быў «сыном лени вдохновенной», двойчы тлумачыць яму сістэмаўтваральны прынцып аўтарытарных рэжымаў не давялося. Аднаго разу хапіла. Таму не варта крыўдзіцца на хлопцаў у балаклавах, што ў Царскасельскім ліцэі яны не навучаліся. Тое, што не даходзіць праз галаву, дойдзе праз азадак.

Самая складаная праца

85-ы артыкул Канстытуцыі — гэта смяротны прысуд палітыцы. Артыкул 3, які абвяшчае народ адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту, можа нервова паліць убаку. Зрэшты, як і артыкул 6, згодна з якім дзяржаўная ўлада ў Беларусі «ажыццяўляецца на аснове падзелу яе на заканадаўчую, выканаўчую і судовую».

Вось як сам спецыяліст па выданні дэкрэтаў, якія маюць сілу законаў, вызначае сваё месца ў сістэме падзелу ўладаў: «Ёсць судовая, заканадаўчая і выканаўчая галіны ўлады, над якімі (выдзелена. — С. Н.), па Канстытуцыі, стаіць прэзідэнт, які іх каардынуе, накіроўвае, “зводзіць”, “разводзіць” і гэтак далей»… Такая вось праца. Самая складаная, самая адказная ў краіне, пра што нам увесь час нагадваюць. Гэта вам не Амерыка. Тамтэйшы прэзідэнт «можа наогул нічога не вырашаць. Яго Кангрэс можа павязаць па руках і нагах, як гэта было з Трампам. Тузаўся-тузаўся, нешта хацеў зрабіць, тэрмін першы прайшоў — так нічога і не зрабіў. У гэтым яго і галоўная бяда». Небарака, адным словам. Ушануем яго прэзідэнцтва хвілінай маўчання.

Іншая ж справа — наш! Ён сам кожнага можа павязаць па руках і нагах, што рэгулярна і робіць. Нездарма ж Канстытуцыя паставіла яго над судовай уладай.

Ён жа ў рэжыме нон-стоп раздае ацэнкі ўсяму таму, што адбываецца як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта дзякуючы яму свет даведаўся, «што мы — канкурэнты сёння, канкурэнты заходнім краінам». Самі заходнія краіны пра гэта ні за што б не здагадаліся.

Гэтым, і толькі гэтым, тлумачыцца маніякальнае імкненне еўрапейцаў і амерыканцаў абараніцца ад беларускіх тавараў мытнымі пошлінамі. Інакш нашы станкі, кампутары і сродкі сувязі збанкрутавалі б тамтэйшых эплаў, інтэлаў ды іншых джэнераў мотарсаў.

Не, нездарма пытанне пра забарону рэкламнага слогана «Купляйце беларускае!» было цэнтральным на апошняй сустрэчы лідараў краін «Вялікай Сямёркі». Усім ім разам і кожнаму паасобку «не патрэбная мірная, спакойная Беларусь».

Час, калі савецкія стылягі на ноч клалі ў шклянку з падсалоджанай вадой жуйку, застаўся ў мінулым. Вектар гістарычнага развіцця разгарнуўся на 180, і цяпер ужо прасунутыя моднікі і модніцы на Захадзе гатовыя жаваць тое, што прапануюць ім майстры беларускага агітпрапа. Калі так пойдзе і далей, то айчынныя напрацоўкі ў сацыяльна-палітычнай сферы таксама пачнуць карыстацца попытам на загніваючым Захадзе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: